Кіраўнік МЗС Вялікай Брытаніі заклікаў прыцягнуць да адказнасці тых, хто здымаў інтэрв’ю Пратасевіча


Раман Пратасевіч падчас размовы з Маратам Маркавым.
Фота: nn.by

Міністр замежных справаў Вялікай Брытаніі Домінік Рааб пракаментаваў у Twitter інтэрв’ю блогера Рамана Пратасевіча, паказанае ўвечары 3 чэрвеня на дзяржаўным тэлебачанні Беларусі.

«Трывожнае інтэрв’ю спадара Пратасевіча мінулым вечарам відавочна адбывалася пад прымусам і пад вартаю. Пераслед абаронцаў правоў чалавека і свабоды медыяў у Беларусі мусіць спыніцца. Тыя, хто ўдзельнічаў у здымках, прымусе і правядзенні інтэрвʼю, павінныя быць прыцягнутыя да адказнасці», – заявіў кіраўнік брытанскага МЗС.

Размова Рамана Пратасевіча з кіраўніком тэлеканалу ОНТ Маратам Маркавым выйшла ўвечары 3 чэрвеня. Падчас праграмы на целе блогера былі заўважныя магчымыя сляды катаванняў. Таксама выказваліся меркаванні пра магчымасць ужывання да яго псіхалагічнага і фізічнага гвалту.

Раман Пратасевіч застаецца за кратамі з 23 траўня.

Аб’ектыў
Справа Рамана Пратасевіча
2021.06.03 22:53

МГ belsat.eu

Стужка навінаў