Фактар Расеі. Чаму мы не перамаглі Лукашэнку

Каб адказаць на пытанне, чаму мы не перамаглі Лукашэнку ў дваццатым годзе, прапаную дзейнічаць метадам выключэння. Без чаго б Лукашэнка не мог выстаяць? Мне ўяўляецца відавочным, што гэта фактар Расеі. Гэта неабходная і дастатковая ўмова яго існавання. Прычым не толькі ў 2020, але і з пачатку праўлення.

Лукашэнка абапіраўся на РФ у сваёй перадвыбарнай праграме. Лукашэнка абапіраўся на РФ пры фальсіфікацыях у 1996-м, падпісанні антыбеларускай дамовы аб Саюзнай дзяржаве ў 2000-м, пры рэпрэсіях 2010-х і тэроры 2020-га. РФ – адзіная крыніца грошай і ўлады Лукашэнкі. Пуцінская Расея – гэта эканамічная апора Лукашэнкі. Пуцінская Расея – гэта ваенная апора Лукашэнкі. Усе. Больш нічога для ўтрымання ўлады яму і не трэба.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ASW / ArtService / Forum

Калі беларусаў крытыкуюць за тое, што нібыта 500 000 беларусаў не змаглі перамагчы 50 000 сілавікоў Лукашэнкі, я адказваю, што Лукашэнку для ўтрымання ўлады дастаткова было б і аднаго сілавіка. Пры ўмове падтрымкі грошай Пуціна і войска Пуціна.

Таму вельмі пацешна выглядаюць цяпер спробы знішчэння рэпутацыі нацыянальных дэмакратычных сіл Беларусі з пазіцыі «кіраўніцтва ад дэмакратычных сіл здрадзіла пратэсту». Дадзенае сцвярджэнне можа быць верным толькі ў тым выпадку, калі крытык пакажа рэалістычны спосаб дасягнення мэты пры наяўных у распараджэнні рэсурсах на той момант.

З Пуціным цяпер баіцца ваяваць войска NATO. Наймацнейшыя краіны ў свеце цяпер баяцца ўступаць з ім у адкрытую канфрантацыю, а бяззбройныя беларусы вінаватыя, што не перамаглі тых, каго не можа перамагчы ЗСУ пры падтрымцы ЕЗ і ЗША! І Ціханоўская, і Латушка вінаватыя ў тым, што не кінулі народ з голымі рукамі пад рускія танкі!

Ладна б чуць такое ў 2021 годзе, але цяпер, у 2022-м, калі Пуцін ясна даў зразумець, што ўсім, хто захоча сысці з-пад уплыву арды, пагражае Буча і Марыупаль! Больш абуральнага абсурду, здавалася б, цяжка ўявіць, але вось, гэтыя галасы ўжо чутныя.

Усё гэта адбываецца ў 2022 годзе, калі нават бабулі ў глухой вёсцы ясна, для чаго Беларусь Пуціну – як мінімум як плацдарм для:

  • наземнага нападу на Украіну;
  • размяшчэння і запуску ракет з фармальна падкантрольных тэрыторый, куды больш складана даць адказ;
  • пагрозы ядравай зброяй з акупаваных тэрыторый;
  • прамой пагрозы Літве і Польшчы;
  • фінансавага афшору супраць санкцый.

Думаю, што падобная квазі-крытыка «чаму вы не перамаглі Пуціна голымі рукамі» будзе чутная ўсё мацней. Для гэтага ёсць аб’ектыўныя прычыны:

  • блізкая двухгадовая мяжа паўстання;
  • людзі стаміліся і расчараваныя;
  • людзі сапраўды патрабуюць плана і дзеянняў.

У спорце ёсць добрае назіранне: «Калі каманда перамагла – перамаглі хлопцы, калі каманда прайграла – прайграў трэнер«. Але няўжо без асаблівага ўказання Ціханоўскай мы не здольныя зрабіць што-небудзь карыснае? Ці нам недастаткова нашага простага жадання, каб Беларусь была свабоднай?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У псіхатэрапіі ёсць выдатны тэрмін wishful thinking – пажаданае мысленне. Вельмі зручная жыццёвая пазіцыя для пацыента. «Васіль, чаму вы не працуеце? – Ах, калі б мой бацька быў віяланчэлістам, я б граў у аркестры».

І ўсё! Выдатны спосаб сысці ад адказнасці і нічога не рабіць. Бяздзейнасць апраўдана непераадольнай памылкай у мінулым, мінулае не змяніць – значыць, застаецца сядзець на канапе і шкадаваць аб нязбытным. Гэта менавіта той стан, у які нас хоча пагрузіць прапаганда.

Значна складаней прызнаць, што мы не перамаглі, таму што праціўнік мацнейшы. Ён быў аб’ектыўна больш моцны ў 2020-м. Ён абʼектыўна мацнейшы цяпер. Гэта цяжка прызнаць, але давайце зробім гэта.

Бяззбройныя беларусы не мацнейшыя за войска Расеі. Да чаго б заклікалі ці не заклікалі Ціханоўская, Латушка, Бабарыка – мы не можам перамагчы ў адкрытым супрацьстаянні. Ці значыць гэта, што нам трэба спыняць змагацца? Ці значыць гэта, што нам трэба прызнаць паразу?

З такіх пазіцый удзельнікі варшаўскага паўстання – лузеры. Яны прайгралі, былі забітыя, разбітыя і эмігравалі. Яны не разлічылі здрады рускай арміі (а па логіцы крытыкаў, напэўна, абавязаныя былі прадбачыць?) Іх нашчадкі перамаглі толькі праз больш чым паўстагоддзе.

Не страшна прайграць. Страшна апынуцца ў шэрагах савецкай арміі, якая моўчкі назірае з іншага берага, як паўстанцаў выразаюць фашысты. Глумячыся пры гэтым: «Ну што, дзе ваш план? Чаму не прадугледзелі?»

Міхаіл Кірылюк для belsat.eu /ІР

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў