Беларускі дом ва Украіне раскрытыкаваў BYSOL за збор на авіявыведку. Спрабуем разабрацца


Актывісты заяўляюць, што пра атрад авіявыведкі «не чулі ў ЗСУ». Атрад жа кажа, што мае дамоўленасці з ЗСУ. За атрад заступаецца кіраўнік BYSOL. Полк Каліноўскага ад спрэчак адхрысціўся.

Нашыўкі, якія выкарыстоўваюць беларускія добраахвотнікі ў складзе Збройных сілаў Украіны.
Фота: Prague Support Team / Telegram

На платформе BYSOL трывае збор грошай на групу авіявыведкі беларускіх добраахвотнікаў: сабралі больш за палову з 60 тысяч еўраў на дроны, транспарт, рыштунак і рыхтаванне аператараў беспілотнікаў у Празе.

Недавер да гэтага збору выказала ў Telegram арганізацыя «Беларускі дом ва Украіне»: там не зразумелі, як арганізацыя «Prague Support Team» з Чэхіі стварае падраздзяленне, чаму ладзіць навучанне ў Чэхіі (а не ва Украіне, дзе «ёсць магчымасць вучыцца бясплатна»), хто рэпрэзентуе атрад і да якой брыгады Збройных сілаў Украіны будзе адносіцца гэты атрад. Паводле Беларускага дому ва Украіне, «СБУ, ГРУ, а таксама ЗСУ не ў курсе аб існаванні гэтага фармавання».

Што на гэта адказваюць збіральнікі грошай

У каментары да допісу прыйшлі прадстаўнікі BYSOL і «Prague Support Team». Другія таксама апублікавалі пісьмовы адказ на прэтэнзіі.

Кіраўнік BYSOL Андрэй Стрыжак піша, што Беларускі дом ва Украіне не звяртаўся па каментар да BYSOL перад тым, як апублікаваць свае пытанні. Ён назваў «дзіцячым садком» тое, што актывісты вырашылі «спачатку накінуць, потым разбірацца». Полк Каліноўскага да BYSOL не звяртаўся таксама і з заяўкамі па дапамогу, адзначыў Стрыжак, таму фонд працуе з палком «Пагоня» і з беларускім байцом ЗСУ, вядомым пад пазыўным Янкі.

Адзін з заснавальнікаў «Prague Support Team» Кірыл Якімовіч заявіў, што каманда падрыхтавала некалькі групаў добраахвотнікаў для палка «Пагоня» і цяпер рыхтуе атрад авіявыведкі. Ён заявіў, што атрад авіявыведкі, «як і большасць байцоў «Пагоні», падпісвае кантракты з ЗСУ і будзе служыць у складзе Першай асобнай брыгады спецпрызначэння імя Івана Багуна» (брыгада сапраўды прымала беларусаў у свае шэрагі). Навучанне, кажа ён, вядуць паводле планаў ЗСУ і з дапамогай спецыялістаў ЗСУ, справаздачы пра ўсё даюць публічна.

Вайскоўцы палка «Пагоня» прынялі прысягу.
Фота: Перша Окрема Бригада Спеціального Призначення ім. Івана Богуна / Facebook

У каментары «Белсату» Якімовіч скардзіцца: яго турбуе тое, што трэба даваць справаздачы перад ананімамі, калі ўжо даказалі, што рыхтуюць байцоў, і зарабілі давер дыяспараў.

Дапамагаць беларускім байцам ва Украіне мае права любы чалавек, кажа Якімовіч, але рыхтаваць узброеных людзей у краінах Еўразвязу было б цяжка, калі б не было дамоўленасцяў з урадамі гэтых краінаў, таму «Prague Support Team» супрацоўнічае і з чэшскай, і з польскай выведкай, каб тыя ведалі, «што за людзі шастаюць па лясах». Трэнаванні ідуць проста цяпер у Польшчы, нягледзячы на спёку.

Якімовіч расказвае, што ідэя з атрадам авіявыведкі з’явілася пасля таго, як юная чэшская беларуска Вара падарыла свой дрон украінскім байцам. Проста дарыць дрон – гэта адно, а ў камандзе «Prague Support Team» былі большыя магчымасці: сам Якімовіч мае ліцэнзію пілота прамысловых дронаў, а сузаснавальнік каманды працуе на кафедры кібернетыкі і займаецца штучным інтэлектам для дронаў. Таму вырашылі зрабіць паўнавартасную каманду з дронамі, тэрміналам сувязі «Starlinlk», машынамі, рыштункам. А калі з’явілася брыгада Багуна, якая актыўна набірала людзей (і беларусаў у тым ліку), вырашылі падрыхтаваць групу для яе.

«Паслаць куды-небудзь дзесяць бронікаў – гэта цудоўна, але калі мы падрыхтуем і вышлем дзесяць экіпаваных і трэнаваных хлопцаў – гэта ўжо супер, а калі яны прыязджаюць з тэхнікай, са «Starlinlk’амі», на сваіх машынах, калі ўсё гатова і можа працаваць з колаў – мы лічым, гэта вельмі карысна», – кажа Якімовіч.

Супрацу, расказвае Якімовіч, вядуць не з выведнікамі СБУ ці ГУР, якіх згадвае Беларускі дом ва Украіне, а з палком «Пагоня», валанцёрскімі структурамі ва Украіне і з канкрэтнай брыгадай ЗСУ. Рыхтаванне вядуць не ва Украіне, дадае ён, бо ва Украіне абмежаваныя рэсурсы, і ў тым ліку не стае інструктараў (а ў Чэхіі і Польшчы знайшліся рэсурсы і прафесійныя інструктары, як то французскі баец з Замежнага легіёну, польскі інструктар з Польскага войска і інструктар палка «Пагоня», які рыхтаваўся ва Украіне), ды і рыхтаваць аэравыведку лягчэй у мірным небе, а не там, дзе трэба сцерагчыся, каб падчас навучання «ракета не прыляцела».

На момант публікацыі «Белсату» не ўдалося атрымаць аператыўных каментароў прэс-службы ЗСУ, брыгады Багуна і ўкраінскай арганізацыі «Аеророзвідка», аб супрацы з якой казаў Якімовіч.

Гэта полк Каліноўскага «наехаў»?

Беларускі дом ва Украіне звязваюць з палком Каліноўскага. Паводле Якімовіча, адміністратар у канале Беларускага дому ва Украіне – баец палка Каліноўскага. «Еўрарадыё» піша, што «вярхі БДУ шчыльна звязаныя з кіраўніцтвам палка імя Кастуся Каліноўскага, камунікацыя адбываецца праз Радзівона Батуліна — у свой час сузаснавальніка БДУ, а цяпер і байца палка».

Гэтыя спрэчкі і ранейшыя скандалы вакол палка Каліноўскага ды іншых беларускіх добраахвотнікаў сталі прычынай наступнай заявы кіраўніка фонду «By_help» Аляксея Лявончыка: «Я, бадай што, палку Каліноўскага данаціць не буду, пакуль яны не перастануць займацца *** [лухтой] у дачыненні да іншых атрадаў».

«Белсат» звярнуўся па каментар да палка Каліноўскага адносна сувязі з Беларускім домам ва Украіне і аб стаўленні да збору сродкаў «Prague Support Team». У палку адказалі:

«Полк Каліноўскага да гэтай сваркі ў лакальным чаце не мае адносінаў, нашыя афіцыйныя заявы і пазіцыі мы змяшчаем у нашых сацсетках і зараз будзем выказваць праз прэс-службу. Да нашага суму, некаторыя журналісты лічаць дапушчальным браць скрыншоты з лакальнага чату, дзе людзі выказваюць сваё асабістае меркаванне, якое не з’яўляецца пазіцыяй палка, і падаваць гэту інфармацыю як навіну. З нашага пункту гледжання гэта непрафесійна і больш падобна да стылю жоўтых зліваў».

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў