«Паміж тым гвалтам, што ўжываюць сёння ў стасунку да мірных грамадзян, і гвалтам у сем'ях ёсць прамая сувязь»


Удзельнікі «Агульнаграмадзянскага маршу за Свабоду». 16 жніўня, 2020 г. Mенск, Беларусь.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Як перажыты крызіс адбіваецца на псіхалагічным здароўі нацыі? Чым растлумачыць жорсткасць сілавікоў і бесхрыбетнасць многіх кіраўнікоў? На што абапірацца ў «акаянныя дні», каб не звар’яцець? Гутарым з кандыдатам псіхалагічных навук, практыкуючым псіхолагам. На жаль, ужо пасля таго, як была запісаная размова, наш суразмоўца папрасіў аб ананімнасці. Таму мы публікуем размову без імя і прозвішча эксперта.

Грамадзяне адчуваюць шок з-за гвалту з боку дзяржавы. Не выключаны рост суіцыдаў

– Хутка год, як мы знаходзімся ў хранічным стрэсе. Ці адлюстроўваецца гэта ў зваротах грамадзян за псіхалагічнай дапамогай? Ці ёсць нейкая статыстыка, што кажа пра рост трывожнасці ў насельніцтва?

– Статыстыкі не сустракаў, але з асабістых назіранняў і зносінаў з калегамі магу сказаць: лічба зваротаў грамадзянаў да псіхолагаў рэзка ўзрасла за гэты перыяд. Гэта і турбуе, і разам з тым абнадзейвае: знаходзячыся ў поўным адчаі, чалавек не стане звяртацца па псіхалагічную дапамогу. Беларусам нанеслі вельмі магутную псіхалагічную траўму. Яна пагаршаецца доўгім стрэсам. І на тэрапеўтычных групах, і на індывідуальным прыёме людзі прызнаюцца, што адчуваюць наймацнейшую трывогу, шок з нагоды жахлівага гвалту з боку дзяржавы, сваёй неабароненасці, поўнай катастрофы з законнасцю. За любую дробязь, а часам і зусім ні за што, ігнаруючы ўсе законы, чалавека могуць збіць, пасадзіць на суткі, даць велізарны штраф.

Hавiны
«Нармальны водгук на ненармальнасць таго, што адбываецца»: як перажыць псіхалагічны гвалт
2021.02.28 08:00

– Як працяглы стрэс адбіваецца на псіхічным і фізічным стане нацыі?

– Вядома, згубна. Для псіхічнага здароўя важна, каб правы чалавека не парушаліся, выконваліся законы, можна было сябе свабодна рэалізоўваць. Псіхіка абапіраецца на маральнасць, мараль. Калі гэтай апоры няма, яна расхістваецца. Шмат годных людзей у нашай краіне адчуваюць злось з-за несправядлівасці, што адбываецца, і пачуццё бяссілля ад немагчымасці неяк спыніць гэтае бязмежжа. Гэта вядзе да развіцця пачуцця віны, самаедства, перажывання нікчэмнасці. У шматлікіх беларусаў развіваюцца псіхічныя і псіхасаматычныя расстройствы. Акрамя таго, у нашай краіне рэзка звужаецца прастора для самарэалізацыі. А калі чалавек не рэалізуе сябе, ён часцяком адчувае дэпрэсію. Беларусь на працягу многіх гадоў знаходзіцца ў ліку краін-лідараў па ўзроўні дэпрэсіўнасці. Думаю, варта чакаць пагаршэння.

Удзельнікі «Агульнаграмадзянскага маршу за Свабоду». 16 жніўня, 2020 г. Mенск, Беларусь.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

– Дэпрэсіўныя настроі сёння перажываюць многія. На жаль, ёсць рэчы і больш страшныя. 18-гадовы Дзмітрый Стахоўскі з-за пераследу сілавікоў скончыў жыццё самагубствам. Да спробы суіцыду проста ў зале суда Сцяпана Латыпава змусіў адчай з-за беззаконня і катаванняў. На ваш погляд, у Беларусі варта чакаць усплёску суіцыдаў?

–Ва ўмовах, калі лютасьць не знаходзіць выйсця і ёсць адчуванне бяссілля, разам з дэпрэсіўнасцю цалкам магчымы рост суіцыдаў. Хоць узровень самагубстваў у Беларусі і так традыцыйна высокі, асабліва сярод падлеткаў. Ёсць людзі, па сваім складзе схільныя да суіцыдальных паводзінаў, і памежныя сітуацыі для іх – магутны правакацыйны фактар. Выпадкі добраахвотнага сыходу з жыцця адзначаныя пасля жніўня 2020 года і сярод прадстаўнікоў сілавых структур. Мы не ведаем, з якіх прычынаў яны наклалі на сябе рукі. Але глеба для росту суіцыдаў у шэрагах абаронцаў улады ёсць: пачуццё віны, ўсведамленне сваіх злачынных дзеяў можа прымусіць адэкватных людзей, якія знаходзяцца ў кантакце з рэальнасцю, звесці рахункі з жыццём. Самых лютых зладзеяў ад самагубстваў «засцерагае» простасць іх мыслення.

– Па-вашаму, абаронцы рэжыму таксама адчуваюць стрэс?

– Безумоўна. Яны разумеюць, што працэсы ў грамадстве незваротныя. Але ў барацьбе за ўладу гатовыя, відавочна, «за цаной не пастаяць». Ужо ёсць забітыя, дзясяткі тысяч пацярпелых, вымушаных пакінуць краіну. Рэпрэсіі працягваюцца. Усё гэта падрывае чалавечы рэсурс.

Hавiны
«Пасля затрымання ці выбухаў шмат праяваў будзе выяўляцца праз два-тры месяцы». Калі чалавеку патрэбная псіхалагічная дапамога?
2021.04.14 20:54

Як псуюцца добрыя людзі

– Чым можна растлумачыць той факт, што сярод чыноўнікаў, сілавікоў, кіраўнікоў рознага ўзроўню так мала тых, хто наважыўся сысці з сістэмы, заявіць свой пратэст супраць гвалту? Чаму аказалася столькі суддзяў, гатовых выносіць загадзя ілжывыя прысуды, ламаць лёсы невінаватых, столькі начальнікаў, што лёгка згаджаюцца звольніць супрацоўнікаў, якія выказалі нязгоду з бязмежжам? Сістэма фармуе бесхрыбетнасць?

– Можна вылучыць некалькі прычын, чаму людзі падтрымліваюць сістэму, а ў выніку і гвалт на розных узроўнях. Бюракратычнаму алігархату выгадна ўтрымліваць уладу кіроўнай вярхушкі. Для многіх чыноўнікаў і дзяржслужачых небяспечна не падтрымліваць рэжым. Адзін знаёмы чыноўнік сказаў: «У мяне два шляхі – адзін у турму, другі – на павышэнне». Акрамя таго, ёсць такі псіхалагічны феномен – адмова выканаўцаў ад адказнасці: яны перакладаюць яе на кіраўніка. Умоўна гэтую з’яву можна назваць «як псуюцца добрыя людзі». Яны апраўдваюць сябе прыкладна так: «Я апынуўся ў такіх абставінах і выконваю ўказанне. Я не раблю зла». Адказнасць размытая – не я адзін парушаю закон, калегі паступаюць гэтак жа. Дзяржава фармуе кругавую паруку: мы ўсе ў адной лодцы. Навуковыя эксперыменты даказваюць: 70 % людзей з нармальнай, захоўнай псіхікай выконваюць даручэнні начальства ці аўтарытэтнай асобы, нават калі ўнутрана не згодныя з імі. Ёсць законы псіхалогіі, сацыяльнага жыцця, і яны, на жаль, працуюць.

На станцыі метро Пушкінская. Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu / Vot-tak.tv

– Вядомае апраўданне выканаўцаў сталінскіх загадаў: «Час быў такі – я проста рабіў сваю працу?». Але на гэта можна запярэчыць: «Ды ўсё гэта так, але хто цябе прасіў быць выдатнікам?» Назіраючы сённяшнюю сітуацыю, хочацца знайсці адказ: адкуль столькі «выдатнікаў» сярод так званых сілавікоў, нашых суайчыннікаў, гатовых збіць ні ў чым не вінаватага няўзброенага чалавека да інваліднасці і нават – да смерці, якія распыляюць газ у твар пажылым жанчынам, якія мучаць шматдзетных маці, разліваюць хлорку ў камерах? Людзі хочуць выслужыцца ці ў грамадстве столькі схаваных садыстаў?

– Падобная жорсткасць дзівіць і мяне. Хоць збольшага яе таксама можна растлумачыць. Гэтую катэгорыю грунтоўна ідэалагічна «напампоўваюць», пераконваючы, што праплочаныя Захадам мярзотнікі збіраюцца захапіць уладу. Многіх пераводзяць на казарменнае становішча, адымаюць магчымасць атрымліваць інфармацыю ў сацсетках і тэлеграм-каналах. Мае месца і сацыяльная зайздрасць да айцішнікаў і іншыў «батанікаў», якія купляюць кватэры ў Новай Баравой. На жаль, наша грамадства арганізаванае так, што моцныя падпарадкоўваюць слабых. Сацыяпаты імкнуцца панаваць, а мазахісты, асобы з гістэроідным характарам хочуць падпарадкоўвацца моцнай руцэ. Парушэнне правоў чалавека для сацыяпатаў – спосаб прасунуцца па кар’ернай лесвіцы. Напэўна, ёсць у сілавых структурах і псіхапаты, і садысты, якія адыгрываюцца за свае няўдачы. На мой погляд, між тым гвалтам, які ўжываюць сёння ў стасунку да мірных грамадзян, і гвалтам у семʼях ёсць прамая сувязь. Падпарадкаванне моцнай руцэ бацькі-алкаголіка або аўтарытарнай маці доўгія гады ў нашым грамадстве ўспрымалася як норма і замоўчвалася. Гэтага дэспатызму ў беларускіх семʼях вельмі шмат. Людзі, што выраслі ў такіх умовах, пазней адыгрываюцца за свае няўдачы і крыўды. Многія сілавікі ўдарамі дубінак дабіваюць чалавека ў сабе.

Намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі, камандуючы ўнутранымі войскамі, які раней які ўзначальваў Губазік, Мікалай Карпянкоў.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Адныя беларусы прагнуць свабоды, іншыя баяцца яе

– Чаму нават відавочная бесчалавечнасць улады не пераконвае некаторых беларусаў у неабходнасці сістэмных пераўтварэнняў? Якія псіхалагічныя асаблівасці прыхільнікаў рэжыму тых, каго называюць ябацькамі?

– У асноўным гэта людзі з рыгідным мысленнем, як правіла, сталага ўзросту. Ёсць трывожныя асобы. Перамены для гэтай катэгорыі людзей – сінонім цяжкасцяў. Яны баяцца свабоды, для іх чуждыя творчасць, дынаміка, рызыка. Таму яны «за стабільную Беларусь». У клетцы таксама ёсць стабільнасць. Але здаровага жыцця там няма.

– Вы згаджаецеся з выказваннямі аб тым, што нашая праблема – у празмернай беларускай памяркоўнасці, недахопе здаровай злосці?

– Згаджаюся ў тым сэнсе, што барацьба магла быць больш выніковай, калі б мы апынуліся больш напорыстымі. Але ахвяраў пры гэтым было б больш.

Час, калі трэба заняць пазіцыю

– У многіх сем’ях сёння на глебе розных каштоўнасцяў і палітычных пазіцый адбываюцца няслабыя сутычкі. Справа часам даходзіць да разводаў. Што з гэтым рабіць?

– Гэта тая рэальнасць, ад якой нікуды не падзецца. Нямецка-амерыканскі філосаф Ханна Арэнт называла адзіноту, індывідуальную ізаляцыю умовай таталітарызму. Людзі, безумоўна, мусяць жыць сваім прыватным жыццём. Але калі няма здаровай палітычнай барацьбы, грамадскіх арганізацый, валанцёрства, дабрачыннасці, то ізаляцыя і разʼяднанасць чальцоў грамадства прыводзяць да аўтарытарызму і таталітарызму. Тое, што адбываецца, трэба абмяркоўваць у семʼях. Вядома, гэта правакуе канфлікты, цяжкія перажыванні, але без гэтага – ніяк. Часам у жыцці не атрымоўваецца адсядзецца і адмаўчацца. Трэба заняць пазіцыю. Трэба выказаць яе. Стрэсавая сітуацыя ў Беларусі – этап не толькі яе развіцця, але і развіцця многіх грамадзян. Ёсць надзея, што калі чальцы сямʼі набудуць навыкі весці дыялог адно з адным, адстойваючы свае каштоўнасці, то ад гэтага выйграе ўсё грамадства.

– Я сёння часта думаю аб дзецях, падлетках. Мне шкада іх – станаўленне прыпадае на перыяд поўнага закручвання гаек, магутнага ідэалагічнага прэсінгу, падаўлення любога іншадумства.

– Пры ўмове, што бацькі размаўляюць з дзецьмі, падтрымліваюць іх, дапамагаюць быць устойлівымі, цяперашні крызіс утрымлівае шмат магчымасцяў для станаўлення маральна здаровай годнай асобы.

Святкаванне Дня Незалежнасці каля Нацыянальнай бібліятэкі. Менск, Беларусь. 3 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Індывідуальная лінія жыцця заўсёды ў апазіцыі да дзяржавы

– Сёння ўжо зразумела, што нас чакаюць няпростыя часы, што шлях да новага грамадскага ладу будзе цяжкім. Ёсць асцярога, што злачынцы пазьбягуць адплаты, а ахвяра, прынесеная вельмі годнымі грамадзянамі, апынецца неацэненай і забытай.

– Злачынцы абавязкова мусяць быць пакараныя. Але не па прынцыпе «вока за вока», а на падставе прысуду справядлівага незалежнага суда і непадкупных суддзяў. На мой погляд, прынцыпы Махатмы Гандзі – самыя жыццяздольныя. Але гэта не азначае, што грамадства павінна заплюшчваць вочы на беззаконне і гвалт. Шмат у чым менавіта праз тое, што ні Расея, ні Беларусь на дзяржаўным узроўні не пакаяліся за злачынствы сталінізму, мы цяпер перажываем такі драматычны этап. Агульнанацыянальнае пакаянне павінна адбыцца абавязкова. Пацярпелым ад гвалту, якія атрымалі інваліднасць, дзяржава абавязана выплачваць пенсіі, грашовыя кампенсацыі.

– У чым, на ваш погляд, сёння можна знайсці для сябе апору, каб не ўпасці ў дэпрэсію «пры позірку на ўсё, што здзяйсняецца дома»?

– Мне здаецца, варта спрабаваць захоўваць усё, што падтрымлівае жыццё, дае сілы. Любоў да блізкіх, сустрэчы з сябрамі, зносіны. Трэба знаходзіць магчымасць для сумесных праектаў, вольнага часу. Адказнасць чалавека, уключанага ў супольнасць – гэта ўжо супрацьстаянне абсурду. Індывідуальная лінія жыцця заўсёды ў апазіцыі да дзяржавы. Калі людзі ўмеюць адзін аднаму дапамагаць, маюць сістэму самаарганізацыі, дзяржава ім не патрэбная. У 2020-м годзе я ўбачыў, як адзін псіхалагічны закон быў парушаны беларусамі. Сацыяльная псіхалогія лічыць: натоўп псуе людзей. А ў нас маса грамадзян, якая выйшла на вуліцу, узвышала, акультурвала, паляпшала чалавека. І гэта адно з тых здабыццяў, якое не забыцца. Мы ўжо даказалі, што гатовыя да іншага жыцця. Трэба знайсці шляхі яго дасягнення і пабудовы. Нас мусіць падтрымліваць упэўненасць у тым, што мы дачакаемся перамогі дабра, справядлівасці, святла.

Гісторыі
«Нябачная траўма»: асабістыя гісторыі пацярпелых ад псіхалагічнага гвалту
2021.02.20 08:00

ІЗ/МВ для belsat.eu

Стужка навінаў