Акадэмія МУС пакуль не будзе будаваць новых карпусоў у цэнтры Менску


План будучых карпусоў Акадэміі МУС.
Фота: realt.by

Акадэмія МУС планавала пабудаваць два новыя аб’екты ў цэнтры беларускай сталіцы. Але вынікі грамадскага абмеркавання пакуль псуюць такія намеры. Пра гэта паведамляе Realt.by.

Акадэмія МУС планавала пабудаваць побач са сваімі будынкамі яшчэ два абʼекты: 5-павярховы навучальны корпус са сталоўкаю на 460 месцаў і ўзвесці 6-павярховы інтэрнат для 225 студэнтаў. Для гэтага на прыдамавой тэрыторыі на вуліцы Чырвонай, 14а планавалася забудаваць вольны ўчастак і ўчастак з гаспадарчымі пабудовамі ды гаражамі.

Але менчукі стварылі петыцыю, у якой заявілі, што рэалізацыя праекту «прывядзе да парушэння элементаў добраўпарадкавання, да недапушчальнага перавышэння шчыльнасці забудовы, будзе адмоўна ўплываць на экалагічныя і санітарна-гігіенічныя ўмовы жыцця жыхароў і тым самым створыць неспрыяльныя ўмовы жыццядзейнасці жыхароў кварталу, будзе парушаная асветленасць прыдамавых тэрыторыяў і жылых дамоў».

«Праект абʼекту прадугледжвае ліквідацыю вялікай колькасці дрэваў, якія ёсць лёгкімі кварталу. Фактычна будзе знішчаная прыдамавая тэрыторыя кварталу», – заявілі падпісанты.

На прэзентацыі праекту людзі таксама выказаліся катэгарычна супраць новай забудовы тэрыторыі.

У выніку архітэктурна-горадабудаўнічы савет пры галоўным архітэктару Менску рэкамендаваў дапрацаваць архітэктурна-планавальную канцэпцыю. Пры гэтым неабходна ўлічыць заўвагі і прапановы ўдзельнікаў абмеркавання. А менавіта: выканаць комплексны горадабудаўнічы аналіз усёй тэрыторыі кварталу, дапоўніць абгрунтаванымі ілюстрацыйнымі ды тэкставымі матэрыяламі, у якіх будзе адлюстраванае выкананне нарматываў шчыльнасці забудовы, азелянення і транспартнага абслугоўвання будынкаў, а таксама патрабаванняў ахоўных зонаў будынкаў гістарычна-культурнай спадчыны. Савет прапанаваў заказчыку і праектнай арганізацыі замест асобных будынкаў дабудаваць ужо існыя карпусы.

Дапрацаваную канцэпцыю неабходна падаць на ўзгадненне ў Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў