У Літве за содні затрымалі яшчэ 160 мігрантаў на мяжы з Беларуссю. Менск абяцае павялічыць іх колькасць у разы


Затрыманыя нелегальныя мігранты ў Літве.
Фота: pasienis.lt

Літоўскія памежнікі з раніцы 3 ліпеня па раніцу 4-га затрымалі яшчэ 160 чалавек, якія спрабавалі нелегальна перайсці мяжу з беларускага боку. Праўладны Беларускі саюз журналістаў пагражае яшчэ большымі лічбамі.

Паводле ўпраўлення памежнай бяспекі Літвы, 137 мігрантаў затрымалі ў муніцыпалітэце Друскенікі, яшчэ 23 мігрантаў у іншых раёнах на мяжы з Беларуссю. Многія заявілі, што нібыта вучыліся ва ўніверсітэтах Горадні, але вырашылі ўцячы праз падвышэнне платы за навучанне.

З пачатку 2021 года літоўцы затрымалі 1098 мігрантаў, якія нелегальна перайшлі мяжу з беларускага боку, і гэта ў 12 разоў больш, чым за ўвесь 2020-ы. Тады іх было толькі 81.

Аб’ектыў
Літва абвесціла рэжым экстрэмальнай сітуацыі
2021.07.03 22:31

Тым часам праўладны Беларускі саюз журналістаў заяўляе, што «да канца месяца лічба складзе больш як 5 тысяч», а таксама што «калі адкрыецца яшчэ і так званы польскі калідор, то лік уцекачоў можна смела памнажаць на тры».

Пры гэтым БСЖ адзначае, што пасылаючы мігрантаў у краіны Еўразвязу, афіцыйны Менск робіць іх больш гуманнымі, спрыяе дэмакратыі, развіццю рэгіёнаў і мультыкультуралізму.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў