Кіраўнік НАУ Павел Латушка: Пуцін ужо прыняў пастанову аб анексіі Беларусі


Кіраўнік НАУ Павел Латушка падзяліўся ў жывым эфіры «Белсату» меркаваннем пра няпростае цяпер становішча Беларусі. Былы дыпламат мяркуе, што Уладзімір Пуцін ужо прыняў пастанову аб анексіі Беларусі, украінцы нарэшце пачалі лепш разумець складанасць беларускага пытання, а беларускай незалежнасці кінуты моцны выклік. Таксама палітык распавёў, калі гатовы вярнуцца ў Беларусь.

Павел Латушка. Крыніца: belarus-nau.org

Павел Латушка адзначыў, што вайна ва Украіне – простая пагроза незалежнасці Беларусі. Палітык дадаў, што самым страшным днём 2021 года для яго стаўся дзень публікацыі артыкулу Пуціна пра Украіну і тое, што ў ім не згадвалася Беларусь. Латушка мяркуе, што гэта азначала, што пытанне Беларусі для Крамля вырашанае. Пытанне толькі ў тым, у які момант гэта будзе выгодна Расеі і будзе афіцыйна абвешчаная анексія. Кіраўнік НАУ кажа, што не мае ніякіх ілюзіяй, якую палітыку будзе праводзіць РФ у дачыненні Беларусі:

«Любое рашэнне Пуціна, за выключэннем ядравай вайны, не станецца больш негатыўным за тое, што адбываецца ва Украіне. Я правёў 13 сустрэчаў з кіраўнікамі МЗС краінаў ЕЗ ды іхнымі намеснікамі. Казаў, што нельга забываць пра Беларусь, якая дэ-факта акупаваная, і мы стаім перад пагрозай анексіі. Пуціну цяпер асабліва трэба паказаць станоўчы вынік».

Палітык адзначае, што пасля 24 лютага Беларусь сышла на другі план.

Аналітыка
Эксперты: Вайна ва Украіне не завершыцца, пакуль адзін з бакоў не падпіша капітуляцыі
2022.05.03 21:31

«Мы прыкладаем намаганні і разважаем, якія інструменты ўздзеяння мы можам выкарыстоўваць і як знайсці выйсце для беларускай дзяржаўнасці з гэтай звышскладанай сітуацыі», – адзначыў спадар Латушка.

Кіраўнік НАУ паведаміў, што на ўсіх сустрэчах з высокапастаўленымі еўрапейскімі чыноўнікамі кажа пра пытанне маральнасці, бо Лукашэнка ўжо здзейсніў безліч злачынстваў да вайны. У краіне – тысяча палітычных вязняў, трывае пераслед і арышты, запалохванне і г. д. Палітык адзначыў, што асаблівую ўвагу ў галіне дыпламатыі аддае высвятленню, ці вядуць краіны ЕЗ «гульні пад сталом» з рэжымам Лукашэнкі. Міністры замежных справаў Нямеччыны і Аўстрыі запэўнілі Паўла Латушку, што іхныя краіны не маюць кантактаў з прадстаўнікамі Лукашэнкі і не збіраюцца адварочвацца ад народу Беларусі, які прагне дэмакратычных пераменаў.

Візіт Святланы Ціханоўскай у Варшаву. У межах візіту лідарка дэмакратычных сілаў разам з кіраўніком НАУ Паўлам Латушкам спаткалася з кіраўніком Польшчы Анджэем Дудам, палітыкам Дональдам Тускам ды іншымі прадстаўнікамі польскай палітыкі. 25 сакавіка 2022 года.
Фота: КК / Белсат

Апроч таго, палітык падзяліўся думкамі, што можа цяпер зрабіць беларус, каб супрацьстаяць анексіі:

«Што зробіць беларускі грамадзянін, каб не дазволіць анексіі? Цяжка быць беларусам ці ў Беларусі ці ў эміграцыі. Мы заўжды выступаем супраць. Мы павінны выказаць удзячнасць беларусам, якія змагаюцца за незалежнасць і свабоду! Падзякаваць партызанам, якія дзеялі на чыгунцы, і тым, хто выходзіў на пратэсты. Падзякаваць тым, хто са зброяй у руках змагаецца супраць Расеі».

Артыкулы
«The Washington Post»: Беларускія партызаны дапамаглі спыніць напад расейцаў на Кіеў
2022.04.24 19:28

Палітык паведаміў, што за апошні час меў шэраг канфідэнцыйных кантактаў з Кіевам. Нарэшце ва Украіне пачалі разумець, што беларусы маюць іншае гледзішча, чымся рэжым Лукашэнкі:

«Некаторыя палітыкі захапілі кручок – давайце не будзем раздражняць звера. Але Лукашэнка слабы. Цяпер рэвалюцыю павінны здзейсніць беларусы, самі павінны стварыць нацыянальна-вызвольны рух. «Мы адкладзем Лукашэнку на потым» – гэта памылковая стратэгія. Лукашэнка слабы, і трэба з ім разбірацца цяпер».

Павел Латушка расказаў, калі будзе гатовы вярнуцца ў Беларусь:

«Я буду гатовы паехаць у Беларусь, калі зразумею, што мы выходзім у рашучую фазу для вырашэння нашага пытання. Не проста тады, калі можна будзе спакойна прыехаць і ўзняць нацыянальны сцяг. Калі будзе вырашальная фаза, я прыеду. Цяпер паехаць у Беларусь азначае наўпрост сесці ў турму».

Кіраўнік НАУ лічыць, што Лукашэнка не захоча сам пакідаць пасаду, бо ён гулец, які будзе гуляць да апошняга. Ён змяняе цяпер свой уплыў на сілавы апарат. Палітык яшчэ больш занепакоены колькасць расейскіх агентаў уплыву ў атачэнні Лукашэнкі:

«Змена Лукашэнкі на каго заўгодна не задаволіць нас. Замест яго можа прыйсці расейскі генерал. Але мы не можам нават на 90 % спрагназаваць, што адбудзецца. У такіх умовах можна стацца назіральнікам за падзеямі. Але ці можна на канапе назіраць, як знікае краіна? Пакуль Беларусь – гэта тэрыторыя на мапе і сцяжок у ААН. Лукашэнка адказны за тое, што Беларусь такою стала».

Фота мае ілюстрацыйны характар. Расейскія дэсантныя войскі на парадзе. 9 траўня 2015 года.
Фота: Wikimedia Commons

Палітык лічыць, што адно з галоўных заданняў цяпер – вывесці расейскія войскі з тэрыторыі Беларусі. І дадаў, што расейскія войскі – перманентная пагроза не толькі Украіне, але і краінам ЕЗ:

«У гэтым кантэксце Беларусь застаецца ў ценю, і я баюся, што еўрапейскія палітыкі могуць ізноў здзейсніць стратэгічную памылку. У 2020-м еўрапейцы не змаглі ўжыць кансалідаваных санкцыяў і аказаць належны ціск на рэжым. З-за гэтага мы стварылі рух «пакарай марыянетку Пуціна». Лукашэнка сам сказаў, што калі б яму не ўдалося здушыць пратэстаў, не было б гэтай вайны».

Нагадаем, што ў Беларусі супраць Паўла Латушкі завялі 7 крымінальных справаў. Генеральная пракуратура хоча спагнаць у палітыка амаль $ 3 млн і Br 2,308 млн за «здзейсненую Латушкам шкоду – фінансаванне незапатрабаваных кінапраектаў» у 2011 годзе, а таксама Br 4,163 млн за «пагромы, падпалы і знішчэнне маёмасці па закліках Каардынацыйнай рады».

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў