Не стала Станіслава Шушкевіча. Яму было 87 гадоў


Уначы 4 траўня ў Менску памёр Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Рэспублікі Беларусь. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла ягоная жонка спадарыня Ірына. Беларускаму дзеячу было 87 гадоў.

Станіслаў Шушкевіч. Крыніца: nv-online.info

Станіслаў Шушкевіч – сын рэпрэсаванага беларускага пісьменніка. Вядомы беларускі навуковец. Быў народным дэпутатам СССР (1989), народным дэпутатам БССР (1990), абраны першым намеснікам старшыні Вярхоўнага Савету. Пасля жнівеньскага путчу 1991 года ачоліў парламент.

Станіслаў Шушкевіч быў адным з удзельнікаў Белавежскіх пагадненняў, якія ў снежні 1991 года пахавалі СССР. З пасады старшыні Вярхоўнага Савету быў зняты ў пачатку 1994-га. Браў удзел у прэзідэнцкіх выбарах 1994 года, але ў другі тур не выйшаў. У 1995-м быў ізноў абраны ў Вярхоўны Савет Беларусі, уваходзіў у склад фракцыі «Грамадзянскае дзеянне». Увосень 1996-га падпісваў заяву ў Канстытуцыйны суд аб імпічменце Аляксандру Лукашэнку. У Палату прадстаўнікоў уваходзіць адмовіўся, далей браў удзел у дзейнасці Вярхоўнага Савету, паўнамоцтвы якога скончыліся ў 2001-м.

Доўгі час ачольваў Беларускую сацыял-дэмакратычную Грамаду (з 2018-га – ганаровы старшыня). Смела крытыкаваў палітыку Лукашэнкі.

У красавіку сёлета стан здароўя Шушкевіча пагоршыўся пасля перанесенай каронавіруснай інфекцыі, нейкі час ён быў у рэанімацыі.

«Белсат» выказвае шчырыя і глыбокія спачуванні родным і блізкім Станіслава Шушкевіча.

Аналітыка
«Я магу гэтым толькі ганарыцца». 30 гадоў таму ў Беларусі ліквідавалі СССР
2021.12.08 10:05

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў