Палітыкі суседніх краінаў выказваюць спачуванні з нагоды смерці Станіслава Шушкевіча


Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, а таксама першы кіраўнік незалежнай Літвы Вітаўтас Ландсбергіс выказалі спачуванне з нагоды смерці Станіслава Шушкевіча. Першага кіраўніка незалежнай Беларусі не стала ноччу 4 траўня.

Станіслаў Шушкевіч. Крыніца: nv-online.info

Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі, памёр уначы 4 траўня ў Менску. Беларускаму дзеячу было 87 гадоў. Адрэагавалі на гэтую сумную навіну палітыкі суседніх краінаў.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда напісаў у сваім Twitter.

«З глыбокім шкадаваннем развітваюся са Станіславам Шушкевічам, першым кіраўніком і бацькам незалежнай Беларусі. Польшча ніколі не забудзе ягонай ролі ў распадзе Савецкага Саюзу ў 1991 годзе і стварэнні вольнай Беларусі, Украіны і іншых краінаў. Няхай спачывае з мірам!»

Былы кіраўнік Літвы Вітаўтас Ландсбэргіс (1990–1992) распавёў «Белсату», што са Станіславам Шушкевічам было прыемна сябраваць, проста размаўляць і лёгка весці перамовы.

«Вельмі шкада, што яго не стала. Станіслаў вельмі перажываў за Беларусь, за захаванне краіны як дзяржавы, за захаванне еўрапейскага існавання».

Станіслаў Шушкевіч быў адным з падпісантаў Белавежскіх пагадненняў, якія ў снежні 1991 года пахавалі СССР. З пасады старшыні Вярхоўнага Савету быў зняты ў пачатку 1994-га. Браў удзел у прэзідэнцкіх выбарах 1994 года, але ў другі тур не выйшаў. У 1995-м быў ізноў абраны ў Вярхоўны Савет Беларусі, уваходзіў у склад фракцыі «Грамадзянскае дзеянне». Увосень 1996-га падпісваў заяву ў Канстытуцыйны суд аб імпічменце Аляксандру Лукашэнку. У Палату прадстаўнікоў уваходзіць адмовіўся, далей браў удзел у дзейнасці Вярхоўнага Савету, паўнамоцтвы якога скончыліся ў 2001-м.

Hавiны
Не стала Станіслава Шушкевіча. Яму было 87 гадоў
2022.05.04 10:08

belsat.eu

Стужка навінаў