Патрыярх Кірыла наведвае Беларусь


Патрыярх Кірыла наведвае Беларусь з трохдзённым візітам. Кіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы прыляцеў 4 чэрвеня ў Менск. Афіцыйны партал БПЦ паведамляе, што візіт прымеркаваны да святкавання 1030-годдзя праваслаўя ў Беларусі.

Патрыярх Кірыла ў Менску. 4 чэрвеня 2022 года.
Фота: «БелТА».

Патрыярха РПЦ сустрэла ў аэрапорце афіцыйная дэлегацыя ў складзе мітрапаліта Веньяміна, віцэ-прэм’ера Ігара Петрышэнкі, амбасадара РФ у Беларусі Барыса Грызлова і інш.

Сёння патрыярх Кірыла ўсклаў вянок да манумента Перамогі ў Менску. У межах візіту ён плануе ўскласці кветкі да помніка мітрапаліту Філарэту і ўзначаліць богаслужэнне ў Свята-Духавым кафедральным саборы ў Менску. Заўтра Кірыла правядзе літургію ў саборы Узвышэння Святога Крыжа Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыру ў Полацку.

6 чэрвеня ў Кірылы запланаваная сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам.

Нагадаем, што дзеяч Расейскай праваслаўнай царквы трапіў у санкцыйны спіс ЕЗ, аднак быў выдалены з яго праз блакаванне рашэння Вугоршчынай. Таксама пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне патрыярх неаднаразова ўхваляў дзеянні Пуціна і войскаў РФ. Апроч таго 17 траўня ў Радзе Федэрацыі рэлігійны дзеяч заявіў, што фактычна шкадуе аб распадзе СССР і асуджае «рэабілітацыю нацызму» ва Украіне.

Раман Лугоўскі belsat.eu

 

Стужка навінаў