Першае паседжанне ў справе Марыі Калеснікавай і Максіма Знака пройдзе 4 жніўня. Працэс будзе закрыты. Афіцыйны тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі распавёў, як Марыя збіраецца на суд.
«Рыхтуюся інтэнсіўна і бадзёра. Будзе займальна, шкада, што гэтага не змогуць убачыць людзі, – перадае тэлеграм-канал словы Калеснікавай. – Закрыты працэс і нашая ізаляцыя – гэта пацверджанне страху і слабасці. Я чакаю паседжання ў тым ліку для таго, каб пабачыць Максіма Знака. Абдыму і скажу, што ён – неймаверны. Буду ў чорнай улюбёнай сукенцы, чырвоная памада абавязкова, мэйкап – па поўнай!»
4 жніўня, аб 11-й гадзіне, у судзе Менскага раёну па адрасе: г. Менск, вул. Маякоўскага, 119А, пачынаецца разгляд «справы аб захопе ўлады». Суддзя – Сяргей Епіхаў.
Паводле абвінавачання, Знак і Калеснікава «супольна з іншымі асобамі не пазней за 16 ліпеня 2020 года ўступілі ў таемную змову з мэтаю захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».
Ім пагражае да 12 гадоў турмы.
Марыю і Максіма прывезлі ў суд вельмі рана, яшчэ перад 9-й гадзінай раніцы.
У тэлеграм-канале «Спутнік-Беларусь» з’явілася відэа з суда. На ім відаць, што Марыя сапраўды ў чорнай сукенцы, выдатна трымаецца, танчыць у «акварыуме».
Блізкім Калеснікавай і Знака не дазволілі ўвайсці ў судовую залу да пачатку паседжання.
Таксама да будынку суда падышлі дыпламаты з некаторых краінаў Еўропы.
Як паведамляе «Спутнік-Беларусь», бацька Марыі Калеснікавай Аляксандр Калеснікаў заявіў, што не верыць у вінаватасць дачкі. Ён лічыць, што крымінальны пераслед Марыі звязаны з ейнай палітычнай дзейнасцю.
«У маім сэрцы гэтыя артыкулы застаюцца палітычнымі. Якая змова, які экстрэмізм? Мая дачка ніколі не была экстрэмісткай», – сказаў спадар Аляксандр журналістам.
Таксама бацька Калеснікавай дадаў, што ні разу з моманту затрымання не бачыў дачку:
«Я напісаў, магчыма, 15 прашэнняў пра спатканне, і ні разу мне не дазволілі».
Адвакаты Калеснікавай і Знака не могуць каментаваць ходу судовага разбіральніцтва, яны пад падпіскаю.
ГГ, belsat.eu