Эстонія вырашыла прыбраць усе савецкія помнікі з публічнай прасторы


Савецкіх помнікаў засталося пару сотняў. Асаблівае пытанне – савецкі танк у Нарве, дзе абсалютная большасць насельніцтва мае расейскае паходжанне.

Мемарыял-танк у Нарве, Эстонія. 23 сакавіка 2020 года.
Фота: 270862 / Flickr, CC BY-ND 2.0

Прэм’ер-міністарка Эстоніі Кая Калас заявіла 4 жніўня, што ўрад пагадзіўся прыбраць савецкія помнікі з публічнай прасторы «як мага хутчэй», піша Err.ee. Падобны закон у Польшчы прынялі яшчэ ў 2017 годзе. У Літве і Латвіі знос трывае, але трываюць і спрэчкі. Украіна ўсё яшчэ пазбаўляецца ад рэшткаў «рускага міру», а Расея на акупаваных украінскіх тэрыторыях вяртае савецкія помнікі.

Тэрміны залежаць ад лагістычнага плану мясцовых органаў улады, але «галоўнае вырашана». Калі помнікі будуць на прыватнай тэрыторыі, іх прапануюць перамясціць куды падалей. Памінанне памерлых не забароненае ніякім чынам, падкрэсліла прэм’ерка, але «гэта трэба рабіць там, дзе належыць, гэта значыць, на могілках».

Асобныя пытанні выклікае савецкі танк Т-34 у Нарве – горадзе, дзе расейцы складаюць 87 % насельніцтва, а эстонцы – толькі 5,76 %. Справа ў тым, расказала Калас, што танк належыць самому гораду, а з цяперашнімі эстонскімі законамі прымусіць горад прыбраць савецкі помнік цяжка. Але Калас падкрэсліла, што раз Нарва сама не прыбярэ танк, дык урад мусіць вырашыць прыбраць і танк, і іншыя такія манументы. Яна дадала, што танк – не мемарыяльны аб’ект, а зброя, і «з гэтых жа танкаў на вуліцах Украіны забіваюць людзей».

«Зразумела, што расейская агрэсія ва Украіне ўскрыла раны ў нашым грамадстве, пра якія нагадваюць савецкія помнікі, таму іх выдаленне з публічнай прасторы неабходнае, каб пазбегнуць дадатковай напружанасці», – патлумачыла Калас.

Гаворка ідзе не пра знішчэнне помнікаў, а менавіта пра перанос у непублічныя месцы. Міністр унутраных справаў падкрэсліў, што ў Нарве не было ніякіх здарэнняў, а людзям, якія сабраліся бараніць танк, патлумачылі, што яго не звязуць па-ціхаму ноччу».

Вечарам 3 жніўня каля танка сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Мэр Нарвы назвала гэты сход правакацыяй і «трывожным знакам». Некалькі грамадскіх арганізацыяў да таго прапаноўвалі вярнуць танк у Расею, адкуль ён і прыплыў.

Загадкі беларускай гісторыі
Беларуская вайна помнікаў
2018.11.12 19:15

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў