Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 4 траўня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі па стане на вечар 4 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Разбураны фасад жылога дому ў раёне Паўночная Салтаўка ў Харкаве, Украіна. 28 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Па інфармацыі Генеральнага Штабу ЗСУ, страты асабовага складу расейцаў з пачатку вайны дасягнулі 24500 чалавек. Паведамляецца, што найбольшыя страты за апошнія содні расейцы панеслі на Ізюмскім і Навапаўліўскім напрамках.

Разам з тым брытанская выведка паведаміла, што Расея бліжэйшым часам мае намер выйсці за межы Ізюму, каб захапіць Краматорск і Севераданецк. Такім чынам расейцы плануюць умацаваць вайсковы кантроль над паўночна-ўсходнім Данбасам, каб у выніку адсячы ўкраінскія сілы ў рэгіёне. Гаворыцца, што дзеля гэтага Расея разгарнула каля Ізюму 22 батальённыя тактычныя групы.

Увечары 3 траўня амаль па ўсёй тэрыторыі Украіны была абвешчана паветраная трывога. Паведамляецца пра серыю выбухаў у Львове і Кіеве, а таксама ў Вінніцкай вобласці і ў Далінскай абшчыне ў Кіраваградскай вобласці. Асноўныя ўдары прыйшліся на аб’екты чыгункі і электразабеспячэння.

Абноўлена
Увечары 3 траўня расейцы абстрэльваюць Украіну. Паветраная трывога аб’яўлена амаль па ўсёй тэрыторыі
2022.05.03 23:01

Міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу заявіў, што транспартныя сродкі NATO са зброяй і амуніцыяй для ЗСУ, якія прыбылі на тэрыторыю Украіны, будуць знішчацца. Разам з тым практычна ўсе краіны NATO ужо далі Украіне як мінімум ручную агнястрэльную зброю, сродкі абароны і боепрыпасы. Толькі ЗША выдаткавалі на гэтыя мэты каля 2,5 млрд долараў.

Тым часам прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон у чарговы раз паразмаўляў праз тэлефон з Уладзімірам Пуціным. Кіраўнік Францыі заклікаў забяспечыць далейшую эвакуацыю людзей з заводу «Азоўсталь» у Марыупалі. Таксама Макрон падкрэсліў, што гатовы і далей весці перамовы з Пуціным, каб дабіцца міру пры поўным захаванні суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.

4 траўня расейскія вайскоўцы прарваліся на тэрыторыю «Азоўсталі» у Марыупалі. Цяпер там ідуць баі. Знікла сувязь з байцамі, якія застаюцца на тэрыторыі заводу. Па словах мэра Марыупалю Вадзіма Бойчанкі, расейскія войскі атакуюць завод танкамі, артылерыяй, а таксама з караблёў і авіяцыі.

Мапа баявых дзеянняў ва Украіне па стане на 4 траўня 2022 г. Крыніца: Белсат

Міністэрства аграрнай палітыкі і харчавання Украіны паведаміла, што расейскія войскі вывезлі з акупаваных раёнаў Луганскай, Данецкай, Херсонскай і Запарожскай вобласцяў каля 400 тысяч тон збожжа. Пры гэтым усяго на тэрыторыях, якія аказаліся пад часовай расейскай акупацыяй, было каля 1,3 мільёна тон збожжавых. Адзначаецца, што харчаванне з Украіны расейцы вывозяць праз тэрыторыю часова акупаванага Крыму.

Міністэрства абароны Беларусі абвясціла 4 траўня пачатак «раптоўнага правярання сілаў рэагавання». Падчас правярання воінскія часткі і падраздзяленні будуць адпрацоўваць «пытанні прывядзення ў баявую гатовасць, учынення маршу ў прызначаныя раёны і выканання вучэбна-баявых заданняў». Удакладняюць, што склад сілаў, якія прыцягваюцца да правярання, будзе паэтапна нарошчвацца. Паводле Міністэрства абароны, правяранне носіць комплексны характар і не нясе ніякай пагрозы суседнім краінам.

Hавiны
Украінцы менш станоўча пачалі ставіцца да беларусаў
2022.05.04 18:10

ВК belsat.eu

Стужка навінаў