Амбасадарка Фішэр у Дзень незалежнасці ЗША: «Улады павінны існаваць для таго, каб садзейнічаць развіццю свайго народу»


Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у відэапрамове да Дня незалежнасці Злучаных Штатаў, якое святкуецца 4 ліпеня, звярнулася да беларусаў.

Дыпламат адзначыла, што каштоўнасці, за якія змагаліся айцы-заснавальнікі ЗША, – «жыццё, свабода і імкненне да шчасця – не ведаюць нацыянальнасці» і межаў.

«Мы разумеем, што многія ў Беларусі імкнуцца да тых жа свабод і магчымасцяў, якія мы ўшаноўваем сёння, – сказала амбасадарка ЗША ў Беларусі. – Сутыкнуўшыся з гвалтам і рэпрэсіямі, беларусы працягваюць дамагацца таго, каб іх голас пачулі».

«Беларусь заслугоўвае свабоды выбару сваёй уласнай будучыні. Легітымнасць лідара можа быць абумоўленая толькі добраахвотнай згодай народу. А актыўная прэса і грамадзянская супольнасць, здольная заклікаць лідараў да адказу, неабходныя для будучыні Беларусі, таму што ўлады павінны існаваць для таго, каб садзейнічаць развіццю свайго народу, а не стрымліваць яго», – заявіла Джулі Фішэр.

Яна выказала салідарнасць з беларускімі грамадзянамі, адзначыўшы, што «ў гэты святочны дзень Злучаных Штатаў Беларусь працягвае быць у думках многіх амерыканцаў».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў