У Менску на 89-м годзе жыцця памёр граф Прушынскі. Ён некалькі разоў спрабаваў пайсці ў прэзідэнты Беларусі


Граф Аляксандр Прушынскі – беларускі грамадскі актывіст, удзельнік маршаў пенсіянераў у 2020 годзе, выдаўца, сын польскага паэта і дыпламата Ксаверыя Прушынскага. Спадара Аляксандра не стала тры дні таму, паведамляе «Хартыя-97» са спасылкай на родных спачылага.

Граф Аляксандр Прушынскі.
Фота: Радыё Рацыя

Аляксандр Прушынскі нарадзіўся ў 1934 годзе ў маёнтку Рагозніца на Гарадзеншчыне. Пасля пачатку Другой сусветнай вайны ягоная сям’я эмігравала ў Польшчу. Потым спадар Аляксандр жыў у ЗША, Францыі, Канадзе. Займаўся бізнесам і выдавецкай дзейнасцю. У Канадзе ў 1981 годзе пачаў выдаваць часопіс «Слова Салідарнасць», які перадрукоўваў артыкулы з польскага штотыднёвіка незалежнага прафсаюзу «Салідарнасць».

На пачатку 90-х Прушынскі вярнуўся ў Беларусь. Заўсёды крытычна выказваўся пра рэжым Лукашэнкі, удзельнічаў у акцыях пратэсту, у прыватнасці – у маршах пенсіянераў у 2020 годзе, падчас якіх узначальваў калону пратэстоўцаў.

Некалькі разоў граф Прушынскі спрабаваў зарэгістравацца кандыдатам у прэзідэнты Беларусі, аднак ЦВК кожны раз адмаўляў яму.

Прушынскага неаднаразова затрымлівалі. Апошні раз – у 2021 годзе, калі ён каля Чырвонага касцёлу ў Менску раздаваў улёткі да Дня волі. Граф заклікаў беларусаў пратэставаць святлом – штодня, пачынаючы з 25 сакавіка, а 9-й гадзіне ўвечары на 15 хвілінаў гасіць святло – аж да сыходу Лукашэнкі. Прушынскага тады 6 гадзінаў пратрымалі ў Першамайскім РАУСе.

Спадар Аляксандр – аўтар кнігі «Еўрарамонт для Беларусі».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў