Ціманоўская ў Варшаве, суд над Калеснікавай і Знакам. Галоўныя падзеі 4 жніўня


4-га жніўня стаў 361-ым днём пратэстаў. Менавіта столькі працягваецца палітычны крызіс у Беларусі. Грамадзяне патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі, спыненне тэрору і гвалту, пакаранне вінаватых за злачынствы. Улады адказваюць на гэта рэпрэсіямі. Як прайшоў гэты дзень – у аглядзе «Белсату».

Ціманоўская ў Варшаве

Крысціна Ціманоўская дабралася да Варшавы. Яна вылецела з Токіа рэйсам Austrian Airlines, які прызямліўся ў Вене ў 16.05. Маршрут быў зменены ў апошні момант з меркаванняў бяспекі. Вечарам яна была ўжо ў сталіцы Польшчы.

Крысціна Ціманоўская.
Фота: ВВС

Журналісты чакалі спартоўку ў аэрапорце. Але так і не дачакаліся. Вечарам Павел Латушка ў сваім Telegram-канале апублікаваў фота з Крысцінай і паведаміў, што яна ў бяспецы.

Чарговыя арышты

Раніцай 4 жніўня дома ў метадолага і філосафа Уладзіміра Мацкевіча прайшоў ператрус. Ён паспеў пра гэта паведаміць у чаце дэлегатаў «Сход», напісаў: «У мяне ператрус КДБ. Мяне ўзялі».

Уладзімір Мацкевіч кліча на марш Свабоды 23 жніўня. Фота Belsat.eu

Таксама, як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», ператрус адбыўся ва Улада Вялічкі, паплечніка Уладзіміра Мацкевіча, былога кіраўніка «EuroBelarus». Да яго таксама прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Забралі ўсю тэхніку.

Вечарам стала вядома, што Улад Вялічка на волі. Ён пад падпіскай і допыты будуць працягнутыя пазней.

Паведамляецца, што ў пастанове на ператрус дома ў Вялічкі было аж 17 артыкулаў: ад паклёпу да шкоды нацыянальнай бяспецы.

Таццяна Вадалажская.
Фота: The Village Беларусь/Telegram

Прыйшлі з ператрусам і да аналітыка Таццяны Вадалажскай. Таццяна – сацыёлаг, каардынатарка Лятучага ўніверсітэту. Пасля ператрусу яе затрымалі. Цяпер яна на Акрэсціна.

У Ваўкавыску сілавікі затрымалі намесніка старшыні партыі БНФ Юрася Меляшкевіча. Пра гэта паведаміў у Facebook выконваючы абавязкі кіраўніка партыі Вадзім Саранчукоў.

«Белсату» унеслі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў

Міністэрства інфармацыі далучыла да cпісу экстрэмісцкіх матэрыялаў інфармацыйную прадукцыю «Белсату», а таксама саму назву «Белсат».

Рашэнне аб прызнанні сайту і сацыяльных сетак «Белсату» экстрэмісцкімі прыняў 27 ліпеня суд Чыгуначнага раёну Гомля. Падставаю для гэтага назвалі матэрыялы праверкі ўпраўлення ГУБАЗіК МУС па Гомельскай вобласці. Пра якія матэрыялы вядзецца гаворка, не ўдакладняецца.

Чарговыя прысуды ў «карагоднай справе»

Суддзя Вера Філонік прызначыла 12 абвінавачаным роўна такія пакаранні, як запытваў пракурор Генадзь Буры для фігурантаў «карагоднай справы». Людзей судзілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

На два з паловай гады калоніі асуджаны бацька траіх дзяцей Ігар Лаптановіч, ягоная жонка Юлія – на 3 гады «хатняй хіміі».

Акцыя пратэсту 13 верасня ў Берасці, пасля якой распачалася «карагодная справа». Скрыншот з відэа МУСа

3 гады «хіміі» далі Андрэю Касцюку, 2,5 года «хіміі» – Наталлі Шыле і Уладзіміру Макарэвічу, астатнім фігурантам (Таццяне і Аляксею Біруковым, Арцёму Андрасюку, Дар’і Дзямʼянцы, Канстанціну Пяцінкіну, Сяргею Дзягцярыку і Андрэю Парфееўцу) прысудзілі 2 гады «хатняй хіміі» кожнаму.

Палітзняволены Ігар Лаптановіч – адзіны, хто быў пад вартай у судовай зале. Яго затрымалі 24 сакавіка. З 12 чалавек сем фігурантаў і фігурантак не прызналі віну цалкам.

У справе «карагодаў» прысуды вынеслі ўжо 67 фігурантам.

Hавiны
У Берасці вынеслі прысуды сёмай групе абвінавачаных у «карагоднай справе»
2021.08.04 14:36

2 гады «хатняй хіміі» за абразу міліцыянта

У Івацэвічах жанчыну, якая нібыта абразіла супрацоўніка мясцовага РАУС, прызналі вінаватай і прысудзілі ёй 2 гады «хатняй хіміі» і 2 тысячы рулёў у якасці маральнага кампенсавання. Падставай для справы стаў допіс у Telegram-канале, дзе жанчына паставіла пад фотаздымкам міліцыянта смайлік какашка.

Вольгу, якая з’яўляецца адзінокай маці, судзілі за абразу службовай асобы. Летась жанчына пакінула каментар у Telegram-канале пад фотаздымкам Руслана Куцко, які працуе ў міліцыі. У якасці каментару быў смайлік у выглядзе какашак з усмешкай.

Міліцыянт запатрабаваў таксама маральнае кампенсаванне. Паводле яго словаў, гэты допіс прывёў да таго, што нібыта ў сацыяльных сетках пачалі паступаць пагрозы ягонай жонцы. Пракурор падтрымаў гэтае патрабаванне і запрасіў два гады хатняй хіміі. Суддзя падтрымаў абвінавачванне і прысудзіў жанчыне 2 гады «хатняй хіміі» і 2 тысячы рулёў кампенсавання міліцыянту.

Смерць на мяжы

Беларускі памежны камітэт заявіў пра гібель «чалавека неславянскай знешнасці» на мяжы з Літвой. Інцыдэнт нібыта здарыўся на беларуска-літоўскай мяжы ў раёне вёскі Беняконі. Маладога чалавека ў цяжкім стане знайшлі беларускія памежнікі, паведамляе БелТА.

Памежнікі нібыта спрабавалі аказаць першую дапамогу пацярпеламу, але ён памёр на месцы.

Праўладныя медыі сцвярджаюць, што загінулы малады чалавек – грамадзянін Іраку, і што ў Беларусь ён вяртаўся з Літвы. Знайшлі яго ноччу, піша Спутнік-Беларусь са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка Дзяржаўнага памежнага камітэту Антона Бычкоўскага.

Hавiны
Іракцы адкрыта расказваюць, як з Беларусі трапіць у Літву без дакументаў
2021.08.03 18:35

Следчаму камітэту Беларусі даручана распачаць расследаванне, у першую чаргу апытаць мясцовых жыхароў, якія і паведамілі пра збітага мігранта.

Таксама пастаўлена задача знайсці блізкіх загінулага, выдаць ім візы і аказаць усю дапамогу па прыбыцці ў Беларусі, каб яны маглі забраць цела. Сітуацыя, паводле дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва, знаходзіцца на кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі.

Літоўскія памежнікі кажуць, што не атрымлівалі ніякай інфармацыі пра нібыта забітага іракца ад беларускага боку Пра інцыдэнт яны даведаліся з навінаў.

Hавiны
Літва можа спыніць транзіт беларускага калію праз сваю тэрыторыю
2021.08.04 16:23

Пачалі судзіць Калеснікаву і Знака

4-га жніўня распачаўся суд на Марыяй Калеснікавай і Максімам Знакам. Судовае паседжанне адбываецца ў закрытым рэжыме. Родныя і блізкія затрыманых не змаглі пабачыць вязняў.

Марыя Калеснікава і Максім Знак у судзе.
Фота: Deutsche Welle/Telegram

Іх абвінавачваюць паводле трох крымінальных артыкулаў:

– у публічных закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (ч. 3 арт. 361 КК);

– у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК);

– у стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтве ім (ч. 1 арт. 361-1 КК).

Знаку і Калеснікавай пагражае да 12-ці гадоў турмы.

Марыю Калеснікаву і Максіма Знака затрымалі летась на пачатку верасня. Марыю паспрабавалі вывезці з Беларусі ва Украіну, але яна парвала пашпарт. Чальцы штабу Віктара Бабарыкі і сябры Прэзідыуму Каардынацыйнай рады правялі за кратамі 330 дзён.

Аб’ектыў
Закрыты суд над Калеснікавай і Знакам
2021.08.04 23:03

СК belsat.eu

Стужка навінаў