Гэта казкі братоў Грымаў. Кіраўніца МУС Літвы пра смерць іракца на беларуска-літоўскай мяжы


Міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце заявіла, што паведамленні афіцыйных ведамстваў пра смерць іракца на мяжы з Літвой – дэзынфармацыя, але падобных паведамленняў можа стаць больш, піша Delfi.lt.

Агне Білатайце.
Фота: Delfi.lt

4 жніўня раніца Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі паведаміў, што ўначы з 3 на 4 жніўня на беларуска-літоўскім памежжы, каля вёскі Беняконі, беларускія памежнікі знайшлі грамадзяніна Іраку ў цяжкім стане, неўзабаве ён памёр.

«Мы можам гэта пракаментаваць як відавочную дэзынфармацыю. Супраць Літвы вядзецца гібрыдная атака, і распаўсюд дадзенай дэзынфармацыі – прыклад гэтага, – сказала міністарка. – Гэта бздура, казкі братоў Грымаў».

Як правакацыю з боку Беларусі навіну пра смерць іракца ацаніў міністр абароны Літвы Арвідас Анушаўскас.

«Мы чакалі правакацыяў ад рэжыму Беларусі. Насамрэч, арганізаваўшы гэты нелегальны шлях, уцягнуўшы ў гэтую дзейнасць сваіх памежнікаў, думаю, яны і самі не заўсёды кантралююць сітуацыю», – зазначыў міністр.

Літоўскі памежнік. Літва. 20 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

Паводле Агне Білатайце, падобных паведамленняў хутка можа пабольшаць.

«Мы можам чакаць розных выдуманых гісторыяў, бо гэта і ёсць мэтаю – скампраметаваць нас, нашых памежнікаў, Літву», – кажа міністарка ўнутраных справаў.

На пытанне, ці даводзілася літоўскім памежнікам ужываць сілу, Білатайце адказала, што сілу выкарыстоўваюць супраць нелегальных мігрантаў толькі ў тым выпадку, калі гэта неабходна.

У Літву праз Беларусь незаконным шляхам цягам 2021 года трапілі 4090 чалавек, пераважна гэта грамадзяне Іраку.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў