Кітай пачаў маштабныя вучэнні з баявою стралянінай каля Тайваню


З-за візіту на Тайвань спікеркі Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлоўсі народна-вызваленчае войска Кітаю пачало вучэнні з баявой стралянінаю каля Тайваню, паведамляе «Reuters».

Скрыншот з відэа. Крыніца: navideovidno/Telegram

Падчас візіту Нэнсі Пэлоўсі на Тайвань Кітай заявіў, што правядзе вайсковыя вучэнні ў шасці раёнах вакол востраву з 4 да 7 жніўня, на наступны дзень пасля заканчэння візіту 3 жніўня.

«У ходзе гэтых баявых вучэнняў задзеяныя шэсць значных тэрыторыяў вакол востраву. На працягу гэтага перыяду ўсе караблі і самалёты не павінны заходзіць у адпаведныя марскія зоны і паветраную прастору», – заявілі ў КНР.

Заяўленыя Кітаем зоны для вучэнняў месцяцца вакол Тайваню і месцамі перакрываюць участкі, якія Тайвань лічыць сваімі тэрытарыяльнымі водамі, у тым ліку паблізу партоў. Кіраўніцтва Тайваню абвінавачвае Кітай у фактычнай блакадзе востраву.

Мапа ваенных вучэнняў Кітаю вакол востраву Тайвань. Крыніца: xinhuanet.com

Візіт Нэнсі Пэлоўсі на Тайвань адбыўся 2–3 жніўня і агулам доўжыўся каля 20 гадзінаў. За гэты час яна правяла сустрэчу з кіраўніцай адміністрацыі востраву Цай Ін Ўэнь і наведала Заканадаўчы юань – аднапалатны заканадаўчы орган Тайваню. Прылёт спікеркі Палаты прадстаўнікоў ЗША – першы візіт амерыканскай афіцыйнай асобы такога ўзроўню за апошнія 25 гадоў.

У Кітаі гэты візіт расцэньваюць як грубае ўмяшанне ва ўнутраныя справы і замах на нацыянальны суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць КНР.

Палёт Пэлоўсі на Тайвань стаў самым адсочваным авіярэйсам у свеце. Да моманту прызямлення ў Тайбэі за яе самалётам сачылі больш за 708 000 чалавек ва ўсім свеце. А цягам сямі гадзінаў прынамсі за часткаю палёту рэйсу назіралі 2,92 мільёны асобаў.

Аналітыка
Чаму Тайвань стаў «парахавой бочкай» праз візіт Пэлоўсі і чым гэта можа скончыцца
2022.08.03 16:39

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў