Вячорка распавёў пра перамовы ў траўні: «З боку рэжыму жадання няма, але мы працягваем ціснуць»


Даведка

Штаб Святланы Ціханоўскай назваў травень месяцам, калі пачнуцца перамовы з Лукашэнкам. Пасярэднікамі запрошаныя Расея і заходнія краіны. Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка распавёў, што збоку рэжыму няма жадання, каб дыялог хутка пачаўся, паведамляе «Наша Ніва».

Для пасярэдніцтва ў такой размове запрашаліся Расія і заходнія краіны.

«Мы імкнёмся стварыць умовы для пачатку дыялогу. Мы гатовыя размаўляць. Рэжым – не. Няма жадання з боку рэжыму, каб дыялог хутка пачаўся. Але мы набліжаемся да гэтага. Вядома, планы трошку збіла сітуацыя з «замахам» на Лукашэнку, з абвінавачаннямі ў тэрарызме», – падкрэсліў ён.

Вячорка распавёў, што ў найбліжэйшыя тыдні будзе абвешчана аб некалькіх мерапрыемствах, якія павінны стаць пачаткам дыялогу: «Адно з іх прысвечана палітычнай рэформе ў Беларусі, другое – новым выбарам. І плануем вялікую канферэнцыю на высокім узроўні па выхадзе Беларусі з крызісу, з удзелам урадаў і парламентаў краін ЕС, ЗША, Вялікай Брытаніі, туды будуць запрошаныя прадстаўнікі рэжыму і Расеі».

Па яго словах, у Менску ўжо цяпер працуе замежная медыятарская група, якая раней вырашала ўкраінскі крызіс. Таксама працягнецца ціск праз санкцыі ЗША і ЕС, а беларускае пытанне абмяркуе Рада міністраў Еўрасаюза.

«Вельмі моцна памяняўся кантэкст у параўнанні з сакавіком. У любы момант сітуацыя можа змяніцца. Рэпрэсіі і істэрычныя заявы Лукашэнкі паказваюць, што ніякай еднасці і маналітнасці ўнутры рэжыму няма. І я хачу падкрэсліць, што ніякія перамовы не пачнуцца, пакуль у турмах знаходзяцца палітвязні», – падкрэсліў дарадца.

Франак Вячорка мяркуе, што рэжым Лукашэнкі набірае як мага больш закладнікаў, каб даражэй іх прадаць: «Утрымліваць сістэму з настолькі закручанымі гайкамі немагчыма, плюс не самыя лепшыя тэндэнцыі ў эканоміцы. Таксама будзем імкнуцца, каб не дапусціць гандлю палітвязнямі ў абмен на зняцце санкцый».

Пра загадкавыя квіткі да Менску для Вячоркі і Ціханоўскай дарадца сказаў, што яны былі набытыя яшчэ да таго, як Ціханоўскай выставілі абвінавачанне ў тэрарызме: «Тым не менш хачу запэўніць, што ў Беларусь мы абавязкова вернемся».

Нагадаем, у сакавіку Генпракуратура Беларусі завяла крымінальную справу за падрыхтоўку акту тэрарызму.

«Генеральнай пракуратурай на падставе матэрыялаў, прадстаўленых Камітэтам дзяржаўнай бяспекі і МУС, у дачыненні да Ціханоўскай і ўдзельнікаў так званай ініцыятывы BYPOL распачатая крымінальная справа за падрыхтоўку акту тэрарызму арганізаванай групай паводле арт.289 Крымінальнага кодэкса. Названыя асобы некалькі дзён таму спрабавалі здзейсніць выбухі і падпалы на тэрыторыі сталіцы і іншых гарадоў. Затрыманы з доказамі злачынства грамадзянін Малейчук ужо даў паказанні пра арганізатараў і ўдзельнікаў тэракту», – распавёў генеральны пракурор Андрэй Швед.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў