На Падляшшы ў другі раз пройдзе Фестываль абуджаных беларусаў «Тутака»


15 і 16 ліпеня ва ўрочышчы Борык каля гораду Грудэк на Падляшшы пройдзе другі Фестываль абуджаных беларусаў «Тутака». Галоўнай тэмай імпрэзы стане выраз салідарнасці польска-беларускага памежжа з украінскім народам. Фестываль адбудзецца пры падтрымцы тэлеканалу «Белсат».

Анонс Фестывалю абуджаных беларусаў «Тутака». Крыніца: Фестываль абуджаных беларусаў «Тутака»/Facebook

Як і ў мінулым годзе, на фестываль запрасілі перад усім беларускіх творцаў – музыкаў, тэатралаў і прадстаўнікоў візуальных мастацтваў, асабліва тых, якія цягам апошніх гадоў сталі сімвалам пераменаў ці ангажуюцца ў стварэнне незалежнага ад афіцыйнага Менску мастацтва.

Арганізатары запланавалі шэраг канцэртаў, спектакляў, майстар-класаў, а таксама ўрокаў беларускай мовы, якія правядзе вядомы беларускі грамадскі адукацыйны праект «Мова нанова».

Таксама сёлета на фестывалі з’явяцца тэмы, звязаныя з барацьбой Украіны за сваю свабоду.

«Мы разумеем, што салідарнасць з Украінай – гэта наш маральны абавязак, але таксама мы не можам не думаць пра свабоду Беларусі без вольнай, незалежнай Украіны. Толькі праз салідарнасць і супрацу краінаў нашага рэгіёну мы можам далей развівацца ва ўзаемных павазе і разуменні», – кажуць арганізатары Фестывалю абуджаных.

Пра сваю прысутнасць на фестывалі ўжо паведамілі: легенда беларускай музычнай сцэны Лявон Вольскі, гурт «Шума», які яднае электронную музыку з фальклорам, рок-гурт «J:MORS», гурт «Чорнаброва».

Ганаровы патрон Фестывалю Абуджаных «Тутака» – Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

Больш дэталяў можна даведацца на старонцы фестывалю ў Фэйсбуку.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў