Беларусь – фігура ў шахматах Байдэна з Пуціным. Ці чакаць вялікай здзелкі?


Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн сустрэнецца з кіраўніком Расеі Уладзімірам Пуціным, каб абмеркаваць у тым ліку і сітуацыю ў Беларусі. І хоць дачыненні паміж Вашынгтонам і Масквой выглядаюць не найлепшым чынам, шмат хто спадзяецца на «вялікую здзелку» у шмат якіх сферах паміж дзвюма краінамі. Як гаспадар Крамля ўяўляе сабе палітычную будучыню Лукашэнкі, ці можна спадзявацца на падтрыманне для народу Беларусі ад Злучаных Штатаў і ці могуць увогуле дамовіцца між сабой Пуцін і Байдэн?

16 чэрвеня – важны дзень для міжнароднай палітыкі: у Жэневе сустрэнуцца кіраўнікі ЗША і Расеі. Джо Байдэн упершыню правядзе перамовы з Уладзімірам Пуціным. Паводле прэс-сакратара Белага дому Джэн Псакі, ЗША імкнуцца аднавіць прадказальнасць і стабільнасць сваіх дачыненняў з Расеяй.

Марыя Ючэўска, аналітык у міжнародных дачыненнях, Польшча:

«У першую чаргу мусім звярнуць увагу на тое, што цяперашняя амерыканская адміністрацыя стараецца як мага далей адысці ад пастановаў, вынесеных папярэдняй адміністрацыяй. Гэта відаць, напрыклад, з пазіцыі ЗША на Блізкім Усходзе, якая зусім не працягвае палітыкі папярэдняга амерыканскага прэзідэнта. І калі мы бачым спробы дээскалацыі дачыненняў з ісламскімі дзяржавамі з боку Байдэна, то можна чакаць гэткай палітыкі і ва Усходняй Еўропе. Як і ў дачыненні НАТО».

Размова
Ці дамовяцца Байдэн і Пуцін наконт Беларусі?
2021.06.02 22:20

У той жа момант у Белым доме заяўляюць пра неабходнасць абмеркаваць расейскую прысутнасць на Данбасе, кантроль над узбраеннямі, змены клімату, кібератакі Расеі на боку ЗША, а таксама атручванне і зняволенне лідара расейскай апазіцыі Аляксея Навальнага. Анансуюць і абмеркаванне сітуацыі ў Беларусі агулам ды прымусовай пасадкі самалёта «Ryanair» у прыватнасці.

Аляксандр Марозаў, палітолаг, Прага, Чэхія:

«У Пуціна гатовы, і мы гэта ведаем, невялікі пакет, так бы мовіць, прапановаў Байдэну. Пра гэта казаў і Лаўроў, калі анансаваў гэтую сустрэчу. Ён казаў, што Расея гатовая размаўляць толькі на канкрэтныя тэмы двухбаковай супрацы. Гэта значыць, што Пуцін са свайго боку не будзе абмяркоўваць ні правоў чалавека, ні нейкіх пытанняў геапалітыкі».

Інтэрв’ю
Амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр: Захад павінен адказаць мовай, якую Лукашэнка здольны зразумець
2021.05.30 22:30

Што праўда, рыторыка Крамля далёка не заўжды супадае з рэальнымі намерамі. Шмат указвае на тое, што пытанне Беларусі, сярод іншых, усё ж будзе стаяць на парадку дня хоць бы з тае прычыны, што сам Пуцін робіцца ўсё больш і больш зацікаўленым у стабілізацыі сітуацыі ў нашай краіне. І выглядае на тое, што ў Сочы з гэткімі намерамі чарговы раз азнаёмілі і Лукашэнку, патлумачыўшы таму рэальны стан справаў.

«Хлопец, нам патрэбны ўваход у некалькі галінаў беларускай эканомікі, нам патрэбны наш сцэнар палітычнага транзіту. Гэта палітычныя партыі, з парламенцкай большасцю… У любым выпадку хоць бы таму, што гэта прадаецца на наступным этапе той жа самай Еўропе. Маўляў, вось бачыце – дэмакратыя! І гэты этап расейцы ў той ці іншай меры на працягу апошніх трох гадоў ужо двойчы рэалізавалі», – мяркуе Ігар Тышкевіч, эксперт Украінскага інстытуту будучыні.

Гаворка тут ідзе пра Арменію і Малдову, дзе Расея працягвае захоўваць свой уплыў пры дапамозе лаяльных партыяў у парламентах, а таксама моцных эканамічных рычагоў. Выглядае, такі сцэнар плануюць зрэалізаваць і ў Беларусі, што сёння шмат каго б задаволіла як унутры, так і па-за краінаю. Праўда, план у шляху рэалізацыі. Бо, хутчэй за ўсё, Лукашэнка на яго не пагаджаецца.

Ігар Тышкевіч, эксперт Украінскага інстытуту будучыні.

«Што гэта азначае? Расея пагаджаецца на фармальную дэмакратыю, гэтак званае народаўладдзе. Але заходнія партнёры пагаджаюцца на даміноўны ўплыў Расейскай Федэрацыі ў гэтай краіне ў эканоміцы, вайсковай сферы і гэтак далей. І пагаджаюцца на будучыя камбінацыі і канфігурацыі для змены палітычнай улады пры ўмове, што яны не руйнуюць гэтак званай вонкавай дэмакратыі.

Сцэнар выглядае верагодным яшчэ і з тае прычыны, што ЗША ўжо зрабілі пэўныя крокі для саступак Расеі. Гэтак Вашынгтон пакуль адмовіўся ад санкцыяў супраць кампаніі, якая кіруе будаўніцтвам газаправоду «Паўночная плынь – 2», і яе кіраўніка Матыяса Варніга – былога працаўніка нямецкай камуністычнай спецслужбы «Штазі» і асабістага сябра Пуціна.

Hавiны
ЗША рэкамендуюць сваім грамадзянам не наведваць Беларусі
2021.05.27 13:12

Марыя Ючэўска, аналітык у міжнародных дачыненнях, Польшча:

«Палітычны клас Злучаных Штатаў зыходзіць з думкі, што палітыка нагадвае бізнес, а бізнес атрымаецца рабіць з кожным. І яны часам трацяць той факт, што ўлада – гэта не толькі ўлада эканамічная. І што людзі, якія кіруюць некаторымі краінамі, далёка не заўжды кіруюцца рацыянальнымі падыходамі. Таму нават калі ЗША будуць спрабаваць па-бізнесоўску падыходзіць да дачыненняў з Расеяй, то рана ці позна пераканаюцца, што тут гаворка ідзе зусім не толькі пра эканоміку і грошы. А так бы мовіць, пра «ўладу над светам», нават калі гэта гучыць крыху занадта моцна».

Аднак важна, што перад сустрэчаю з Пуціным Байдэн возьме ўдзел у самітах краінаў «Вялікай сямёркі» і НАТО. Да таго ж прэзідэнт ЗША правядзе двухбаковыя сустрэчы з кожным з кіраўнікоў краінаў «сямёркі». Таксама плануюць перамовы з кіраўніцтвам Еўразвязу. І вось па выніку гэтых сустрэчаў і выпрацоўвання агульнае пазіцыі Захаду і будзе адбывацца размова Байдэна з Пуціным.

Hавiны
Ціханоўская стэлефанавалася з дарадцам прэзідэнта ЗША
2021.05.25 09:49

Аляксандр Марозаў, палітолаг, Прага, Чэхія:

«Байдэн выкладзе Пуціну вось гэтую кансалідаваную пазіцыю краінаў Захаду ў цэлым – Еўразвязу, ЗША, і сюды ж далучацца многія саюзнікі ЗША. Ён выкладвае гэта Пуціну, і пасля гэтай сустрэчы мы атрымаем доўгае, паўгадовае вар’яцтва Крамля датычна Еўропы і краінаў Еўразвязу. І ў дачыненнях з Захадам у цэлым. То бок пасля гэтай сустрэчы Крэмль пойдзе на новы ўзровень эскалацыі».

Пытанне толькі ў тым, ці гатовая Расея да гэтага павышэння ставак. Да таго ж выглядае, што карты ў гэтай гульні раздаваць будзе ўсё ж Захад. Таму цалкам магчымая і здача Пуціным пэўных дробных карт дзеля таго, каб агулам застацца ў гульні. І пікавы валет Беларусі з гэтай нагоды яўна напружыўся.

Зміцер Міцкевіч для праграмы «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою 3 чэрвеня 2021 г.

 

Стужка навінаў