«Пагроза голаду». Расейцы вывезлі з Украіны каля 400 тысяч тон збожжа


Расейскія войскі вывезлі з Украіны каля 400 тысяч тон збожжа, паведамілі ў Міністэрствы аграрнай палітыцы і харчавання Украіны. Збожжа і прадукты харчавання вывозяцца з акупаваных раёнаў Луганскай, Данецкай, Херсонскай і Запарожскай вобласцяў.

Паводле словаў першага намесніка міністра аграрнай палітыкі і харчавання Тараса Высоцкага, на тэрыторыях, якія аказаліся пад часовай расейскай акупацыяй, было каля 1,3 млн тон збожжавых.

«Яны патрэбныя для забеспячэння штодзённай харчовай бяспекі, то бок харчавання ўкраінцаў, якія там жывуць, і выканання неабходных вясновых палявых працаў – сяўбы яравых культур. Ніякіх стратэгічных запасаў там не было», – заявіў Высоцкі.

Міністэрства атрымала пацвярджэнне, што расейцы вывезлі з кожнага рэгіёну каля 100 тысяч тон збожжавых – у цэлым 400 тысяч тон.

«Калі гэта будзе працягвацца і будуць вывозіцца не запасы, а тое, што там пакінулі да новага ўраджаю, з’явіцца пагроза голаду», – падкрэсліў Высоцкі.

Адзначаецца, што харчаванне з Украіны расейцы вывозяць праз тэрыторыю часова акупаванага Крыму. Расейскія войскі таксама мэтанакіравана знішчаюць месцы захоўвання і перапрацоўкі збожжа. Улады расейскіх рэгіёнаў не хаваюць, што харчаванне з Украіны будзе вывозіцца да іх, бо там яго бракуе праз дзеянне эканамічных санкцыяў, накладзеных на Расею.

Раней Мінабароны Вялікай Брытаніі паведамляла, што праз расейскае ўварванне ўраджай збожжавых ва Украіне можа знізіцца ў параўнанні з мінулым годам на 20%, і гэта стварае рэальную пагрозу глабальнай харчовай бяспецы.

Hавiны
Расейцы крадуць збожжа на акупаваных тэрыторыях
2022.04.30 23:40

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў