Колькі беларусаў супраць вайны ва Украіне? Інтэрвʼю з сацыёлагам Андрэем Вардамацкім


«Вайна ва Украіне. Беларуская грамадская думка». Даследаванне пад такой назвай правяла Беларуская аналітычная майстэрня пад навуковым кіраўніцтвам сацыёлага, прафесара Андрэя Вардамацкага. Даследаванне правялі па тэлефоне 15-26 сакавіка 2022 года. Колькасць рэспандэнтаў 1000 асобаў. Вынікі даследавання паказалі стаўленне беларусаў да Расеі, адносіны ў выкарыстанні Расеяй тэрыторыі Беларусі для агрэсіі супраць Украіны, а таксама да магчымага ўводу арміі Беларусі ва Украіну для ўдзелу ў ваенных дзеяннях. Падрабязнасці прадставіў у інтэрв’ю Сяргею Пелясе ў праграме «ПраСвет» аўтар апытання Андрэй Вардамацкі.

Сяргей Пеляса: Як, паводле сацыялагічных даследаванняў, беларусы ставяцца да вайны Расеі супраць Украіны?

Андрэй Вардамацкі: Вы, вядома, разумееце, што гэта вялікая з’ява, і ёсць вялікая колькасць паказнікаў, індыкатараў, паводле якіх можна вымяраць. Я прывяду тры з іх, верагодна, найбольш важныя і атрыманыя ў выніку агульнанацыянальнага рэпрэзентацыйнага апытання з выбаркі на 1000 рэспандэнтаў. Гэта стаўленне беларусаў да розных відаў актыўнасці, звязанай з вайной. Першы параметр: як вы ставіцеся да таго, што дзейная ўлада размясціла расейскія войскі ў Беларусі? Адмоўна да гэтага ставяцца 37 % апытаных, станоўча – 45 %. Гэта класічны падзел з ухілам на адмоўную дамінанту.

Другі параметр: стаўленне да выкарыстання тэрыторыі і інфраструктуры Беларусі для рэалізацыі ваенных дзеянняў Расеі супраць Украіны. Тут карціна іншая, яна зрушваецца. Адмоўна – 62 %, станоўча – 29 %. Тут 2/3 ставяцца адмоўна.

І трэці параметр, імаверна, самы важны з усіх відаў вымярэння адносна вайны і беларускай грамадскай думкі: як вы ставіцеся да магчымага ўводу беларускіх войскаў на тэрыторыю Украіны для ўдзелу ў ваенных дзеяннях? Тут карціна зусім іншая. Станоўча да гэтага ставяцца 11 % беларусаў. Кожны 10. Можна казаць пра негатыўнае стаўленне грамадскай думкі да патэнцыйнага ўводу беларускіх войскаў на тэрыторыю Украіны.

Аналітыка
Андрэй Вардамацкі: Вайна ва Украіне пераструктуруе геапалітычныя арыентацыі беларусаў
2022.04.26 16:40

СП: Ці было нешта ў гэтым даследаванні, якое праводзілася ў незвычайны час і ў незвычайнай сітуацыі, што вас здзівіла?

АВ: Такая з’ява была. Сацыялагічнае поле праводзілася праз значны адрэзак часу пасля пачатку вайны, тры тыдні, з 15 да 23 сакавіка. Здагадка экспертаў, як міжнародных, так і беларускіх, палягала на тым, што стаўленне да Расеі зменіцца ў беларусаў. Зменіцца базавая геапалітычная арыентацыя. Выбар паміж усходам, РФ, і арыентацыяй на Еўразвяз. Калі казаць канкрэтна, то адбудзецца пагаршэнне стаўлення да Расеі. Гэтага не адбылося. З аднаго боку, мы бачым адмоўнае стаўленне да патэнцыйных ваенных дзеянняў беларускіх войскаў на тэрыторыі Украіны. Але агульнае стаўленне да Расеі не змянілася. Гэта для экспертнай супольнасці дзіўны факт. Ёсць гэтаму пэўнае тлумачэнне: працяглая супольная гісторыя, падабенства менталітэту, каштоўнаснае падабенства. Таму стаўленне агулам да Расеі – рэч цяжказмяняльная.

З іншага боку, у грамадскай думцы, калі яна змяняецца, рэагуючы на тыя або іншыя падзеі ў грамадскім жыцці, адбываецца часавы лад. Ён працяглы. Паглядзім, што будзе далей. Можа быць тры варыянты развіцця стаўлення да Расеі. Магчыма, адбудзецца крышталізацыя, то бок узмацненне пазіцыяў як прарасейска арыентаваных грамадзянаў Беларусі, так і праеўрапейскіх за кошт змяншэння колькасці нявызначаных. Другі варыянт – калі будзе назапашвацца парцыйны адкол іміджу Расеі, калі будуць назапашвацца негатыўныя ацэнкі Расеі паводле асобных параметраў, у гэтым выпадку вонкавапалітычных. Па меры назапашвання адбываецца разрэджванне агульнага іміджу. Трэці варыянт – пагаршэнне стаўлення да Расеі. Такі варыянт магчымы, але без паляпшэння стаўлення да Еўропы.

СП: Якая карціна аб светапоглядзе беларускага грамадства датычна стаўлення да вайны Расеі супраць Украіны складаецца ў вас пасля таго, як вы атрымалі і прааналізавалі даследаванні? Якія важныя высновы вы б хацелі агучыць пра тое, што вы ўбачылі ў выніку гэтага даследавання?

АВ: Ёсць два моманты. Каб акрэсліць агульную карціну, мае сэнс разглядаць беларускую грамадскую думку ў рамках грамадстваў трох краінаў: Расеі, Украіны і Беларусі. На дзвюх крайніх пазіцыях – расейская грамадская думка (напраўду большасць расейцаў падтрымліваюць афіцыйную пазіцыю Крамля) і ўкраінская грамадская думка (рэзка радыкальна не падтрымлівае, гэта натуральна). Беларусы размяшчаюцца пасярэдзіне. Для тлумачэння гэтага апісання я ўвёў панятак «беларускі зазор». Гэта розніца паміж беларускай і расейскай грамадскай думкай. З іншага боку – розніца з украінскай грамадскай думкай. Беларуская грамадская думка адрозніваецца ад расейскай у вялікай колькасці параметраў на 25 %. У стаўленні да Крыму, напрыклад.

СП: Вы маеце на ўвазе, што менш беларусаў, прыкладна на 25 %, прымае анексію Крыму.

АВ: Слушна. Паводле звестак 2014-га прыкладна 2/3 беларусаў падтрымлівалі далучэнне Крыму, а расейская грамадская думка падтрымлівала ў ліках за 90 %. І была розніца прыкладна на 25 %. І гэтая сітуацыя захоўвацца. Другі момант, які не закраналі: ідзе іншы паралельны працэс фармавання стаўлення да вайны, які будзе відазмяняцца, звязаны з эканомікай. Што сапраўды змянілася – адбылося пагаршэнне эканамічнага самаадчування нацыі паводле вялікай колькасці індыкатараў. Усюды ідзе негатыўная дынаміка. Беларусы вайны часцяком проста не бачаць, такая рэальнасць, а пагаршэнне эканамічнай сітуацыі беларусы адчуваюць. І не з медыяў, а на сваім досведзе. Тут пытанне, што горш для беларусаў: вайна ці пагаршэнне эканамічнай сітуацыі.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет»

Фота: belsat.eu

Стужка навінаў