За што беларусы мусяць быць удзячныя Станіславу Шушкевічу


Першы кіраўнік незалежнай Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч памёр уначы 4 траўня ва ўзросце 87 гадоў. Час, калі ён узначальваў Вярхоўны Савет Беларусі, лічыцца пікам дэмакратыі і беларусізацыі ў найноўшай гісторыі. Belsat.eu распавядае пра галоўныя палітычныя дасягненні Шушкевіча і асноўныя вехі ягонай біяграфіі.

Станіслаў Шушкевіч у сваёй кватэры. Менск, Беларусь. 8 снежня 2016 года.
Фота: Віктар Драчоў: Viktor Drachev / TASS / Forum

Станіслаў Шушкевіч нарадзіўся 15 снежня 1934 года ў Менску ў сям’і настаўнікаў. Ягоная маці – пісьменніца Алена Раманоўская. Бацька – паэт Станіслаў Шушкевіч, рэпрэсаваны ў сталінскі час (у 1937 годзе яго пакаралі 8 гадамі зняволення, у 1949-м арыштавалі зноў).

Будучы кіраўнік незалежнай Беларусі скончыў фізіка-матэматычны факультэт БДУ ў 1956 годзе, вучыўся ў аспірантуры Інстытуту фізікі АН БССР. Працаваў у Менскім радыётэхнічным інстытуце і БДУ, быў прарэктарам гэтых вышэйшых навучальных установаў. Атрымліваў дзяржаўныя ўзнагароды за ўнёсак у навуку. Меў ступень доктара фізіка-матэматычных навук, быў чальцом-карэспандэнтам Акадэміі навук Беларусі.

У часы Перабудовы Станіслаў Шушкевіч заняўся палітычнай дзейнасцю. У 1989 годзе быў абраны народным дэпутатам СССР, а ў 1990-м – дэпутатам Вярхоўнага савету БССР.

Спрыянне курсу на незалежнасць Беларусі

У траўні 1990 года Шушкевіч быў абраны першым намеснікам старшыні Вярхоўнага Савету. На гэтай пасадзе ён падтрымаў прыняцце 27 ліпеня 1990 года Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. Дэкларацыя была зацверджаная 229 галасамі з 232 зарэгістраваных. Супраць не выказалася ніводнага дэпутата.

Шушкевіч уваходзіў у склад камісіі для распрацоўвання Дэкларацыі і, паводле ягоных словаў, быў суаўтарам першых пяці артыкулаў гэтага дакументу. Аднак больш за год Дэкларацыя заставалася толькі заяваю пра намеры, не маючы канстытуцыйнага статусу.

Напярэдадні першага пасяджэння кіраўнікоў дзяржаваў СНД, падчас якога было афіцыйна абвешчана аб роспуску СССР. Менск, Беларусь. 30 снежня 1991 года.
Фота: Wojtek Laski / East News

19 жніўня 1991 года група савецкіх высокапастаўленых чыноўнікаў арганізавала ў Маскве дзяржаўны пераварот (путч ГКЧП), які ўжо праз некалькі дзён зазнаў паразу. На хвалі гэтых падзеяў дэпутаты фракцыі БНФ выступілі з патрабаваннем склікаць надзвычайную сесію Вярхоўнага Савету БССР (яна ўвойдзе ў гісторыю як Сесія Незалежнасці). Станіслаў Шушкевіч актыўна падтрымаў гэтую ініцыятыву, хаця спачатку і не разлічваў, што на сесіі будзе абвешчана незалежнасць.

Старшыня Вярхоўнага Савету Мікалай Дземянцей, які дэ-факта падчас путчу выступіў на баку ГКЧП, быў вымушаны падаць у адстаўку. Выконваць ягоныя абавязкі стаў Шушкевіч – якраз ён вёў Сесію незалежнасці і паспрыяў прыняццю гістарычнага для Беларусі рашэння. На другі дзень сесіі, 25 жніўня 1991 года, дэпутаты ўхвалілі наданне Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статусу канстытуцыйнага закону.

Шушкевіч потым называў гэты вынік «нечаканым» – ён не думаў, што атрымаецца сабраць большасць галасоў.

Вяртанне нацыянальных сімвалаў

18 верасня 1991 года Станіслаў Шушкевіч быў абраны спікерам Вярхоўнага Савету. Паколькі Вярхоўны Савет паводле Канстытуцыі быў найвышэйшым органам улады, то Шушкевіч стаў першым кіраўніком незалежнай Беларусі. Праўда, ягоная ўлада была вельмі абмежаваныя – дэ-факта старшыня Савету Міністраў Вячаслаў Кебіч меў у сваіх руках нават больш рэальных паўнамоцтваў.

Разам з тым перыяд кіравання Шушкевіча (1991–1994 гг.) многія лічаць пікам дэмакратыі і беларусізацыі ў гісторыі Беларусі. 19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет зацвердзіў новую афіцыйную назву краіны – Рэспубліка Беларусь замест БССР. Бел-чырвона-беламу сцягу і гербу Пагоня быў нададзены статус дзяржаўных, краіна вярнула сабе свае нацыянальныя сімвалы.

У час, калі Шушкевіч узначальваў Вярхоўны Савет, былі закладзеныя асновы нацыянальнай дзяржаўнасці. Створаныя беларускае войска, памежная і мытная службы, фінансавая сістэма. Беларуская мова да 1995 года мела статус адзінай дзяржаўнай.

Станіслаў Шушкевіч у сваёй кватэры. Менск, Беларусь. 8 снежня 2016 года.
Фота: Віктар Драчоў: Viktor Drachev / TASS / Forum

Знакавая праявай міжнароднага прызнання Беларусі ў час Шушкевіча стаўся візіт прэзідэнта ЗША Біла Клінтана ў нашую краіну ў студзені 1994 года. Гэта быў першы і апошні такога ўзроўню ў гісторыі двухбаковых стасункаў.

Белавежскія пагадненні

Пасля правалу жнівеньскага путчу распад СССР выглядаў непазбежным, але гэты развод трэба было яшчэ цывілізавана аформіць.

8 снежня 1991 года ў рэзідэнцыі Віскулі старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч, прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук і прэзідэнт Расеі Барыс Ельцын падпісалі Белавежскія пагадненні, якія паставілі кропку ў гісторыі Савецкага Саюзу. У прэамбуле дакументу Беларусь, Расея і Украіна як дзяржавы – заснавальніцы СССР у 1922 годзе канстатавалі, што Савецкі Саюз «як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне». Замест гэтага бакі дамовіліся ўтварыць Садружнасць Незалежных Дзяржаваў (СНД) з роўнымі правамі ды свабодамі для грамадзянаў, прызнаннем тэрытарыяльнай цэласнасці. Праз 18 дзён, 26 снежня 1991 года, Савецкі Саюз афіцыйна спыніў існаванне.

Подпіс Станіслава Шушкевіча стаіць першым у дакуменце аб скасаванні СССР. «Белавежскія пагадненні фактычна зрабілі Беларусь юрыдычна незалежнай», – канстатаваў ён праз 30 гадоў пасля тых падзеяў. Паводле Шушкевіча, упершыню за 200 гадоў Расея дэ-юрэ прызнала, што не мае права на тэрыторыю Беларусі.

Станіслаў Шушкевіч і Мечыслаў Гіруць.
Фота: Reuters Photographer / Reuters / Forum

Гісторыкі лічаць, што найважнейшым дасягненнем Белавежскіх пагадненняў было тое, што на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу не распачалася грамадзянская вайна – вялізарная імперыя распалася без крыві. Шведскі палітык Карл Більт (Carl Bildt) назваў гэтыя пагадненні «шэдэўрам легітымнай дыпламатыі канца другога тысячагоддзя».

Шушкевіч неаднаразова прызнаваў у інтэрв’ю, што ганарыцца Белавежскімі пагадненнямі і не верыць у магчымасць аднаўлення гэтай імперыі.

Аналітыка
«Я магу гэтым толькі ганарыцца». 30 гадоў таму ў Беларусі ліквідавалі СССР
2021.12.08 10:05

Вывад ядравай зброі

Пасля развалу СССР паўстала пытанне аб далейшым лёсе ядравай зброі на тэрыторыі былых савецкіх рэспублік. Беларусь у той час валодала велізарным ядравым патэнцыялам – 8-м у свеце паводле памераў (агулам больш за 1100 баявых зарадаў рознай магутнасці).

Станіслаў Шушкевіч быў паслядоўным прыхільнікам ядравага раззбраення Беларусі. Ён лічыў, што ядравая зброя не абараняе Беларусь, а наадварот, прыцягвае пагрозы нацыянальнай бяспекі.

У Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце было прапісанае імкненне да бяз’ядравага статусу. У 1992 годзе Беларусь падпісала Лісабонскі пратакол і аформіла свой удзел у Дамове аб скарачэнні стратэгічнага наступальнага ўзбраення. У 1993 годзе краіна далучылася да Дамовы аб нераспаўсюджанні ядравай зброі. Беларусь афіцыйна стала першай дзяржавай свету, якая добраахвотна і без усялякіх умоваў адмовілася ад магчымасці валодаць ядравай зброяй. Цалкам працэс вываду ядравай зброі з тэрыторыі Беларусі закончыўся ў 1996 годзе.

Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін, Аляксандр Мілінкевіч і Станіслаў Шушкевіч на Кангрэсе дэмакратычных сілаў Беларусі ў Менску. 2 кастрычніка 2005 года.
Фота: Eastway / REPORTER / Easr News

Вывад ядравай зброі ў пачатку 90-х выглядаў як рашэнне непазбежнае. Абслугоўванне такой зброі патрабавала велізарных рэсурсаў, якіх Беларусь не мела, а сістэмы кіравання ядравай зброяй усё роўна размяшчаліся ў Расеі. Да таго ж Захад і Расея адназначна выступалі за ядравае раззбраенне былых савецкіх рэспублік – пайсці супраць гэтага курсу азначала пераўтварыцца ў краіну-ізгоя.

Нават Аляксандр Лукашэнка ў першыя гады свайго кіравання краінай, пакуль дыктатарскай сістэма яшчэ не аформілася, быў не здольны скасаваць курс на ядравае раззбраенне. Але потым ён неаднаразова абураўся вывадам ядравай зброі з Беларусі, называў гэтае рашэнне ганебным і памылковым. «Гэты дарагі тавар мы павінны былі прыстойна прадаць», – гаварыў Лукашэнка.

Можна меркаваць, што калі б Шушкевіч замарудзіў з рашэннямі аб ядравым раззбраенні, то Лукашэнка ў будучыні выкарыстоўваў бы гэтае пытанне як магутны сродак шантажу міжнароднай супольнасці, што ў тым ліку яшчэ больш развязвала б яму рукі для крывавых рэпрэсіяў унутры краіны. Нават цяпер ён не пакідае надзеі шантажаваць такім чынам Захад, прапаноўваючы Расеі размесціць у Беларусі ядравую зброю.

Hавiны
Лукашэнка заявіў, што прапануе Пуціну вярнуць у Беларусь ядравую зброю
2021.11.30 17:12

Сам Шушкевіч неаднаразова называў вывад ядравай зброі з тэрыторыі Беларусі сваім галоўным дасягненнем у палітычным жыцці.

Адстаўка і жыццё ў час дыктатуры

26 студзеня 1994 года Станіслаў Шушкевіч быў адкліканы з пасады старшыні Вярхоўнага Савету, фармальным ініцыятарам адстаўкі быў Лукашэнка – тады яшчэ проста адзін з дэпутатаў. Але з палітыкі Шушкевіч не сышоў, застаўся чальцом парламенту.

Шушкевіч балатаваўся на першых прэзідэнцкіх выбарах 1994 года. Тады ён набраў 9,91 % галасоў і заняў чацвёртае месца пасля Лукашэнкі, Кебіча і Пазняка.

Шушкевіч быў паслядоўным крытыкам рэжыму Лукашэнкі ўсе наступныя гады. У 1996-м ён паставіў свой подпіс за імпічмент Лукашэнку. У тым жа годзе Вярхоўны Савет быў разагнаны, і больш Шушкевіч у парламент ужо не вярнуўся. Але працягваў апазіцыйную дзейнасць, удзельнічаў у палітычных кампаніях і форумах, амаль 20 гадоў узначальваў партыю «Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада».

Станіслаў Шушкевіч прамаўляе падчас святкавання 25-й гадавіны атрымання Лехам Валэнсам Нобэлеўскай прэміі міру. Варшава, Польшча. 29 кастрычніка 2008 год.
Фота: Wojtek Laski / East News

Шушкевіч напісаў некалькі кніг, выступаў з лекцыямі ў самых вядомых універсітэтах свету. У 2007 годзе Лех Валэнса вылучыў кандыдатуру Шушкевіча на Нобэлеўскую прэмію міру за вывад ядравай зброі, Белавежскія пагадненні і мірны распад Савецкага Саюзу, а таксама за адданасць прынцыпам міру, дэмакратыі і правоў чалавека. Але прэміі Шушкевіч не атрымаў.

Да апошняга дзеяч ахвотна размаўляў з прэсай і не пераставаў крытыкаваць дыктатуру. У снежні 2021 года ў размове з «Белсатам» Шушкевіч ахарактарызаваў цяперашні палітычны курс Лукашэнкі як «агідную здачу незалежнасці Беларусі, якая заваяваная ў тым ліку і Белавежскімі пагадненнямі».

Размова
Станіслаў Шушкевіч: Звяр’ё супрацьстаіць народу
2021.03.31 09:01

РР belsat.eu

Стужка навінаў