Апошняя цытадэль: як выжывалі і як эвакуяваліся марыупальцы з «Азоўсталі»


Металургічны завод «Азоўсталь» у Марыупалі падчас вайны Расеі з Украінай стаў сапраўдным сімвалам нязломнасці ўкраінскіх вайскоўцаў, якія абараняюць аточаны расейскімі войскамі горад. Насуперак пастаянным атакам, блакадзе і баям у горадзе байцы «Азова» і марской пяхоты гераічна працягваюць трымаць абарону. У бункерах пад заводам, спалучаных сістэмай тунэляў, хаваюцца ад расейскіх «вызваленчых» снарадаў і абаронцы, і некалькі соцень мясцовых жыхароў – старыя, жанчыны, дзеці. Увесь гэты час яны выжывалі ва ўмовах блакады – без ежы, вады, сувязі ды газу. Цяпер апошняя цытадэль амаль цалкам разбураная пад ударамі звышцяжкіх боепрыпасаў расейскай арміі. Праз два месяцы частку цывільных з «Азоўсталі» ўдалося эвакуяваць. Трэцяга траўня паўтары сотні марыупальцаў прыехалі ў Запарожжа.

Жанчына з дзіцем выступае перад прэсай, калі жыхары Марыупалю, у тым ліку эвакуяваныя з «Азоўсталі», прыбываюць у Запарожжа, Украіна. 3 мая 2022 года.
Фота: Dmytro Smolyenko / Zuma Press / Forum

Шанец на выратаванне

На працягу ўсяго гэтага часу ўкраінскае кіраўніцтва працавала над тым, каб выратаваць марыупальцаў з «Азоўсталі» і вывезці іх на падкантрольныя Украіне тэрыторыі. Нарэшце 1 траўня пры спрыянні ААН і Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа мірныя жыхары пачалі эвакуявацца. Упершыню з пачатку вайны тут на два дні спыніліся абстрэлы. Людзям, якія хаваліся ў іншых раёнах, дазволілі пакінуць горад у панядзелак, 2 траўня. Дэталі эвакуацыі не раскрываліся да апошняга – каб не сарваць выратавальнай аперацыі, арганізаванай з вялікімі цяжкасцямі. Але выратаваць удалося толькі частку мірных жыхароў. Вайскоўцы, параненыя і некалькі сотняў цывільных застаюцца ў бункерах.

Пажылыя жанчыны і маці з маленькімі дзецьмі караскаюцца па кучы абломкаў на тэрыторыі заводу «Азоўсталь». Ім дапамагаюць выбрацца на паверхню з цёмных бункераў людзі ў блакітных камізэльках. Недалёка салдаты голымі рукамі, без тэхнікі, разбіраюць завалы і абломкі, каб выратаваць людзей з бетоннай пасткі.

Жанчыны, аказваючыся на паверхні, мружацца ад святла сонца, няўпэўнена, крок за крокам ідуць па дарозе. Побач з імі дзеці, як дарослыя, азіраюцца па баках. У іх вачах няма страху, толькі вялікая стомленасць. Урэшце яны садзяцца ў эвакуацыйны аўтобус.

«У нас ужо амаль не засталося ежы, вады і лекаў. Дзеці заўсёды хацелі есці. Ведаеце, дарослыя могуць і пачакаць», – кажа адна з жанчын.

Як толькі аўтобусы з людзьмі ад’ехалі, расейцы пачалі зноўку абстрэльваць завод з усіх відаў узбраення: авіяўдары, карабельная артылерыя, танкі – з паветра, мора і зямлі. Не зважаючы, што на заводзе застаюцца мірныя жыхары, сярод якіх некалькі дзясяткаў маленькіх дзяцей. На тэрыторыі «Азоўсталі» таксама застаюцца целы загінулых украінскіх байцоў і шмат параненых, якія паміраюць без медыкаментаў. Іх не дазваляюць вывезці. Удзень 2 траўня паветраныя ўдары акупантаў выклікалі надзвычай магутны пажар на заводзе.

Запарожжа, Украіна. 3 мая 2022 года.
Фота: Dmytro Smolyenko / Zuma Press / Forum

Вайскоўцы Нацыянальнай гвардыі Украіны, якія абараняюць Марыупаль, заклікалі міжнародную супольнасць і ўкраінскае вайскова-палітычнае кіраўніцтва аб’яднаць намаганні для бяспечнай эвакуацыі цывільных і параненых ды для вывазу целаў загінулых. Яны таксама спадзяюцца выратаваць гарнізон. Намеснік камандзіра палка «Азоў» Святаслаў Паламар заявіў агенцтву «Associated Press», што патрэбныя гарантыі ад «трэцяга боку: палітыкаў, сусветных лідараў – якія будуць весці перамовы з расейскім бокам, каб вывесці нас адсюль».

Уначы на 3 траўня расейская авіяцыя скідала магутныя бомбы на прадпрыемства, а ўдзень акупанты распачалі чарговы беспаспяховы штурм «Азоўсталі». У выніку бамбавання загінулі дзве цывільныя жанчыны.

Запарожжа

Увечары 3 траўня 156 марыупальцаў з «Азоўсталі» прыбылі ў падкантрольны ўкраінскім уладам горад Запарожжа, за 230 км ад Марыупалю. Там яны атрымаюць прытулак, гарачую ежу, медыкаменты і харчы. Таксама медычную і псіхалагічную дапамогу. З нейкай прычыны расейцы выпусцілі з гораду не ўсіх цывільных – частка эвакуацыйных аўтобусаў з’ехала пустымі.

У Запарожжы бачым пікет з сямі жанчын. Яны трымаюць плакаты з надпісамі «Захавайце вайскоўцаў Марыупалю». Адна з жанчын кажа, што яе 28-гадовы сын цяпер абараняе горад. Там жа застаецца 20-гадовы брат дзяўчыны, якая стаіць побач. Яны эмацыйна заклікаюць выратаваць украінскіх вайскоўцаў.

«Расейцы называлі жонак украінскіх вайскоўцаў прастытуткамі і вайсковымі падсцілкамі»

18-гадовая Надзея ўсе два месяцы правяла ў бункерах «Азоўсталі». Яе туды прывёз ейны малады чалавек. Хлопца параніла аскепкам, яго забралі ў марыупальскі шпіталь, і з 9 сакавіка дзяўчына яго больш не бачыла. Кажа, маладзён хацеў застацца ў Марыупалі. І застаўся.

«Калі мы выехалі з гораду, прыпыніліся і паглядзелі на горад збоку. Плакалі. Бо над ім было воблака чорнага-чорнага дыму. Усё гарэла. Мы даведаліся, што як толькі выехалі, расейцы пачалі моцна абстрэльваць завод. Там застаюцца каля 200 цывільных і 30 дзяцей», – кажа Надзея.

Надзея, 18 гадоў. Крыніца: Белсат

У бункерах «Азоўсталі» было няпроста. Ежу цывільным прыносілі ўкраінскія вайскоўцы. Апошні месяц – аддавалі свае харчы і ваду.

«Яны самі елі адзін раз на дзень, калі не атрымлівалася – наогул не елі. Заходзілі праведваць нас. Яны вельмі харошыя. Прыносілі нам інфармацыю, што адбываецца, стараліся весяліць нас, як маглі. Мы вельмі ім удзячныя за гэта і хочам, каб іх адтуль забралі, вельмі за іх перажываем. Там застаюцца шмат загінулых вайскоўцаў і параненых, якіх неабходна забраць. Ніякай медычнай дапамогі няма, людзі сцякаюць крывёю і проста паміраюць», – распавядае Надзея.

Падчас эвакуацыі з тэрыторыі заводу іх вывозілі ўкраінскія вайскоўцы, затым іх перадалі расейскім. Расейцы адвезлі ўсіх у паселішча Безыменнае, прыкладна за 30 км на ўсход ад Марыупалю, дзе быў усталяваны шэраг светла-блакітных намётаў. Там марыупальцы праходзілі так званую «фільтрацыю». Пасля гэтага аўтобусы накіраваліся ў Запарожжа. Увесь гэты час іх суправаджалі супрацоўнікі ААН і Міжнароднага Чырвонага Крыжа.

«Мы ім удзячныя, бо адчувалі сябе ў бяспецы. Падчас фільтрацыі ў лагеры нас распраналі, абшуквалі, правяралі дакументы, тэлефоны. Я цяпер перажываю, думаю, што ў тэлефоне праслушка. Не ведаю, што з ім рабіць. Правяралі татуіроўкі, шукалі шнары, глядзелі пальцы – ці я не страляла са зброі. Задавалі правакацыйныя пытанні, нават хутчэй сцвярджэнні: «Вас білі». Хацелі проста нагаварыць на нашых вайскоўцаў. На нас коса паглядалі, з жонкамі ўкраінскіх вайскоўцаў паводзіліся груба, абражалі, называлі прастытуткамі і вайсковымі падсцілкамі. Толькі таму, што мы едзем ва Украіну, назад, дадому», – узгадвае дзяўчына.

«Дапамажыце нашым вайскоўцам. Ім патрэбна дапамога»

Хлопчыку Вову 14 гадоў. Ягоны тата – вайсковец. Ён прывёз сям’ю на «Азоўсталь», бо гэта было самае бяспечнае месца ў горадзе. Там, не бачачы сонца, хлопчык прасядзеў каля 2 месяцаў.

«Тата застаўся там. Я хацеў бы яму перадаць, што з намі ўсё добра, і каб ён быў акуратнейшы», – кажа Вова, стоячы каля эвакуацыйнага аўтобуса.

Ён распавядае, як у бамбасховішчы яны елі аўсянку з лопухам, з лупінамі, якія есці нельга. Мужчыны бегалі ў суседні будынак, рызыкавалі жыццём, каб прыгатаваць паесці. Калі пасля двух месяцаў хлопчык апынуўся на паверхні зямлі, то некаторы час не мог глядзець з непрывычкі – балелі вочы ад сонца.

З «Азоўсталі» іх таксама вывозілі ўкраінскія вайскоўцы, потым перадалі расейцам. Затым людзей вазілі кругамі амаль па ўсёй тэрыторыі, якую захапілі акупанты, да Мангушу. Людзі пераначавалі ў намётах, а на наступны ранак паехалі ў Бярдзянск. Тут адбылася «фільтрацыя».

«Дапамажыце нашым вайскоўцам. Яны застаюцца на «Азоўсталі», у шчыльным коле. Ім патрэбная дапамога», – звяртаецца хлопчык праз журналістаў, якія сустрэлі яго ў Запарожжы.

Дарэчы, фільтрацыю на акупаванай тэрыторыі трэба праходзіць усім жыхарам. Нават каб перамяшчацца паміж сёламі, трэба і фільтраванне прайсці, і на машыну дазвол атрымаць, а ён сапраўдны тры дні. Да фільтрацыйных лагераў выстройваюцца вялікія чэргі, людзі займаюць месца і чакаюць соднямі.

«Расейцы абяцалі жанчынам дасылаць галовы іхных мужоў у скрынях»

Каля аўтобуса ў коле журналістаў жанчына распавядае, што падчас фільтрацыі расейскія вайскоўцы ціснулі на людзей псіхалагічна, казалі, маўляў, мы прыйдзем за вамі ўсімі, мы будзем прасоўвацца далей і захопім усю ўсходнюю частку краіны, да Кіева.

«Пакуль вельмі незразумелыя пачуцці ад усяго. Бяспека – так, але няясна, што далей. Ёсць страх, што яшчэ нічога не скончылася, таму хочацца падалей уцячы ад гэтага жаху. Але пасля вярнуцца ва Украіну і жыць тут», – кажа жыхарка Марыупалю.

З ейных словаў, каб атрымаць пропуск і выехаць з гораду на ўласным транспарце, трэба чакаць каля двух месяцаў: пададзена 13 тысяч заявак, а прымаюць толькі па 150 за дзень.

«Тое, што мы бачылі ў горадзе, калі выязджалі, – гэта проста «каробкі», і ўсярэдзіне – вялізныя чорныя дзіркі. Там няма дамоў. Пры выездзе была вельмі сурʼёзная праверка. Нас распраналі, у майткі да жанчын зазіралі. Правяралі ўсе заплечнікі, цалкам выварочвалі, правяралі тэлефоны, усе перапіскі чыталі. Жанчынам, у якіх былі знаёмыя вайскоўцы ці ў паліцыі, пагражалі, казалі, што іх знойдуць, абяцалі дасылаць галовы мужоў у скрынях», – распавядае Кацярына, якая эвакуявалася разам з двума дзецьмі.

«Я падумала, што нас вязуць у Расею, і ўсю дарогу плакала»

Эліне 54 гады, яна выехала з «Азоўсталі» з мужам, дачкой і зяцем. Раней яна працавала ў аддзеле тэхнічнага кантролю на камбінаце, у тым жа будынку, дзе цяпер было іх бамбасховішча.

Эліна, 54 гады. Крыніца: Белсат

«Калі ўсё трэслася, мы знайшлі пратэрмінаваны валідол і пілі яго, каб супакоіць нервы. Страшна стала тады, калі нам сказалі, што бункер не вытрымае прамога трапляння. Нас заваліць, атрымаецца такая брацкая магіла. А мы добра разумелі, што ратаваць нас няма каму. Побач абвальваліся будынкі з вялікімі плітамі, і выратаваць нас у выпадку завалу без спецтэхнікі было б нерэальна», – узгадвае самы страшны момант жанчына.

У іх бамбасховішчы было 56 чалавек. Спачатку вывелі 11, пасля яшчэ траіх.

«Кожную ноч я клалася і малілася Богу: «Госпадзе, калі ласка, няхай усе бомбы праляцяць міма нашага бамбасховішча. Хаця б не трапіла ў нас. Каб мы выжылі». Я малілася, каб маё дзіця выжыла. Каб не прапаў наш род.

Я не ведаю лёсу маёй мамы – ёй 82 гады. Калі я ёй тэлефанавала, яна адказвала: «Эля, не панікуй. Нічога не будзе! Пуцін не пасмее, яму не дадуць», – кажа Эліна.

Вайскоўцы час ад часу прыходзілі і распавядалі, што адбываецца на паверхні, якія кварталы, дамы знішчаныя. Паказвалі здымкі. Аднойчы Эліна даведалася, што і ейны дом у Марыупалі цалкам разбамбілі. Стаіць дзевяціпавярховік: сцены стаяць, а сярэдзіна абвалілася. Усё згарэла, нічога не засталося – ні жылля, ні сродкаў на існаванне. Але марыупальцы ўжо змірыліся з гэтым. Галоўнае, што жывыя. Праўда, некаторыя «жыхары падзямелля» так і не паверылі, што засталіся без жытла, так і ўпэўненыя, што вернуцца.

«У нас быў хлопчык у бамбасховішчы, 4 гады. Ён увесь час казаў: «Мама, я хачу есці». Яна кажа, што ўдома ён так шмат не еў, а тут увесь час просіць. Яна яму кажа: «Ты ж гэтага не любіш». А ён: «Я люблю, усё люблю».

Неяк мы перабіраліся ў іншае бамбасховішча, каб вызваліць месца для параненых. На хлопцаў было балюча глядзець. Рукі ўсмятку, праз адкрытыя раны былі бачныя косткі. А там жа ні лекаў, ні перавязачных матэрыялаў няма», – распавядае жанчына.

Украінскія вайскоўцы прыходзілі з пытаннем, што трэба для цывільных. Эліна – астматык, і папрасіла інгалятар. Дзесьці знайшлі і прынеслі.

«Расейцаў я проста бачыць не магла. У бамбасховішчы хвалявалася, каб нас толькі сілком у Расею не вывезлі. Я прывыкла жыць ва Украіне, што свабодна тут кажу тое, што думаю. А тамака ж нельга. Калі нас пасадзілі ў аўтобусы на эвакуацыю, павезлі, гляджу – едзем па таганрогскай трасе. Я спалохалася, што вязуць у Расею. Не ведала, што вязуць у фільтрацыйны лагер. І пакуль мы ехалі ў Безыменнае, я ўсю дарогу плакала. Пасля, калі ўбачыла запарожскія аўтобусы, то зразумела, што ўсё нармальна. Параненых з намі ў аўтобусе не было. Нашыя вайскоўцы сказалі, што калі яны будуць разам з намі, то падвергнуць нас небяспецы», – узгадвае жанчына.

Эвакуяваныя марыупальцы з «Азоўсталі» распавядаюць, што фактычна заводу ўжо няма, яго сцерлі з твару зямлі, засталіся толькі сховішчы, і тое некаторыя ўжо заваленыя. Святла там не было. Вадой і ежай дапамагалі ўкраінскія вайскоўцы, яны адкопвалі нейкія разбамбаваныя склады, апошнімі днямі прыносілі ўжо свае пайкі.

У адным з бамбасховішчаў было каля 70 чалавекі, 10 старых, каля 17 дзяцей. Сярод іх – адзін зусім маленькі дзяцёнак, 5–6 месяцаў. Ён два месяцы жыў і рос пад зямлёй. Навучыўся сядзець сярод шэрых сценаў пад грукат абстрэлаў і практычна палову свайго маленькага жыцця не бачыў сонца.

У іншым бамбасховішчы знайшлі муку, і адна жанчына пякла хлеб. Яго наразалі тоненькімі скібкамі, і гэта было такое шчасце – убачыць гэты хлеб, адчуць яго пах. Пах мірнага жыцця.

Людзі кажуць: тое, што яны галадалі, былі брудныя, у вільгаці, цвілі – было не так страшна. Страшна было тое, што ад іх нічога не залежыць.

Марыупаль: трэці месяц пекла

Агрэсія Расеі выклікала ў Марыупалі адну з найвялікшых гуманітарных катастрофаў. Захопнікі бамбуюць бяззбройных жыхароў з першых дзён вайны, блакуюць гуманітарную дапамогу, дэпартуюць украінскіх грамадзянаў у дэпрэсіўныя рэгіёны Расеі, апрацоўваюць іх расейскай прапагандай. Расейцы зладзілі ў горадзе не толькі фізічную, але і інфармацыйную блакаду: пры адсутнасці незалежнай інфармацыі некаторыя жыхары вераць сцвярджэнням расейскай прапаганды, што салдаты РФ маршыруюць па Хрэшчатыку, Харкаў узяты, а прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў марыупальцаў «здраднікамі» ды паабяцаў адправіць у турму кожнага.

Гісторыі
«Вяртацца няма куды». Гісторыя ўцёкаў з Марыупалю на пабітых аскепкамі «Жыгулях»
2022.04.16 12:52

Да гэтай пары ў заблакаваным Марыупалі застаюцца тысячы мірных жыхароў. Многія дамы разбураныя, сістэмы жыццезабеспячэння практычна адсутнічаюць. Колькасць загінулых невядомая. Паводле розных ацэнак, іх ад некалькіх тысячаў да больш як 20 тысячаў. Акупанты запэўніваюць, што ствараюць гуманітарныя калідоры для мірных жыхароў Марыупалю, але працуюць гэтыя калідоры толькі ў адзін канец – на падкантрольныя Расеяй тэрыторыі.

Марыупаль працягваюць абараняць байцы палку «Азоў», марская пяхота, мотастралкі. Украінскія байцы, тысяча цывільных і каля 600 параненых больш за два месяцы хаваліся пад вялізным сталеліцейным заводам «Азоўсталь», пабудаваным у савецкую эпоху, які цяпер ператварыўся ў сапраўдную цытадэль. Гэта адзіная частка гораду, не занятая расейскімі войскамі.

Кіраўнік Мінабароны Расеі Сяргей Шайгу яшчэ 21 красавіка заявіў аб узяцці Марыупалю, акрамя «Азоўсталі». Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін тады заявіў, што штурм заводу не патрэбны, і загадаў яго заблакаваць.

Марыупаль, Украіна. 3 мая 2022 года.
Фота: Peter Kovalev / TASS / Forum

Лідары краінаў Захаду, генеральны сакратар ААН, Папа Рымскі заклікаюць Расею забяспечыць эвакуацыю мірных жыхароў з «Азоўсталі».

СП belsat.eu

Стужка навінаў