«Веру ў шчаслівую будучыню». Як страйковец з «Нафтану» змагаецца за аднаўленне на працы


Сумленна прапрацаваў 20 гадоў на «Нафтане», далучыўся да страйку – і быў незаконна звольнены. Аляксандр Капшуль з Наваполацку спрабуе аднавіцца на працы. Ён распавёў «Белсату», чаму далучыўся да страйку і як улады ціснуць на забастоўку.

Далучыўся да страйку, бо не мог болей трываць

«Я веру ў шчаслівую будучыню, інакш бы ў гэта не ўвязваўся», – прызнаецца Аляксандр Капшуль.

Сапраўды, яму было што губляць. На «Нафтане» Аляксандр працаваў юрысконсультам з 2000 года, прыйшоў адразу пасля ўніверсітэту. Гэта ягонае адзінае месца працы.

Аляксандр Капшуль. Фото: vk.com/npbelnp

Да страйку ён далучыўся 4 снежня. Раней намагаўся паўплываць на сітуацыю праз сваю працу.

«Я займаўся прававым суправаджэннем дзейнасці. То бок глядзеў законнасць загадаў і распараджэнняў. Атрымліваецца, мог тармозіць незаконныя загады».

Аляксандр вырашыў далучыцца да страйку, бо магчымасцяў уплываць на сітуацыю знутры было ўсё меней і меней. Апошняй кропляй стала звальненне актывістаў, якія зачыталі зварот да мясцовых органаў улады і рэспубліканскага ўраду. Аднак усё роўна рашэнне не было лёгкім.

«Мне было цяжка наважыцца на такое. Гэта маё адзінае месца працы… Плюс у мяне ёсць двое дзяцей і матуля ў сталым веку, якой трэба апекавацца. З аднаго боку, я разумею, што раблю правільна, але ўсё роўна страшна. Усё-ткі губляеш працу».

Звальненне проста ў судзе

Паводле закону Аляксандра не маглі звольніць з працы без рашэнне прафзвязу. Бо мужчына быў прафзвязным актывістам на «Нафтане». А каб звольніць такога чалавека, неабходны дазвол ад арганізацыі. Аднак «Нафтан» націснуў на праўладны прафсаюз, і гэты пункт дамовы быў прыпынены.

Звольнілі Аляксандра 16 лютага, калі ён быў у судзе – абараняў інтарэсы аднаго з сябраў незалежнага прафзвязу. Проста туды прыйшоў супрацоўнік аддзелу кадраў разам з прадстаўніком службы эканамічнай бяспекі і аддалі яму загад на звальненне і працоўную кніжку.

«Усе мае аргументы пра тое, што ў краіне прававы дэфолт, улада захопленая і праваахоўныя органы пераўтварыліся ў карныя, эфекту не мелі. Адзначу, што майго меркаваннч аніхто асабліва не пытаў», – кажа ён.

Даведка

Аднак Аляксандр вырашыў змагацца за свае правы і прыкладна праз месяц падаў пазоў наконт свайго звальнення. Праўда, справа асабліва не прасунулася – у Наваполацкім судзе шмат працы, таму пазоў пераслалі ў Полацкі суд. На 22 красавіка быў прызначаны разгляд, але мужчына захварэў на COVID-19, таму паседжанне перанеслі. У справядлівасць рашэння не верыць.

«Я ведаю, што суд анічога не зменіць. На працы мяне не адновяць. У нас жа цяпер «не да законаў», – кажа ён.

Дарэчы, у адрозненне ад Глеба Сандраса – іншага страйкоўца, які апынуўся ў падобнай сітуацыі, Аляксандру нічога ніколі не плацілі. Нават нягледзячы на тое, што ён мае акцыі «Нафтану».

«Не ведаю, ад чаго залежыць, будуць табе плаціць хоць штосьці, пакуль не звольнілі», – зазначае Аляксандр.

Артыкулы
«Атрымоўваецца заганнае кола». Як страйкоўца «Беларуськалію» не звальняюць ужо 8 месяцаў
2021.04.20 09:30

Што цяпер адбываецца на «Нафтане»?

На «Нафтане» справы ідуць не вельмі добра. Страйкуюць прыкладна 39 чалавек. Аднак з іх не ўсе звольненыя – шмат з кім сітуацыя не вызначаная. Людзі не хочуць быць звольненымі, а звольніць іх паводле закону не могуць. Абыходных шляхоў не прыдумалі, таму большасць страйкоўцаў у падвешаным стане.

Заробкі пакуль што выплачваюцца стабільна.

«Памятаю, у 2000-х гадах у «Нафтану» былі вялікія запазычанасці. У цэхах маглі нават ацяпленне адключаць за пазыкі, але заробкі і нават прэміі выплачвалі рабочым. Таму я перакананы, што плаціць будуць. Усё-ткі ёсць запасы, і банкі яшчэ гатовыя даваць крэдыты».

Ля МТЗ натоўп сустракае работнікаў заводу крыкамі «Малайцы!», «Дзякуй!», «Забастоўка». Менск, Беларусь. 18 жніўня 2020 г.
Фота: Belsat.eu

Галоўная праблема прадпрыемства цяпер – амерыканскія санкцыі. Аляксандр прыгадвае, што нават папярэднія амерыканскія санкцыі моцна адбіліся на «Нафтане».

«Цяжка было купляць абсталяванне і праводзіць плацяжы праз еўрапейскіх пасярэднікаў. Натуральна, што санкцыі будуць старацца абысці, магчыма, зробяць нейкія кампаніі-пасярэднікі. Але цяпер сітуацыя змянілася. Тады Еўропа была больш лаяльная да Беларусі. А цяпер – не. Таму сітуацыя можа стаць вельмі і вельмі балючай. Прычым закране ўвесь нафтавы сектар і партнёраў. Бо санкцыі накладуць і на тыя кампаніі, якія проста працуюць з «Нафтанам». Вось і расейцы пачынаюць задумвацца, ці варта з беларусамі супрацоўнічаць. Усё-ткі амерыканскіх санкцыяў аніхто не хоча».

Аналітыка
Ці спыніць Расея пастаўкі нафты ў Беларусь праз амерыканскія санкцыі? Тлумачаць эканамісты
2021.04.28 14:25

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў