Падчас пратэстаў ва Узбекістане загінулі мінімум 18 асобаў


У выніку сутычак сілавікоў і пратэстоўцаў у сталіцы аўтаномнай рэспублікі Каракалпакстан Нукусе загінулі 18 асобаў. Пра гэта заявілі ў Генпракуратуры Узбекістану, паведамляе «Радыё Свабода».

Паводле Генпракуратуры, усяго пацярпелі 243 асобы, у тым ліку 38 сілавікоў. 18 асобаў памерлі ад атрыманых траўмаў.

Цяпер у шпіталях праходзяць лячэнне 94 пацыенты, некаторыя з іх у крытычным стане, у тым ліку супрацоўнікі праваахоўных органаў.

Цягам 1–2 ліпеня былі затрыманыя 516 грамадзянаў. Праваахоўныя органы паведамляюць, што ў дачыненні затрыманых вядуцца следчыя дзеянні, частку з іх дапытваюць.

Паводле выдання «Газета.uz», у Нукусе амаль суткі грымелі выбухі святлошумавых сродкаў і стрэлы, але цяпер сітуацыя ў горадзе спакойная. На вуліцах відаць гарэлыя шыны, гільзы, кавалкі шашак і гранатаў, а таксама сляды крыві. Людзі шукаюць родных сярод забітых і затрыманых.

Стужка навінаў