Асудзілі памерлага пасля затрымання жыхара Рэчыцы


Мужчыну, які памёр пасля затрымання, прызналі вінаватым у незаконным набыцці наркатычных рэчываў.

Дзмітрый Усхопаў.
Фота: Dima Ushopov / VK

У ноч з 31 снежня 2021 года на 1 студзеня 2022-га ў Рэчыцы затрымалі 27-гадовага Дзмітрыя Усхопава. Праз дзве гадзіны пасля затрымання ён памёр у лякарні. 4 жніўня яго пасмяротна асудзілі, расказвае «Флагшток».

Абставіны затрымання дакладна не вядомыя. Родныя казалі журналістам, што Дзмітрый з сябрамі ў тую ноч былі выпіўшыя, ехалі сустракаць Новы год да маці Дзмітрыя. Да кампаніі падышлі патрульныя, Дзмітрый «аказаў непапарадкаванне» – сілавікі выклікалі дапамогу, затрымалі мужчыну.

У РАУС, кажуць родныя, Дзмітрыя дапытвалі і білі, «або адзін раз ударылі ў галаву, або стрэлілі з пнеўматыкі», «на запясцях рук і каленках бачныя сінякі, на галаве круглая рана». Калі ён страціў прытомнасць, яго аблівалі вадой, спрабавалі рэанімаваць, прывезлі ў лякарню ўжо ў коме. Лекары не змаглі яго ўратаваць.

Пасля смерці Усхопава ягоных сяброў затрымлівалі паводле «наркатычных» артыкулаў. Сваякоў загінулага эвакуявалі з Беларусі пасля пагрозаў з боку праўладных медыяў. Таксама з Беларусі эвакуявалі сведку затрымання.

Hавiны
Як сілавікі беспакарана забіваюць беларусаў: кажуць пра суіцыды і хваробы, садзяць сведкаў
2022.01.03 19:09

Судзілі не сілавікоў, пасля сустрэчы з якімі памёр Дзмітрый, а яго самога – пасмяротна. Паводле афіцыйнай версіі, у яго знайшлі пакецік з марыхуанай, за што і асудзілі без прызначэння пакарання. Сцвярджаецца, што на судзе настаялі родныя памерлага.

А памёр мужчына, паводле афіцыйнай версіі, «ад камбінаванага атручэння этылавым спіртам і асабліва небяспечным псіхатропным рэчывам – тэтрагідракананабінолам», а таксама што ў яго выявілі «прыкметы захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы, якія маглі садзейнічаць наступленню смерці ад камбінаванага атручэння».

Hавiны
«Белыя халаты» распавялі, што не так з афіцыйнай версіяй смерці Дзмітрыя Усхопава
2022.01.06 21:57

Смерці ад атручэння этылавым спіртам – вядомая з’ява, але звычайна для таго, каб памерці, трэба выпіць не менш як паўтара літра гарэлкі залпам. З афіцыйных звестак вынікае, што ў крыві Усхопава знойдзены этылавы спірт у колькасці 4,3 праміле, што адпавядае цяжкаму алкагольнаму атручэнню, пры якім можа наступіць смерць. Але лекары адзначалі, што наяўнасць алкаголю ў гэтай канцэнтрацыі не дае падставы толькі па гэтым паказніку ставіць дыягназ «атручванне».

Смерці ад атручэння тэтрагідракананабінолам (марыхуанай) не здараюцца, бо перадазаванне амаль немагчымае, але ў камбінацыі з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі ўжыванне марыхуаны магло стаць прычынай некалькіх смерцяў. Надзвычайныя рызыкі ад спажывання алкаголю і марыхуаны невядомыя.

Так ці іначай, версія пра атручванне не тлумачыць сінякоў і раны на галаве.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў