Сілавікі прыйшлі да экспертаў: ператрусы ва Уладзіміра Мацкевіча, Таццяны Вадалажскай, Улада Вялічкі


Раніца 4 жніўня дома ў метадолага і філосафа Уладзіміра Мацкевіча прайшоў ператрус. Ён паспеў пра гэта паведаміць у чаце дэлегатаў «Сход», напісаў: «У мяне ператрус КДБ. Мяне ўзялі».

Магчыма, Мацкевіч затрыманы. У межах якой справы адбываецца ператрус, пакуль не вядома.

Таксама, як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», ператрус адбыўся ва Улада Вялічкі, паплечніка Уладзіміра Мацкевіча, былога кіраўніка «EuroBelarus». Да яго таксама прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Забралі ўсю тэхніку.

Спіс артыкулаў з пастановы на ператрус ва Улада Вялічкі.
Фота: Медыязона

Улада павезлі ў Следчы камітэт, паведаміла ягоная жонка Алена Вялічка «Медыязоне». Алене не дазволілі сфатаграфаваць пастанову на ператрус, таму яна выпісала артыкулы, якія там былі пазначаныя. Іх аказалася 17. Кажа, што Улад – падазраваны паводле ўсіх гэтых артыкулаў: распальванне варожасці, паклёп, абраза, крадзеж, махлярства, выкраданне транспартнага сродку, наўмыснае знішчэнне чужой маёмасці, арганізацыя ці ўдзел у масавых закалотах, наўмыснае блакаванне транспартных камунікацыяў, незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў, хуліганства, арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, супраціў міліцыянту, гвалт ці пагроза гвалту міліцыянту, заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, абраза прэзідэнта.

Таццяна Вадалажская.
Фота: The Village Беларусь/Telegram

Прыйшлі з ператрусам і да аналітыка Таццяны Вадалажскай. Таццяна – сацыёлаг, каардынатарка Лятучага ўніверсітэту. Пасля ператрусу яе затрымалі.

Затрымалі намесніка старшыні партыі БНФ

У Ваўкавыску сілавікі затрымалі намесніка старшыні партыі БНФ Юрася Меляшкевіча. Пра гэта паведаміў у Facebook выконваючы абавязкі кіраўніка партыі Вадзім Саранчукоў.

Прычыны затрымання намесніка старшыні партыі БНФ Юрася Меляшкевіча пакуль не вядомыя.

Telegram-канал by_culture паведамляе, што сацыёлаг і каардынатарка «Лятучага ўніверсітэту» Таццяна Вадалажская затрыманая на 10 содняў у межах крымінальнай справы. Вядома, што яе перавялі ў ІЧУ на Акрэсціна.

Вечарам стала вядома, што Улад Вялічка на волі.Ён пад падпіскай і допыты будуць працягнутыя пазней.

Паведамляецца, што ў пастанове на ператрус дома ў Вялічкі было аж 17 артыкулаў: ад паклёпу да шкоды нацыянальнай бяспецы.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў