Падзеі ва Украіне ў люстэрку TikTok: як бачаць вайну падлеткі з Беларусі, Украіны і Расеі


Уплыў канкрэтных сэрвісаў сёння настолькі вялікі, што ў іх гонар называюць цэлыя падзеі: напрыклад, другая вядомая назва Арабскай вясны – «Twitter-рэвалюцыя». Пратэсты ў Беларусі 2020 года называлі Telegram-рэвалюцыяй. У выпадку вайны паміж Расеяй і Украінай у заходніх медыя ўжо з’явіўся новы тэрмін – «TikTok-вайна». Кітайская сацсетка дапамагла адсачыць сцягванне расейскіх войскаў задоўга да пачатку «спецаперацыі», а пазнейшыя відэаролікі дазваляюць убачыць баявыя дзеянні «ад першай асобы». Разбіраемся, які ваенны кантэнт бачаць у TikTok людзі з Беларусі, Украіны і Расеі.

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Solen Feyissa / Unsplash

Калі запытаць падлеткаў і маладзёнаў, адкуль яны бяруць інфармацыю і ў якой сацсетцы праводзяць найбольш часу, найчасцей мы пачуем пра TikTok.

Сацсеткі наагул апошнімі гадамі сталіся дамінантнаю крыніцай інфармацыі для мноства людзей. Асабліва яскрава гэта праяўляецца ў вострых сітуацыях і канфліктах: нехта перастае верыць афіцыйным звесткам і медыям, знаходзіць у інтэрнэце відавочцаў, якія часам бачаць больш за журналістаў, і схільныя давяраць менавіта ім.

Ёсць у гэтага і адваротны бок: у сацсетках з вялізнаю хуткасцю распаўсюджваецца дэзынфармацыя і фэйкі, што асабліва праяўляецца якраз у такіх канфліктах. TikTok, уся сістэма якога засноўваецца на прапанаваных відэа, не заўсёды з гэтым спраўляецца: ролікі да выдалення (калі іх выдаляюць наагул) паспяваюць набраць мільёны праглядаў. Відэа ваеннага сімулятара відэагульні «Arma 3», выявы выбухаў з ізраільска-палестынскі канфлікту, састарэлыя кадры страляніны ды анімацыя самалётаў з’яўляюцца ў сацыяльных медыях сайтаў, быццам яны адлюстроўваюць расейскае ўварванне ва Украіну.

Што такое TikTok

TikTok – гэта сацыяльная сетка і праграма для абмену кароткімі відэа з мноствам забаўляльных эфектаў. Выпушчаны на рынак у верасні 2016 года, TikTok асабліва папулярны сярод падлеткаў і школьнікаў, так званага пакалення Z. Прыкладанне распрацавала кітайская кампанія «ByteDance», пры гэтым у самым Кітаі TikTok недаступны.

Hавiны
Расейскія бізнесоўцы і карыстальнікі масава пакідаюць замежныя сацсеткі, але альтэрнатывы няма
2022.03.17 14:22

Алгарытм TikTok вядомы сваёй дэмакратычнасцю, ён прасоўвае кантэнт стыхійна, без дадатковых намаганняў карыстальнікаў, што дазваляе відэа хутка рабіцца віруснымі.

TikTok займае лідарскія пазіцыі ў маладых карыстальнікаў Украіны, Беларусі і Расеі.

Як вайна захліснула TikTok

З пачаткам вайны ва Украіне асобная медыйная лінія фронту разгарнулася і ў гэтым, здавалася б, забаўляльным сэрвісе. Там выкладваюць відэа з зонаў баявых дзеянняў і акупаваных гарадоў, паказваюць знішчаныя ракетамі дамы і жыццё ў бамбасховішчах, выходзяць у жывы эфір пад сірэны паветранай трывогі, выказваюць падтрыманне пацярпелым.

Напрыклад, знаходзім ролік з Мэлітопалю пра тое, як сотня маладзёнаў ідзе па вуліцы гораду і крычыць расейскім салдатам, каб яны сыходзілі. Салдаты адказваюць стрэламі ў паветра. Карыстальніца fitness_kotyk да вайны здымала кліпы, як правільна выконваць фізічныя практыкаванні. Цяпер яна здымае відэа пра жыццё ва Украіне ў ваенны час, у тым ліку пра жыццё ў бамбасховішчы.

Разам з тым, TikTok застаецца TikTok’ам: нягледзячы на страшныя падзеі, там дасюль публікуюцца гумарыстычныя відэаролікі. Калі ты смяешся, то перастаеш баяцца. Са змрочнымі сцэнамі суседнічаюць фотаздымкі кветак і смех сяброў у кавярнях як напамін пра мірнае жыццё ва ўкраінскіх гарадах.

Яшчэ да пачатку вайны ва Украіне ў TikTok зʼявіліся відэаролікі пра перамяшчэнне расейскай вайсковай тэхнікі. Людзі здымалі цягнікі з браняванаю тэхнікаю, рух па дарогах танкаў, якія ішлі ў бок Украіны. Гэтыя ролікі нават рабіліся прадметам вывучэння ваенных аналітыкаў.

Пасля пачатку ваенных дзеянняў блогеры ў TikTok пачалі заклікаць маліцца за Украіну, ахвяраваць на падтрыманне ўкраінскіх вайскоўцаў, дапамагаць уцекачам, патрабавалі, каб карыстальнікі, у прыватнасці расейскія, далучыліся да антываенных дзеянняў. Шмат якія ўкраінскія карыстальнікі выкарыстоўваюць платформу для абмену інфармацыяй з заходнімі аўдыторыямі, каб распавядаць праўду пра вайну з першых рук.

Сэрвіс зрабіўся настолькі ўплывовым у гэтым ваенным канфлікце, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі звярнуўся з прамоваю да расейскіх TikTok-блогераў як групы, якая можа дапамагчы скончыць вайну.

Расейскія лідары меркаванняў пачалі рабіць відэа, у якіх казалі, што нармальныя людзі ў Расеі не падтрымліваюць вайны. Аднак хутка такую дзейнасць спынілі: 4 сакавіка, праз 8 дзён з пачатку вайны, Расея ўвяла комплексны закон супраць «фэйкавых навінаў». Яго невыкананне можа прывесці да пазбаўлення волі да 15 гадоў. У выніку TikTok скасаваў магчымасць спампоўваць новы кантэнт у Расеі, а таксама цэнзуруе відэа пра вайну ва Украіне для карыстальнікаў з расейскім IP.

У афіцыйным тлумачэнні кампаніі гаворыцца: «(…) у святле новага расейскага закону аб фальшывых навінах, у нас няма іншага выбару, акрамя як прыпыніць трансляцыі і новы кантэнт для нашага відэасэрвісу ў Расеі, пакуль мы не разгледзім наступстваў гэтага закону для бяспекі нашых работнікаў і карыстальнікаў».

Адзначым, што ў Расеі ўжо заблакаваныя Facebook, Twitter, Instagram. TikTok пакуль працуе.

Як бачаць вайну ўкраінскія, расейскія і беларускія блогеры

Каб даведацца, як бачаць вайну карыстальнікі TikTok з Украіны, Расеі і Беларусі, мы стварылі тры розныя акаўнты з адпаведнымі наладамі для 18-гадовых хлопцаў – «украінца», «расейца» і «беларуса».

Калі новы карыстальнік TikTok робіць першы свайп, алгарытмы паказваюць серыю папулярных відэа, каб даведацца, што вам падабаецца. Калі вы затрымліваецеся на пэўных тэмах, алгарытмы высвятляюць вашыя цікаўнасці і прапануюць больш падобнага кантэнту. Ужо пасля трох кліпаў робіцца ясна, што розніца паміж «украінцам» і «расейцам» велізарная.

Украінец бачыць, як мужчыны ў ваеннай форме спяваюць патрыятычныя песні пра любоў да Украіны. Ці кажуць, што ісці на вайсковую службу – гэта мужчынскі абавязак. Ён таксама бачыць відэа, дзе дзіця носіць браняваную камізэльку і супрацьгаз ды кажа: «Я іду на вайну».

Расеец бачыць, як чалавек спатыкаецца ў вадзе ці як шчанюк ліжа качаня па галаве.

TikTok – гэта бясконцая стужка відэакантэнту. Пракручваем 50 відэаролікаў. 2/3 з іх вачыма ўкраінца – кантэнт, звязаны з вайной: бамбасховішчы, спаленыя танкі, ваеннапалонныя, дэманстрацыі супраць акупантаў у акупаваных гарадах, звароты ўкраінскіх вайскоўцаў, ваенныя мэмы і жарты (у тым ліку «А я зараз вам пакажу, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад»), эфіры і відэа сведак з акупаваных расейцамі гарадоў, якія здолелі ўратавацца.

Расеец бачыць толькі пяць відэа, звязаныя з вайной. Адно з іх – іранічны танец, які некалькі гадоў таму выканаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Але ніводнае з відэа не паказвае вайну як ёсць. Усё, што «бачыць» расеец, было зроблена да або ў самым пачатку вайны, да прыняцца закону супраць фэйкаў. Асноўная маса – гэта смешныя відэа, жарты, рэкламныя кампаніі брэндаў, песні рэпераў і г. д.

Нягледзячы на тое, што ва Украіне ўвесь час публікуюцца тысячы новых гісторыяў пра разбамбаваныя дамы і гарады, тыктокеры звяртаюцца да расейцаў на зразумелай ім мове, расейцы гэтага не бачаць.

Прымушаем «расейца» больш зацікавіцца вайною. Ставім падабайкі відэа, дзе ёсць кадры вайны, зброя, тэхніка, украінскі сцяг. Больш часу іх праглядаем. Не спрацоўвае. Тады спрабуем шукаць відэаролікі з баявых дзеянняў ва Украіне паводле гэштэгаў – яны проста не паказваюцца.

Як бачыць вайну ва Украіне «беларус»? Як і «ўкраінец», ён бачыць дастаткова шмат відэа пра вайну, але ў гэтым выпадку – як з праўкраінскіх, так і прарасейскіх поглядаў. Большасць, праўда, супраць вайны, за Украіну, але ёсць і такія, дзе падтрымліваецца Расея. Шмат відэа, прысвечаных дапамозе ўцекачам, быту вайскоўцаў, кадраў з украінскіх гарадоў, у тым ліку акупаваных (напрыклад, паказванне сярэдняга пальца ўслед расейскай вайсковай тэхніцы). Асаблівасцю можна назваць відэаролікі, дзе блогеры ці проста карыстальнікі тлумачаць украінцам, чаму беларусаў нельга лічыць агрэсарамі ў гэтай вайне і вінаваціць на адным узроўні з расейцамі.

Агулам, калі пачаць праглядаць больш такога кантэнту, сацыяльная сетка падкідвае відэа, вельмі падобнае характарам да тых, што паказваюцца «ўкраінцу».

Гумар і ваенныя трэнды

Акрамя ролікаў з абстрэламі і разважаннямі пра сітуацыю, украінскія карыстальнікі выкладваюць іранічныя і гумарыстычныя відэа пра атмасферу і жыццё ва Украіне ды любоў да радзімы.

Адным з трэндаў у TikTok стаўся жарт пра імбрык ва Украіне. У відэа чуваць свісток імбрыка, але карыстальнік згадвае, што прылада ў яго электрычная, і гэта гукі ваенных самалётаў ці ракетаў. Падпісваюць такія ролікі: «Калі жывеш ва Украіне».

Гумарыстычныя кліпы «Туды-сюды» здымаюць пра хованку ў сутарэннях і бамбасховішчах. Мэта такіх ролікаў – адлюстраваць кіданні жыхароў Украіны з дому ў бамбасховішчы і назад.

Прапануем вам падбор украінскіх блогераў, якія генеруюць кантэнт, які выклікае ўсмешку нават у найцямнейшы час:

Аналітыка
Эксперты: Вайна ва Украіне не завершыцца, пакуль адзін з бакоў не падпіша капітуляцыі
2022.05.03 21:31

СК belsat.eu

Стужка навінаў