Вардамацкі: 85 % беларусаў – супраць уводу войскаў ва Украіну, і гэта – «кансалідацыя без сцяга»


Доктар сацыялагічных навук Андрэй Вардамацкі заявіў аб кансалідацыі беларусаў у адмоўным стаўленні да ўдзелу беларускіх войскаў у вайне ва Украіне. Паводле новых даследаванняў, 85 % беларусаў – супраць гэтага. Вынікі сацыёлаг прадставіў на сустрэчы «Вайна ва Украіне. Грамадскае меркаванне ў Расеі, Беларусі, Украіне», якая прайшла 2 ліпеня ў межах канферэнцыі Варшаўскага Універсітэта «Still without peace. Warsaw East European Conference».

Андрэй Вардамацкі
Сацыёлаг Андрэй Вардамацкі прадставіў новае сацыялагічнае даследаванне ў Варшаве.
Фота: Жора Ройтбард / Белсат

Тры прыклады «кансалідацыі пад сцягам»

Андрэй Вардамацкі разгледзеў тры класічныя выпадкі таго, што назваў «кансалідацыяй пад сцягам».

Першы выпадак – кансалідацыя украінцаў вакол прэзідэнта краіны Уладзіміра Зяленскага, які і выступае як увасабленне сцяга. На думку Вардамацкага, 91% падтрымкі прэзідэнта – гэта класічны выпадак «кансалідацыі пад сцягам», які ўвойдзе ў падручнікі як хрэстамацыйны.

«Зяленскі праз такую трагічную прычыну (вайну – заўв. «Белсату») выбіўся з агульнага трэнду, калі ўсе ўкраінскія прэзідэнты мелі пры канцы вельмі нізкія лічбы рэйтынгу. Гэта – прыклад кансалідацыі», – адзначыў Вардамацкі.

Другі прыклад – Расея, дзе рэйтынг Уладзіміра Пуціна ў 2014 і 2022 гадах – у часы ваенных кампаній – рабіў рэзкі скачок уверх, да 80%. Расейскі прыклад Вардамацкі таксама называе хрэстамацыйным.

Слухачы
Пытанне ад слухачкі падчас панэлі «Вайна ва Украіне. Грамадскае меркаванне ў Расеі, Беларусі, Украіне» з удзелам расейскіх, украінскіх і беларускіх сацыёлагаў.
Фота: Жора Ройтбард / Белсат

Сацыёлаг адзначае, што «кансалідацыі пад сцягам» ва Украіне і ў Расеі, па сутнасці, «дзве супрацьлеглыя кансалідацыі – перакуленае люстэрка».

У якасці трэцяга прыкладу ён прывёў згуртаванасць брытанцаў вакол Маргарэт Тэтчэр падчас фалклендскага крызісу ў 1982 годзе.

Беларусь: «Кансалідацыя ёсць – сцяга няма»

У гэтым кантэксце цікавая сітуацыя ў Беларусі. На пытанне «Як вы ставіцеся да магчымага ўводу беларускіх войскаў на тэрыторыю Украіны для ўдзелу ў ваенных дзеяннях?» 85 % беларусаў выказалі адмоўнае стаўленне ў сакавіку 2022 года (85,1 % – у траўні). Прасочваецца выразная дамінанта на адмаўленне. Толькі прыкладна кожны 10-ы беларус паставіўся да магчымага ўводу войскаў ва Украіну станоўча (11,1 % – у сакавіку). Прычым намецілася дынаміка змяншэння колькасці тых, хто ўхваляе (8,2 % – у траўні).

Скрыншот відэа трансляцыі мерапрыемства: Youtube / Press Club Belarus

«Кансалідацыя ёсць – сцяга няма. І ў гэтым сэнсе беларускую сітуацыю можна апісаць як кансалідацыю без сцяга», – ацаніў вынікі даследавання Вардамацкі.

Інтэрпрэтуючы адзінства грамадскай думкі з нагоды няўдзелу ў вайне, сацыёлаг адзначыў, што гаворка можа ісці аб «актуалізацыі трагічнай гістарычнай памяці беларусаў, кожнае другое пакаленне якіх праходзіла праз жахлівую вайну, губляючы кожны раз палову насельніцтва».

«Я не хачу працягваць цяпер развагі ў юрыдычным сэнсе – краіна-агрэсар, ці не агрэсар Беларусь і г. д. Вось гэта – меркаванне беларускага народа, і вы бачыце, што яно, як бы гэта дыпламатычна сказаць, не вельмі супадае з афіцыйнай пазіцыяй», – падкрэсліў Вардамацкі.

«Беларускі зазор»

Андрэй Вардамацкі прыходзіць таксама да высновы, што спецыфікай грамадскай думкі ў Беларусі ёсць тое, што па вялікай колькасці індыкатараў яно знаходзіцца пасярэдзіне паміж дыяметральна супрацьлеглымі грамадскімі меркаваннямі ў Расеі і Украіне.

Падчас панэлі «Вайна ў Украіне. Грамадскае меркаванне ў Расеі, Беларусі, Украіне» з удзелам расейскіх, украінскіх і беларускіх сацыёлагаў.
Фота: Жора Ройтбард / Белсат

«Гэтае становішча апісваецца тэрмінам «беларускі зазор», – адзначыў спікер. У гэты «зазор» актыўна пранікае расейскі канцэпт. Як відавочны прыклад яго ўздзеяння на грамадскую думку ў Беларусі Андрэй Вардамацкі прыводзіць дадзеныя адказу на пытанне аб стаўленні да прызнання Расеяй гэтак званых «ДНР» і «ЛНР». 52 % беларусаў выказалі станоўчае да гэтага стаўленне (33,6% – адмоўнае).

«Вы кажаце пра «кансалідацыю без сцяга» ў Беларусі. Цікава, а як жа Святлана Ціханоўская? Якой папулярнасцю карыстаецца яна? І як развіццё падзей пасля ўварвання расейскіх войскаў уплывае на яе папулярнасць?» – прагучаў пытанне з залы.

Андрэй Вардамацкі адказаў, што гэта «прадмет спецыяльнай размовы». Адзначыў, што Ціханоўская робіць шэраг заяў дастаткова зразумелых і якія асуджаюць вайну.

Андрэй Вардамацкі
Сацыёлаг Андрэй Вардамацкі падчас панэлі «Вайна ва Украіне. Грамадскае меркаванне ў Расеі, Беларусі, Украіне». Варшава, Польшча. 2 ліпеня 2022 года.
Фота: Жора Ройтбард / Белсат

«Я б такім чынам адказаў: сукупны рэйтынг апазіцыйных лідэраў вышэйшы ў сваёй суме за рэйтынг афіцыйна дзеючага прэзідэнта», – сказаў сацыёлаг, удакладніўшы, што сацыялагічныя апытанні з гэтай нагоды ўжо праводзіліся.

«Але цяпер Беларусь – наш вораг»

Адна з слухачак звярнула ўвагу, што Уладзімір Зяленскі у апошніх сваіх выступах спрабуе зрушыць акцэнт і перакласці віну з Лукашэнкі на беларусаў, на простых людзей. «Гэта вельмі палохае», – прызналася дзяўчына.

«Скажыце там Зяленскаму, каб ён не рабіў такіх заяў», – пажартаваў Вардамацкі, звяртаючыся да ўкраінскага сацыёлага Іны Валасевіч – яшчэ адной удзельніцы канферэнцыі.

Сацыёлаг Іна Валасевіч
Сацыёлаг Іна Валасевіч удзельнічае ў панэлі «Вайна ва Украіне. Грамадскае меркаванне ў Расеі, Беларусі, Украіне». Варшава, Польшча. 2 ліпеня 2022 года.
Фота: Жора Ройтбард / Белсат

«Я хацела б нагадаць, што звыш 400 ракет ва Украіну было выпушчана з Беларусі. Таму, калі ласка, не трэба цяпер ад украінцаў чакаць, што мы не будзем вінаваціць рускіх і што не будзем вінаваціць беларусаў», – парыравала Іна Валасевіч.

Паводле яе, стаўленне ва Украіне да беларусаў цяпер дваістае. Украінцы ўдзячныя тым беларусам, хто ваюе ў складзе ЗСУ, і ўдзячныя партызанам у Беларусі, але пакуль з тэрыторыі Беларусі ляцяць ракеты на Украіну – «Беларусь будзе ворагам, і не варта чакаць добрага стаўлення».

«Але ўсё ж такі розніца паміж стаўленнем да беларусаў і расейцаў вельмі вялікая. Наколькі памятаю, толькі траціна украінцаў абвінавачваюць беларусаў. Астатнія маюць дваістае стаўленне. Мы ведаем, што Беларусь супраціўляецца, і мы вельмі за гэта ўдзячныя, але цяпер Беларусь – наш вораг», – падкрэсліла ўкраінскі сацыёлаг.

Іна Валасевіч выказала таксама меркаванне, што нядаўні ўсплёск негатыўнага стаўлення ўкраінцаў да беларусаў быў, хутчэй за ўсё, інспіраваны Расеяй. Яна прызналася, што не мае дадзеных навуковых даследаванняў на гэты конт.

На канферэнцыі у Варшаўскім універсітэце Іна Валасевіч выступіла з дакладам «Што кажуць даследаванні грамадскай думкі ў перыяд вайны: параўнальны аналіз Расеі і Украіны». Таксама даследаванне «Расейцы пра падзеі пасля 24 лютага» прадставіў кіраўнік аддзелу сацыяльна-культурных даследаванняў «Левада-Цэнтру» прафесар Аляксей Левінсон. З дакладам (онлайн) выступіў яшчэ адзін сацыёлаг расейскага «Левада-Цэнтру» Леў Гудкоў («Рэстаўрацыя таталітарных структур у пуцінскай Расеі»). Панэль арганізаваў «Press Club Belarus».

Аналітыка
Андрэй Вардамацкі: Вайна ва Украіне пераструктуруе геапалітычныя арыентацыі беларусаў
2022.04.26 16:40

Зміцер Міраш / АА belsat.eu

Стужка навінаў