Фільм пра Каліноўскага: «Паралелі з сённяшнім днём навідавоку»


У новай белсатаўскай стужцы «Кастусь Каліноўскі» сабраныя новыя, раней не вядомыя факты жыцця і смерці кіраўніка паўстання 1863 года ў Беларусі і Літве.

У якіх умовах гадаваўся будучы нацыянальны герой Беларусі? Якія фактары паўплывалі на ягоны светапогляд? Якіх людзей ён сустрэў на жыццёвым шляху? Як літоўскія археолагі знайшлі ды ідэнтыфікавалі парэшткі Каліноўскага і ягоных паплечнікаў? Пра гісторыю паўстання фільму размаўляем з рэжысёркаю Вольгай Швед.

Пра Кастуся Каліноўскага шмат сказана і напісана – паказана, можа, менш. Дык якая была твая матывацыя зрабіць фільм пра асноўнага нацыянальнага героя Беларусі?

Вольга Швед: Шмат розных дыскусіяў было пра Каліноўскага. І мне было цікава зразумець яго. Чаму ў тых абставінах, у якіх ён быў, ён пайшоў на паўстанне, ведаючы, чым гэта скончыцца. Бо перспектываў там ніякіх не было.Таксама мне хацелася зрабіць дакументальны фільм, і не рабіць яго трывіяльна. Распавесці і паказаць па-новаму. Калі ў Вільні раскапалі косткі паўстанцаў, я зразумела, што неабходна здымаць. На саміх раскопках нікога асаблівага не было. А мяне літоўскі бок пусціў паглядзець і зафіксаваць тое, што яны раскапалі: парэшткі паўстанцаў і рэчы, што былі пры іх.

Акрамя Замкавай гары, дзе былі забітыя паўстанцы, куды яшчэ цябе прывяло даследаванне?

Вольга Швед: Я зняла памяшканне, у якім Каліноўскі хаваўся пасля задушэння паўстання. Там унутры нікога ніколі не было. Я два тыдні чакала ў Вільні, каб прабіцца туды. Цяпер там адміністрацыя музею, і нават музейныя працаўнікі не ведалі, што там хаваўся Каліноўскі. Потым яны спраўдзілі інфармацыю ў архівах – і самі здзівіліся такой знаходцы. Цяпер гэты будынак належыць Віленскаму ўніверсітэту, і каб туды трапіць, давялося браць дазвол праз рэктарат. Таксама ўдалося трапіць да антраполагаў у Дзяржаўны медычны ўніверсітэт, яны даследавалі парэшткі, і мяне вельмі ўразіла, наколькі прыязныя і адкрытыя ў Літве дзяржаўныя інстытуты.

Падобна, у літоўцаў свае героі, найперш Зыгмунт Серакоўскі. І Каліноўскага нам з імі не трэба дзяліць. Але літоўскі бок вельмі прафесійна падышоў да перазахавання герояў паўстання 1863 года. Два гады доўжылася ідэнтыфікацыя парэшткаў. Адмысловая камісія рапартавала пра вынікі прэзідэнту Літвы. Што цябе асабліва ўразіла ў гэтай гісторыі?

Вольга Швед: Стагоддзі мінаюць, а метады тыя ж самыя: па-першае, інфармацыйная вайна, праз якую ў пэўнай ступені паўстанне зазнала паразу. Бо сялянаў пераконвалі, што шляхта хоча вярнуць прыгоннае права. Па-другое, Каліноўскага шантажавалі сям’ёй каханай Марысі. Яе пасадзілі насупраць, каб ён бачыў, дзе яна. Таксама хваля эміграцыі пасля здушэння паўстання. Хочаш ці не – але паралелі з сённяшнім днём навідавоку. Ментальнасць дзяржавы, ці яна Расейская Федэрацыя, ці Савецкі Саюз, ці Расейская імперыя, тая самая. І гэта ўражвае. Каліноўскага мусілі забіць ці выслаць на катаргу толькі за тое, што ён распаўсюджваў «Мужыцкую праўду».

Загадкі беларускай гісторыі
Хто скасаваў ордэн імя Каліноўскага?
2020.09.24 08:30

«Белсат» супрацьстаіць расейскай прапагандзе, якая ізноў узялася за постаць беларускага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага, называе яго другім Бандэрам. Бо міф Каліноўскага працягвае фармаваць беларускую нацыянальную ідэнтычнасць.

Прэм’еру фільму «Кастусь Каліноўскі» глядзіце ў эфіры тэлеканалу «Белсат» у нядзелю 5 чэрвеня а 17:55.

 

Стужка навінаў