У Берасці вынеслі прысуды сёмай групе абвінавачаных у «карагоднай справе»


Суддзя Вера Філонік прызначыла 12 абвінавачаным роўна такія пакаранні, як запытваў пракурор Генадзь Буры, – той самы, які раней прасіў 10 гадоў для Аляксандра Кардзюкова, сведкі забойства Генадзя Шутава.

Фігурантаў «карагоднай справы» судзілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

На два з паловай гады калоніі асуджаны бацька траіх дзяцей Ігар Лаптановіч, ягоная жонка Юлія – на 3 гады «хатняй хіміі».

Гісторыі
«Сын плача па вечарах наўзрыд, а я тлумачу – тата не памёр, не кінуў нас, а з турмы ён вернецца»
2021.04.11 11:52

3 гады «хіміі» далі Андрэю Касцюку, 2,5 года «хіміі» – Наталлі Шыле і Уладзіміру Макарэвічу, астатнім фігурантам (Таццяне і Аляксею Біруковым, Арцёму Андрасюку, Дар’і Дзямʼянцы, Канстанціну Пяцінкіну, Сяргею Дзягцярыку і Андрэю Парфееўцу) прысудзілі 2 гады «хатняй хіміі» кожнаму.

Палітзняволены Ігар Лаптановіч – адзіны, хто быў пад вартай у судовай зале. Яго затрымалі 24 сакавіка. З 12 чалавек сем фігурантаў і фігурантак не прызналі віну цалкам.

У справе «карагодаў» прысуды вынеслі ўжо 67 фігурантам.

Паводле версіі абвінавачання, піша праваабарончы цэнтр «Вясна», кожны з абвінавачаных у групе з іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Іхныя дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацыяў. Сярод іншага, з-за прастою тралейбуснаму парку былі нанесеныя страты на 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму – 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзінаў закрыліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчавання. Такая фармулёўка гучыць ва ўсіх абвінавачаннях.

13 верасня 2020 года на Маршы герояў у Берасці на скрыжаванні бульвару Касманаўтаў і праспекту Машэрава гараджане вадзілі карагод, спявалі песні «Муры» і «Тры чарапахі», танчылі. Людзей разагналі вадамётам. Пазней пачалі затрымліваць і судзіць.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў