«Арыштантаў канваююць пад зямлёй». Як у Жодзінскай турме сядзяць і палітычныя, і асуджаныя на пажыццёвае зняволенне


Турма № 8 (СІЗА) у Жодзіне лічыцца адной з самых жорсткіх у краіне – паводле рэжыму ўтрымання і ў адносінах тых, хто там сядзіць. Гэта адзіная папраўчая ўстанова, дзе адначасова сядзяць падследныя і асуджаныя, у тым ліку да пажыццёвага зняволення. Пры гэтым рэжым утрымання для ўсіх практычна аднолькавы. Пасля 2020 года турма стала пеклам для соцень беларусаў, якія трапілі ў яе жорны паводле палітычных матываў.

Людзі сустракаюць сваякоў і сяброў, якіх затрымалі падчас мірных пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года. Затрыманыя выходзяць без дакументаў, тэлефонаў, грошай. Жодзіна, Беларусь. 13 жніўня 2020 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

Гісторыя турмы пачынаецца ў 1984 годзе, калі ў Жодзіне быў утвораны лячэбна-працоўны прафілакторый № 7 (ЛПП). У 1992 годзе ЛПП перакваліфікавалі ў следчы ізалятар № 8 УУС Менаблвыканкаму (СІЗА), а ў 2006 годзе – у турму № 8. Тэрыторыя турмы займае каля 7 га, на якіх размяшчаюцца 6 рэжымных карпусоў. Турма разлічаная на 1500 чалавек, большая частка з іх – падследныя, крыху больш за 90 чалавек адбываюць пажыццёвае зняволенне.

Тэрыторыя турмы акружаная падвойнай лініяй аховы, увесь перыметр праглядаецца відэакамерамі і мае сістэму сігналізацыі. Унутраныя памяшканні злучаныя бетоннымі калідорамі з жалезнымі дзвярыма, усюды праведзеная сігналізацыя. Турма адрозніваецца ад іншых беларускіх ізалятараў сеткаю падземных пераходаў – арыштантаў працаўнікі турмы канваююць пад зямлёй. Уцячы з гэтага месца немагчыма.

Даведка
Зона.бел – праект «Белсату», прысвечаны ўмовам, у якіх утрымліваюцца палітычныя вязні. Турмы, калоніі, СІЗА, ІЧУ – там праводзяць дні, месяцы і, на жаль, гады тыя, хто незаконна трапіў за краты. Журналісты не могуць паказаць знутры, як выглядае побыт за кратамі. Але пры дапамозе былых вязняў мы можам распавесці пра выпрабаванні, праз якія праходзяць тысячы беларусаў.

Выпрабаванне Жодзінам

«Нас прывезлі позна вечарам. Каля аўтазака ў жывы калідор выстраіліся працаўнікі СІЗА з дубінкамі. Нас пашыхтавалі ў два шэрагі і загадалі бегчы, абавязкова з апушчанай галавой, рукі трымаць за спінай. Мы беглі і атрымлівалі ўдары дубінкамі па розных частках цела, яны сыпаліся на нас з усіх бакоў. Усё гэта суправаджалася адборным матам, абразлівымі выкрыкамі на наш адрас. Пасля мы беглі праз калідор, па лесвіцы, усё так жа з апушчанай уніз галавой. Калідоры турмы шырокія, пафарбаваныя брудна-рудой фарбай», – распавядае ў гутарцы з «Белсатам» былы палітычны сядзелец.

Пасля прыбыцця ўвесь «этап» заганяюць у «стаканы» – камеры плошчай 1х1 м2, без рукамыйніка і прыбіральні, у кожную запіхваюць 10 чалавек.

«Калі дзверы не зачыняліся, то сабаку аддавалася каманда «фас», і людзі скакалі адно аднаму на галаву, каб не быць пакусанымі. У чаканні агляду і ператрусу асабістых рэчаў даводзілася стаяць у такой «камеры» 5, 7, 10 гадзінаў. Хто слабы і губляў прытомнасць у такой невентыляванай душагубцы, таму «шанцавала», і яго пераносілі ў больш «камфортныя» ўмовы.

зона.бел
«Як піянерлагер, але лепш без яго»: чым жыве і дыхае самая жорсткая «хімія» краіны
2022.06.17 08:16

Далей у прысутнасці працаўнікоў СІЗА трэба было выкласці на стол усё змесціва торбы, раздзецца дагала, прысядаць да таго часу, пакуль працаўнік не скажа «хопіць».

Пасля ператрусу ўсіх вялі да аператыўніка, які прапаноўваў супрацу з адміністрацыяй: гэта значыць, даносіць на сяброў і знаёмых, на сукамернікаў. Затым адбывалася размеркаванне ў камеры», – распавядае наш суразмоўца.

Жыццё без сонца: камера, карцар, «прэс-хата»

Камера жодзінскай турмы ўяўляе сабой прастакутнае памяшканне даўжынёй 6 м і шырынёй 2–4 м у залежнасці ад колькасці спальных месцаў. Дзверы металічныя, за імі – яшчэ адныя дзверы, звараныя з металічных прутоў. Вокны маюць металічныя краты, наглуха закалочаныя і завараныя жалезнай сеткай-рабіцай з боку вуліцы, што робіць практычна немагчымым доступ сонечнага святла і ветранне памяшкання.

У камеры ёсць металічны ўнітаз і рукамыйнік. Падлога бетонная, спальныя месцы (двух’ярусныя нары) звараныя з металічных пласцінаў. Пасярэдзіне камеры стаяць металічны стол і лаўкі, прывараныя да падлогі.

У камеры для пажыццёва зняволеных утрымліваюцца 3–4 асобы, для падследных – 10–12 асобаў. Часам камеры перапоўненыя, і тады сядзельцы мусяць спаць на нарах па чарзе. Святло гарыць і ўдзень і ўначы. Асвятленне слабое, лямпачкі магутнасцю 40 Вт. Кожныя 15 хвілінаў у вочка камеры глядзіць дзяжурны кантралёр, які сочыць за парадкам.

Людзі сустракаюць сваякоў і сяброў, якіх затрымалі падчас мірных пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года. Затрыманыя выходзяць без дакументаў, тэлефонаў, грошай. Жодзіна, Беларусь. 13 жніўня 2020 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

Па адбоі ў камеры адключаюць ваду і электрычнасць. Калі чалавека засяляюць у «хату», матрац і коўдру выдадуць толькі на наступную раніцу, і першую ноч даводзіцца спаць на падлозе ці на стале. Спаць цягам дня не дазваляюць.

Карцар месціцца ў сутарэнні (калі выглядаеш з маленькага акенца ў двор, то вочы – на ўзроўні зямлі) і ўяўляе з сябе памяшканне 2,5х10 крокаў, з бетонным пяньком пасярэдзіне камеры, на якім можна сядзець толькі падчас прыёму ежы. Астатні час – з 8:00 да 22:00 – чалавек мусіць стаяць, можа хадзіць ці паспрабаваць пасядзець на тумбе. Сядзенне на пяньку ўдзень лічыцца парушэннем рэжыму ўтрымання, за што час у карцары падаўжаецца. У камеры ёсць унітаз і металічныя нары, якія ўдзень прышпільваецца да сцяны. На ноч нары адшпільваюцца, а арыштанту даецца матрац. Аднак тыя, хто прайшоў карцар, сцвярджаюць, што на практыцы матрац даецца толькі падследным, а асуджаныя спяць на голых нарах. Акно ў карцары наглуха закрытае, заваранае жалезам, там ніколі не бывае сонца.

Карцар выкарыстоўваецца для асобаў, на якіх трэба «наехаць» на просьбу следчых органаў або з уласнай ініцыятывы адміністрацыі турмы, напрыклад, для асобаў, якія парушаюць рэжым утрымання. Для «выхавання» выкарыстоўваюцца і такія метады: падлога карцара заліваецца вадой, калідорны шпурляе ў яе тазік хлору і зачыняе за сабою дзверы. Ад гэтага чалавек у карцары можа атрымаць хімічныя апёкі вачэй і дыхальных шляхоў.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Ходзяць чуткі, што дагэтуль у Жодзіне існуюць «прэс-хаты», дзе цябе са старту бʼюць, прымушаюць пісаць пакаянні і рабіць прызнанні. Працаўнікі турмы ахвотна падаграваюць такія размовы, каб усяліць у новапрыбылых пачуццё страху.

Асобны час на прагляд ТБ, юшка з кількі і забарона на шорты

Жодзінская турма мае адмысловы рэжым утрымання, бо тут адбываюць пакаранне пажыццёва зняволеныя. Галоўнае правіла ў турме – няўхільна выконваць распараджэнні адміністрацыі. Асуджаныя не могуць ажыццяўляць ніякіх самастойных дзеянняў па-за камераю. Праз калідоры перасоўваюцца, сагнуўшыся напалову, з выцягнутымі назад рукамі ў кайданках, пальцы мусяць быць растапыраныя.

А 6:00 падʼём, а 22:00 адбой. Уначы ўсе абавязаныя быць у пасцелі, і любыя перасоўванні, акрамя прыбіральні, забароненыя. Прыборка паводле графіку – 4 разы на дзень. Першая прыборка – адразу пасля пад’ёму, апошняя – перад адбоем. У «пажыццёвікаў» асобна вылучаецца час на прагляд праграмаў БТ удзень і ўвечары.

Прагулкі пераважна ад паўгадзіны (для пажыццёва асуджаных) да гадзіны (замест двух паводле закону). Прагулачныя дворыкі нагадваюць бетонныя клеткі з закратаваным небам. Дворыкі адгароджаныя яшчэ і перагародкамі, каб арыштанты не перакідваліся цыдулкамі.

У камерах усе мужчыны мусяць быць гладка паголеныя і хадзіць толькі ў спартовым гарнітуры. Тут забаронена хадзіць у шортах і тышортках без рукавоў, нават калі летам у камеры робіцца спякотна.

зона.бел
Як самая жорсткая ў краіне калонія «Воўчыя норы» перапрафілявалася з наркатычных на палітычных вязняў
2022.05.27 14:00

Кормяць кепска: порцыі ежы вельмі малыя, і асноўны рацыён – юшка з кількі, паштэт з яе ж, кіслая капуста ўсіх відаў, зялёная ці гнілая бульба. Больш-менш прыстойныя харчы даюць у дні, калі адміністрацыя турмы абыходзіць свае ўладанні: тады арыштанты і аўсянку могуць атрымаць, і нават гарохавы суп, і макарону.

«Атаварка» (крама для асобаў, якія ўтрымліваюцца пад вартай) – два разы на месяц. Можна купіць цукар, цукеркі, цыгарэты, масла ды іншае.

На дзеянні адміністрацыі і працаўнікоў паскардзіцца немагчыма – ніводная твая скарга ў наглядныя органы не пакіне сценаў установы, хоць паводле закону гэта павінна адбывацца цягам содняў.

Дзіўныя правілы з нядзіўным пакараннем за парушэнне

Вострыя прадметы ў камеры не дазволеныя, таму харчы даводзіцца рэзаць ніткай або самаробнымі разакамі, зробленымі з аднаразовых станкоў для галення.

Зубную пасту ў турэмным ларку прадаюць у бляшаных цюбіках і прапаноўваюць выціснуць яе ў поліэтыленавы пакет, бо зняволеным забаронена мець рэчы ў металічнай упакоўцы. Нават пену для галення пры заездзе ў турму таксама выціснуць у пакет.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Кубак у арыштаванага павінен быць толькі адзін – так званая зэчка. Яна алюмініевая, без дужак. З яе немагчыма піць гарачую гарбату, бо вельмі лёгка абпаліць вусны жалезам. Яе трэба ўвесь час начышчаць да бляску – для гэтага арыштантам выдаецца пясок.

Паводле правілаў унутранага распарадку, ручнік не можа ляжаць на нарах. Дзе яго сушыць пасля душу – незразумела. Ляжаць днём на нарах забаронена, можна толькі сядзець. Ногі на сваю ж пасцель закідваць таксама нельга. Тры разы паляжыш – трапіш у карцар.

Ваду ў камеры звычайна не ўключаюць, пакуль раніцай усе не заправяць пасцеляў, толькі пасля гэтага можна памыцца. Вада толькі халодная і ёсць не ўвесь час.

«Мы звычайна разгадвалі красворды, чыталі кніжкі, распавядалі адзін аднаму розныя гісторыі. Рабілі з хлеба шашкі, малявалі на паперы шахматную дошку і гулялі. А яшчэ быў такі лайфхак: адрываеш кавалачак туалетнай паперы, націраеш яго мылам, высушваеш, пасля скручваеш у свечку, падпальваеш – і ідзе прыемны пах», – кажа наш суразмоўца.

Ператрусы ў камерах для падследных праводзяцца штодня. Адчыняюцца дзверы камеры, і ў памяшканне забягае аўчарка без намордніка. Далей падследных выводзяць у калідор. Усім трэба стаць тварам да сцяны, ногі на шырыні плячэй, рукі пакласці высока на сцяну далонямі вонкі. У такой паставе даводзіцца часам стаяць каля гадзіны.

Пасля заканчэння ператрусу ўсіх зноў заводзяць у камеру.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Ад нармальных хлопцаў да садыстаў

Жодзінская турма – рэжымны абʼект асаблівага прызначэння, таму і адбор працаўнікоў сюды асаблівы. Работнікі нават ва ўнутраныя памяшканні могуць уваходзіць толькі праз адмысловыя пропускі. Нярэдка маладыя людзі з Жодзіна ідуць сюды на працу, каб не праходзіць тэрміновай службы ў войску.

Стаўленне да палітвязняў тут рознае і залежыць ад чалавека. Напрыклад, там працуе прапаршчык, які ганіць беларускую мову і здзекліва адказвае на яе: вось калі будзеш казаць на «нормальном языке», можа, тады мы цябе і пачуем.

«Але ёсць і нармальныя працаўнікі, звычайна маладыя хлопчыкі. Аднойчы быў выпадак: папярэдзілі, што выведуць нас ранкам на прагулку толькі на 15 хвілінаў, бо прыйшла вялізная колькасць пасылак, і яны будуць разбіраць іх усю ноч, каб усё раздаць. Мы пагадзіліся, бо разумелі, што людзі ў камерах чакаюць перадачы. Яшчэ некаторыя працаўнікі перадавалі запалкі, цыгарэты, паперу, дзяўчатам – салодкае, шакалад. Яны казалі: мы толькі пасля войска, у Жодзіне складана з працай, уладкаваліся ў турму», – распавядае былы сядзелец.

У турме таксама ёсць атрад гаспадарчага абслугоўвання – асуджаныя, якія замест адпраўкі «па этапе» выказалі жаданне застацца ў СІЗА, адбываць тут пакаранне і працаваць. Яны выконваюць усе працы на кухні, у дапаможных памяшканнях і на вуліцы. Асобна працуе медсанчастка.

У сярэднім на 5–7 сядзельцаў прыходзіцца адзін працаўнік. У калідоры – 2 кантралёры. Змена працаўнікоў доўжыцца 12 гадзінаў. На ўсіх 1500 зняволеных у турме ёсць 2 псіхолагі.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Ёсць на тэрыторыі турмы адмысловае падраздзяленне – група рэзерву. Гэта дзяжурная служба, якая мусіць спрацаваць па сігнале трывогі, напрыклад, калі нехта паспрабаваў здзейсніць суіцыд, пабіўся і г. д. Нярэдка яны працуюць у «прафілактычных мэтах». Калі, напрыклад, у камеры некалькі чалавек нечага не падзялілі, то група рэзерву ўрываецца ў камеру ў масках, бронекамізэльках, з дубінкамі і пачынае ўсіх малаціць, а затым, напрыклад, на іхную каманду кожны сядзелец бярэ ў рукі матрац і пачынае ў якасці пакарання бегаць па калідоры.

«Часам у камеры мы чулі, як у калідоры кагосьці прымушалі адціскацца, прысядаць. Чалавек крычаў, што не можа больш сядаць, у адказ на яго сядалі. Ёсць такое павер’е, якое распавядаюць самі працаўнікі: каб не вярнуцца ў турму, трэба добра ляпнуць уваходнымі дзвярыма. Я, калі вызваляўся адтуль, так і зрабіў», – узгадвае наш суразмоўца.

Вядомыя зняволеныя жодзінскай турмы

У розны час праз турму № 8 прайшлі вядомыя беларускія грамадскія дзеячы, палітыкі, актывісты і журналісты. Сярод іх праваабаронца Алесь Бяляцкі, былы рэктар БДУ, кандыдат на прэзідэнцтва ў 2006 годзе Аляксандр Казулін, актывісты Зміцер Дашкевіч, Васіль Парфянкоў, Мікола Дзядок і Дзмітрый Паліенка, блогеры Эдуард Пальчыс і Ігар Лосік, палітыкі Мікола Статкевіч і Марыя Калеснікава, журналісткі Кацярына Андрэева і Дарʼя Чульцова, лідар «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч, кіраўніца незалежнага Саюзу палякаў Беларусі Анджэліка Борыс, актывіст СПБ і журналіст Анджэй Пачобут (застаецца там дагэтуль больш за год), прадпрымальнік, медыяменеджар, былы ўладальнік галерэі «Ў» Саша Васілевіч ды іншыя.

зона.бел
«Акенца – тры кубікі армаванага шкла і труба для паветра». Былы палітвязень пра турму № 4 у Магілёве
2022.05.10 08:30

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў