«Мама даслала з СІЗА бабуліна папяровае сэрца – для ўнукаў». Як жыве сям’я пінскіх палітвязняў Маўшукоў


Алена і Сяргей Маўшукі ў паслявыбарчы вечар 9 жніўня, як і іншыя фігуранты «пінскай справы», пайшлі да выканкаму даведацца, як падлічылі галасы. Дачка Юлія прасіла маму не хадзіць – нібы прадчувала дрэннае. Алена сказала: мы ўсяго толькі ідзем дазнацца вынікі выбараў, што можа здарыцца? На наступны дзень сужэнцаў затрымалі.

30 красавіка суддзя Яўген Брэган асудзіў Алену на 6 гадоў калоніі за нібыта ўдзел у масавых закалотах, ейнага мужа Сяргея – на 6,5 гадоў. На волі засталіся пяцёра дзяцей, з іх двое – непоўнагадовыя, якіх дзяржава спрабавала забраць у прытулак. Пра тое, як жыве цяпер сям’я, «Белсат» паразмаўляў з адной з дачок Алены Маўшук – 19-гадовай Юліяй.

Юлія Маўшук, адна з дачок фігурантаў «пінскай справы» Алены і Сяргея Маўшукоў. Яе бацькам пагражае да 6,5 года калёніі за ўдзел у «масавых беспарадках». Пінск, Беларусь. 30 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

«У СІЗА ў мамы стала дрэнна са здароўем»

3 чэрвеня Юлія са старэйшай сястрой Вольгай ездзілі на спатканне з мамай у Баранавіцкі СІЗА – за амаль год яны ўпершыню змаглі паразмаўляць. Пакуль ішло следства, сустрэчаў не давалі, сям’я бачылася толькі падчас на судзе. Юлія кажа, што мама трымаецца, хоць увесь час плача. Схуднела, выглядае слабой. У лістах раней Алена пісала дачцэ, што ў СІЗА ў яе пагоршыўся стан здароўя – няма апетыту, часта робіцца млосна. Хоць да арышту, зазначае дзяўчына, мама ні на што не скардзілася.

Паводле Юліі, мама вельмі шкадуе, што менавіта цяпер не можа быць на волі, са сваёй сям’ёй. Перажывае, што не мае магчымасці дапамагчы ёй, Юліі, у такі няпросты для яе час. Дзяўчына цяжарная, ёй вельмі хутка нараджаць. Акрамя таго, на руках яшчэ адно малое дзіця – дзевяцімесячная дзяўчынка Сафія, якая нарадзілася 27 жніўня мінулага года, ужо пасля затрымання Алены.

Пінск, Беларусь. 30 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

– Мама вельмі чакала Сафію, я тады жыла ў яе, яна гладзіла мяне па жываце, размаўляла з унучкай, – распавядае Юлія. – А ў выніку нават не пабачыла яе… Вельмі ўзрадавалася, калі даведалася, што цяпер у яе будзе ўнук. Але і яго яна пакуль не ўбачыць… Мама вінаваціць сябе, што так усё атрымалася, што яна цяпер не ўдома, просіць у мяне прабачэння, што не можа быць побач, дапамагаць мне. Я яе пераконваю, што яна ні ў чым не вінаватая. Плачу над кожным ейным лістом.

Алена просіць Юлію распавядаць, як Сафія расце, гадуецца, апісваць усё, што ўнучка ўжо ўмее, а яшчэ здымаць на відэа – кажа, што калі выйдзе, усё перагледзіць. Юлія вельмі хоча ўзяць дачку на спатканне з бабуляй – у СІЗА не дазволілі, цяпер пінчанка будзе высвятляць, ці можна будзе на доўгатэрміновае ўжо ў калоніі.

Hавiны
Фігурант «пінскай справы» ў апошнім слове: «Прашу прызначыць пацярпелым псіхалагічную экспертызу»
2021.04.15 21:54

«Пяцігадовая Карына сумуе па маме, але да канца не разумее, што такое – турма»

– Маме балюча, што ў такі момант, калі мне патрэбная падтрымка з малымі дзецьмі, яна не можа быць побач, – кажа пінчанка. – Даслала ў лісце папяровае сэрца і напісала: гэта бабуліна сэрца, для ўнукаў. Пакажу дачцэ, калі яна падрасце. Сафія ўжо спрабуе размаўляць, кажа: баба, баба, а ў мяне сэрца рвецца, хочацца плакаць.

Вельмі перажывае Алена за сваіх малодшых дачок – 11-гадовую Ангеліну і 5-гадовую Карыну. Абедзвюх органы апекі спрабавалі забраць у прытулак. Па Ангеліну прыйшлі проста ў школу яшчэ ў верасні і адвезлі ў сацыяльны прытулак. Потым дзяўчынку забрала да сябе хросная маці.

Пінск, Беларусь. 30 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Карыну органы апекі забралі з садка ў красавіку, у дзень, калі пракурор запытаў тэрміны для фігурантаў «пінскай справы». Цяпер дзяўчынка ў сваёй старэйшай сястры Вольгі ў Клецку. Вользе 27 гадоў, яна займаецца афіцыйным афармленнем апекі над Карынаю. У Клецку таксама жыве сын Алены Маўшук 20-гадовы Дзяніс.

Юлія распавядае, што малодшым дзецям адразу сказалі, што адбылося з бацькамі. Ангеліна пастаянна кажа, што сумуе па маме, разумее, што мама – не злачынца. Вельмі не хапае мамы Карыне, штодня яе згадвае. Але, як мяркуе Юлія, самая малодшая сястра яшчэ да канца не разумее, дзе мама, што такое турма.

Аб’ектыў
Пакалечаныя лёсы дзяцей палітзняволеных
2021.04.19 23:28

«Калі не сплацім кампенсацыю міліцыянтам, канфіскуюць усю тэхніку»

Алена і Сяргей Маўшукі цяпер у СІЗА ў Баранавічах. Мама, паводле Юліі, на ўмовы не скардзіцца, толькі адзначае, што ў камеры халодна, і ў Берасці, дзе фігуранты «пінскай справы» заставаліся падчас судоў, было лепш. Пінчанку паставілі на ўлік як «схільную да нападу на адміністрацыю з захопам закладнікаў і праяўлення агрэсіі».

Адно з самых тэрміновых і складаных пытанняў для дзяцей сям’і Маўшукоў цяпер – як сплаціць прызначаную судом суму за маральныя і фізічныя страты міліцыянтам – каля 250 тысяч рублёў на ўсіх 13 асуджаных.

Пінск, Беларусь. 30 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

– Плаціць трэба, бо інакш канфіскуюць усю маміну тэхніку, усё ж арыштавалі, – кажа Юлія. – А яна ж дарагое ўсё купляла, якаснае, вар’яцкія крэдыты, памятаю, брала і сплочвала, каб мы добрымі рэчамі карысталіся. Дзе ўзяць цяпер грошы на аплату гэтага пазову, я не ведаю. Ніхто з нас не ведае.

Дзяўчына зазначае, што сям’я дае рады паўсядзённым фінансавым патрэбам, хапае і на дзяцей, але на аплату гэтай кампенсацыі няма ні ашчаджэнняў, ні таго, хто мог бы пазычыць.

– Я вельмі хачу дапамагчы маме, але не ведаю, як, – кажа Юлія. – Мне застаецца толькі спадзявацца, што прыйдуць змены, што ні мама, ні Сяргей не будуць столькі ў турме.

Гісторыі
«Скажы сыну, што я не злодзей, не забойца, а сяджу за праўду». Размова з жонкаю Сяргея Ляжэнкі, фігуранта «пінскай справы»
2021.04.30 08:00

«Мы ідзем даведацца вынікі выбараў – што можа здарыцца?»

Тэрмінамі пакарання, якія прызначыў суд Маўшукам, была шакаваная ўся сям’я. Сама Алена цяпер хоча пісаць прашэнне аб памілаванні.

– Я не разумею, як так? За што? – пытаецца Юлія. – У знаёмай была гісторыя, там за забойства толькі 2 гады далі. А тут за што шэсць? Яна ж жанчына, у яе малыя дзеці, унукі, навошта так здзекавацца з сям’і?

Паводле дачкі, Алена Маўшук ніколі асабліва не цікавілася палітыкай. Жанчына працавала памочніцай кухара ў пінскай лякарні, займалася сям’ёй. Каля шасці гадоў таму выйшла замуж за пінчука Сяргея, нарадзіла малодшую дачку Карыну.

Пінск, Беларусь. 30 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

За палітычнай сітуацыяй заўсёды актыўна сачыў Сяргей, кажа Юлія.

– Ён і навіны глядзеў, і дыскутаваць пра палітыку любіў, – зазначае дзяўчына. – Мама з ім за кампанію і пайшла тады чакаць вынікаў выбараў. Я нібы прадчувала, я прасіла яе не хадзіць, але яна не разумела маіх хваляванняў, казала: мы ж ідзем проста даведацца пра вынікі галасавання, што можа здарыцца?

Сяргей Маўшук дзеля жонкі не стаў уцякаць ад міліцыі

Юлія не ведае дакладных акалічнасцяў матчынага затрымання.

– Раніцай у панядзелак яны пайшлі з Сяргеем у горад, я тады была ў хаце з малодшымі сёстрамі, – згадвае дачка палітзняволенай. – Я тэлефанавала маме, але яна была недасяжная. Сяргей таксама. Я стала тэлефанаваць у міліцыю. Там мне пацвердзілі, што мама з Сяргеем затрыманыя.

Як раней распавядаў “Белсату” Сяргей, іх з Аленаю затрымалі раніцай 10 жніўня ў кавярні.

– Нас з трох бакоў атачылі, – казаў палітвязень. – Спрабавалі ўцячы, там вулачка была, я заскочыў на плот, а жонка кажа: а як жа я? Я саскочыў уніз і застаўся з ёй. Мы былі ўпэўненыя, што мы перамаглі, пайшлі тады на Плошчу, так усё і здарылася.

Алена і Сяргей Маўшукі. Ім пагражае да 6,5 года калёніі за ўдзел у «масавых беспарадках». Пінск, Беларусь. 30 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Сужэнцаў завезлі ў РАУС. Сяргей распавядаў, што яго білі. Амаль праз содні мужчыну адпусцілі, пазней асудзілі паводле 23.34 на 10 базавых. Пра жончын лёс мужчына даведаўся толькі 18 жніўня, ад сукамерніцы, якая з ёй сядзела і распавяла, што Алена была моцна збітая.

Калі пачула пра 6 гадоў, напісала ў сшытку: «Я павешуся»

Жанчыну абвінавацілі ў тым, што 9 жніўня яна каля Пінскага выканкаму нібыта біла палкай па шчытах міліцыянтаў, а таксама вырывала з клумбаў кветкі і кідала іх у сілавікоў.

На судзе Алена Маўшук прызнала, што біла палкай па шчытах, але сказала, што рабіла гэта з мэтаю самаабароны – стала біць пасля таго, як яе ўдарылі дубінкай. Жанчына выказвала шкадаванне і прасіла змякчыць пакаранне, бо ў яе непаўналетнія дзеці. Калі пракурор запытаў для Алены 6 гадоў, яна напісала ў сшытку: «Я павешуся» і паказала зале.

Аленін муж Сяргей быў на волі да пачатку снежня, калі мужчыну затрымалі і таксама выставілі абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу РБ – удзел у масавых закалотах. Да суда Сяргей заставаўся пад хатнім арыштам, апекаваўся дачкою Карынай. Вырак муж Алены Маўшук атрымаў больш жорсткі – 6,5 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Пінск, Беларусь. 30 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Беларускія праваабаронцы прызналі Алену і Сяргея Маўшукоў палітзняволенымі.

Ганна Ганчар, belsat.eu

Стужка навінаў