250 гадоў з першага падзелу Рэчы Паспалітай vs «Воссоединение Белоруссии с Россией»


5 жніўня 1772 года ў Пецярбурзе была падпісаная канвенцыя аб першым падзеле Рэчы Паспалітай паміж яе суседзямі – Расеяй, Аўстрыяй і Прусіяй. З гэтай нагоды ў лютым 2022 года расейцы, рыхтуючыся да вайны з Украінай, збіраліся шырока адзначыць «250-летие Воссоединения Белоруссии и России».  

Перадумовы

Рэч Паспалітая стала ахвяраю супярэчнасцяў паміж еўрапейскімі дзяржавамі, якія скарысталі яе для высвятлення адносінаў паміж сабою.

Мапа першага падзелу Рэчы Паспалітай. Крыніца: www.mytravel.by

Паводле вынікаў Паўночнай вайны Рэч Паспалітая трапіла ў залежнасць ад абвешчанай Пятром І Расейскай імперыі. Пазіцыі расейцаў яшчэ больш умацаваліся пасля так званай вайны «за польскую спадчыну» (1733–1735).

Цяжкі ўнутрыпалітычны крызіс у краіне абвастрыўся на фоне Сямігадовай вайны (1756–1763) паміж Расеяй і Прусіяй і выйшаў на паверхню пасля смерці караля Аўгуста ІІІ. Маладая імператрыца Кацярына ІІ надумала зрабіць каралём Рэчы Паспалітай свайго былога каханка Станіслава Панятоўскага, дзеля чаго накіравала ў краіну 6-тысячны вайсковы корпус. Пры гэтым яна лічыла: «З усіх прэтэндэнтаў на карону ён мае найменш сродкаў атрымаць яе, адпаведна, найбольш будзе абавязаны тым, з рук каго ён яе атрымае».

Даведка
Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Аўтар карціны Бачарэллі. Крыніца: be.wikipedia.org

«Шчаслівая анархія»

Супраць гэтага выступіў Караль Радзівіл (Пане Каханку), які распачаў актыўныя баявыя дзеянні супраць прыхільнікаў Станіслава Аўгуста Панятоўскага з так званай «партыі Чартарыйскіх». Але 26 (15) чэрвеня 1764 года сілы Радзівіла пад Слонімам пацярпелі паразу ў бітве з расейскімі войскамі на чале з Рэнэнкампфам і Даўгарукавым, а сам Пане Каханку мусіў збегчы ў Турцыю. Панятоўскі стаў каралём, а ў сакавіку 1765 года Прусія і Расея заключылі вайсковае пагадненне пра ўзаемадапамогу. «Партыя Чартарыйскіх» жа разлічвала скарыстаць падтрыманне Кацярыны ІІ для здзяйснення праграмы эканамічных і палітычных рэформаў. Напрыклад, у сойме збіраліся скасаваць «liberum veto» – права, што прадугледжвала адзінагалоснае прыняцце рашэнняў соймам. Але імператрыца збіралася захаваць у Рэчы Паспалітай «шчаслівую анархію» – слабую цэнтральную ўладу пры ўсеўладстве арыстакратыі і свавольстве дробнай шляхты.

Неабвешчаная вайна

Калі працэс рэформаў усё ж быў запушчаны, расейцы надумалі разгайдаць сітуацыю ў дзяржаве праз абвастрэнне стасункаў паміж каталікамі і прадстаўнікамі іншых канфесіяў («дысідэнтамі»), маўляў, іх неабходна ўраўнаваць у правах, таму трэба ўвесці войскі.

У Слуцку 20 сакавіка 1767 года была ўтвораная канфедэрацыя з мэтаю абароны правоў «дысідэнтаў» (некаталікоў), якіая звярнулася па дапамогу да імператрыцы Кацярыны ІІ. Усяго Акт канфедэрацыі (вайсковы звяз шляхты для дасягнення пэўнай мэты) падпісалі 248 асобаў, у тым ліку ад пратэстантаў граф Грабоўскі, ад праваслаўных – епіскап Георгій Каніскі, помнік якому адкрываюць цяпер у Магілёве. У якасці падтрымання слуцкім канфедэратам былі накіраваныя 40 тыс. расейскіх салдатаў. У выніку сойм Рэчы Паспалітай пагадзіўся не змяняць дзяржаўнага ладу федэрацыі Вялікага Княства і Кароны, гарантам гэтага лічылася Кацярына ІІ. Цяпер любыя рэформы ў дзяржаве былі магчымыя толькі пры згодзе Расеі і Прусіі.

Малітва барскіх канфедэратаў. Аўтар Артур Гротгер. Крыніца: bliskopolski.pl

У адказ ва Украіне ў мястэчку Бар была арганізаваная канфедэрацыя, што выступіла супраць расейскіх войскаў і караля Станіслава Панятоўскага. На бок паўстанцаў нават стаў Пане Каханку, які вярнуўся з эміграцыі і святкаваў перамогу над войскамі генерала Ізмайлава каля вёскі Лань 10 кастрычніка 1768 года. Пасля гэтага Пане Каханку здрадзіў канфедэрацыі і дамовіўся з расейцамі, якія вярнулі яму канфіскаваныя раней маёнткі.

Барская канфедэрацыя разлічвала на дапамогу Францыі і Турцыі, апошняя ў верасні 1768 года пачала няўдалую вайну супраць Расеі, у выніку якой расейцы захапілі Крым.

У 1771 годзе да канфедэрацыі далучыўся вялікі гетман ВКЛ Міхаіл Казімір Агінскі і 6 верасня атрымаў перамогу ў бітве каля вёскі Бездзеж пад Драгічынам. Але ў ноч на 23 верасня войскі Агінскага былі разбітыя расейцамі на чале з Аляксандрам Суворавым у бітве каля мястэчка Сталовічы.

Тры чорныя арлы супраць белага

Фрыдрых ІІ Вялікі скарыстаў становішча і прапанаваў Расеі і Аўстрыі (на гербах усіх трох былі чорныя арлы) падзяліць Рэч Паспалітую (на гербе – белы арол). Сакрэтная дамова была падпісаная ў Вене 19 лютага 1772 года і цяпер усё залежала ад паспяховых ваенных дзеянняў.

Каралеўскі пірог. Алегорыя падзелу Рэчы Паспалітай. Крыніца wikipedia.org

Тым часам расейцы супольна з прыхільнікамі Панятоўскага, якія нічога не ведалі пра рыхтаваны падзел,  у канцы красавіка 1772 года захапілі Кракаўскі замак, а 24 чэрвеня падышлі пад Львоў, які занялі 15 верасня.

Усяго за чатыры гады баявых дзеянняў праз шыхты Барскай канфедэрацыі прайшлі каля 100 тыс. асобаў, было праведзена каля 500 баёў. Каля 14 тыс. удзельнікаў канфедэрацыі былі сасланыя расейцамі на катаргу ў Сібір і сталі першымі ў доўгім шэрагу наступнікаў.

Пасля Пецярбургскай канвенцыі 5 жніўня 1772 года падзел быў ратыфікаваны на сойме Рэчы Паспалітай 30 верасня 1773 года. Супраць гэтага выступілі толькі тры дэпутаты з тэрыторыі Беларусі – Станіслаў Багушэвіч, Самуэль Корсак і Тадэвуш Рэйтан, вобраз якога ўвасобіў на адной з карцінаў Матэйка. Расея станавілася гарантам бяспекі Рэчы Паспалітай і нязменнасці яе ладу, пры гэтым абяцала падтрыманне. Але колькі каштуюць гэткія абяцанні, паказала гісторыя. У 1793 і 1795 гадах адбыліся яшчэ два падзелы Рэчы Паспалітай – і тая цалкам знікла з палітычнай карты Еўропы.

Рэйтан на сойме 1773 года. Карціна Яна Матэйкі. Крыніца: wikimedia.org

Паводле ўмоваў першага падзелу Рэчы Паспалітай, да Расеі адыходзілі Інфлянты і ўсходняя Беларусь да Дняпра, Друці і Дзвіны – усяго 92 тыс. км² з 1,3 млн насельніцтва. Аўстрыя атрымала паўднёвую частку Польскага каралеўства са Львовам і важнымі шахтамі солі ў Вялічцы (83 тыс. км² і 2,65 млн насельніцтва), Прусія – паўночную частку Польскага каралеўства (36 тыс. км² і 0,58 млн) і ўзяла пад кантроль вусце Віслы ды шлях да мора. Усяго Рэч Паспалітая страціла 211 тыс. км² і каля 4,5 млн асобаў, а таксама выйсце да Балтыйскага мора праз Віслу.

250-летие «Воссоединения Белоруссии и России»

У лютым 2022 года, незадоўга да пачатку вайны ва Украіне, у Маскве прагучалі заклікі шырока адзначыць «250-летие Воссоединения Белоруссии и России». 13 лютага нават стварылі цэлы аргкамітэт святкавання. Яго сустаршынёю стаў Сяргей Бабурын. Сярод удзельнікаў – сумнавядомы «філосаф» Леў Крыштаповіч. Падзелы Рэчы Паспалітай аргкамітэт назваў «актамі дзяржаўнай волі ў вызваленні адзінароднай Беларусі», што выглядае спецыфічна на фоне рыхтавання ў гэты ж час «воссоединения» Украіны і Расеі.

10 сакавіка адбыўся круглы стол, падчас якога аўтар кнігі «Польскі тэрор у Беларусі» Аляксей Качаткоў ахарактарызаваў першы падзел Рэчы Паспалітай як «гістарычны акт справядлівасці, калі некалі адрынутая частка расейскага народу была вызваленая ад каланіяльнага прыгнёту чужой дзяржавы і вярнулася ў сваю гістарычную сямʼю. Адбылося ўзʼяднанне дзвюх частак, разарваных у сілу гістарычных акалічнасцяў, у адно адзінае цэлае». 25 красавіка пра неабходнасць святкавання «ўз’яднання» выказваўся расейскі пасол у Беларусі Барыс Грызлоў, які адзначыў патрэбу шырокага святкавання «250 гадоў уз’яднання беларускіх земляў з Расейскай імперыяй, выхаду Беларусі з-пад польскага прыгнёту». Аднак, як відаць, гэтае меркаванае «свята» так і не стала святам. У выпадку ж поспеху расейскіх войскаў ва Украіне ўсё магло б стацца зусім інакш.

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў