Улады краіны, пагражаючы еўрапейскаму бізнесу, страляюць сабе ж у нагу


4 траўня Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Раманам Галоўчанкам, заявіў, што калі Еўразвяз працягне палітыку санкцыяў, то праз гэта еўрапейскі бізнес у Беларусі можа пацярпець. Эканамісты ў размове з «Белсатам» адзначаюць, што ўлады краіны, робячы такія заявы, страляюць сабе ў нагу.

Лукашэнка падчас размовы з прэмʼерам Раманам Галоўчанкам запатрабаваў, каб яму падалі інфармацыю пра найбольш буйныя еўрапейскія праекты ў Беларусі. На думку Лукашэнкі, неабходна паглядзець на іх працу. Такая заява прагучала пасля пагрозы, што калі ЕЗ працягне палітыку санкцыяў, то еўрапейскі бізнес у Беларусі можа пацярпець.

Сустрэча Лукашэнкі з Галоўчанкам.
Фота: president.gov.by

Але галоўным пацярпелым у выніку абмежаванняў ці ліквідацыі еўрапейскіх прадпрыемстваў у Беларусі стане айчынная эканоміка.

«Безумоўна, гэта будзе шкода ў першую чаргу для эканомікі Беларусі. Тым больш, што замежныя прадпрыемствы – эфектыўныя, інавацыйныя прадпрыемствы, якімі мы ганарыліся», – кажа Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка BEROC.

Акрамя планаў уздзейнічаць на еўрапейскі бізнес Лукашэнка заявіў таксама і пра перакрыццё транзіту праз нашую краіну.

«Будуць у Расею ездзіць праз… будуць хадзіць па Балтыцы, перавозіць грузы, і вакол Іспаніі – у Міжземнае мора і праз Чорнае мора, калі ім дрэнна з нармальнай Беларуссю ў цэнтры Еўропы».

Палітыка «бамбіць Варонеж» у беларускім выкананні

У нашай краіне замежных буйных кампаніяў з еўрапейскім капіталам усяго некалькі дзясяткаў. Сярод флагманаў – «Raiffeisen Bank» (Аўстрыя), які мае ў Беларусі «Прыёрбанк», «Telekom Austria Group» – уладальнік кампаніі «А1», «Heineken NV», валодае піваварнымі «Рэчыца-піва» і «Сябар», «Carlsberg Group» валодае прадпрыемствам «Піўзавод Аліварыя», «ATEC Holding» (Аўстрыя) – вытворчасць шкла, а швейцарская кампанія «Stadler Rail Group» стварыла завод «Stadler Менск». Абмяжоўваць дзейнасць гэтых сучасных кампаніяў у Беларусі стала б стрэлам сабе ў нагу, лічаць эканамісты.

Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

«Гледзячы, што будзе ўведзена. Напрыклад, у нас працуе еўрапейскі «Прыёрбанк». Гэта адзіны банк у краіне з еўрапейскім капіталам, які абслугоўвае даволі шмат крытычна важных для эканомікі прадпрыемстваў, якія якраз выбіраюць еўрапейскую надзейнасць. Таму, калі ўвядуць санкцыі ў дачыненні банку, гэта будзе даволі моцны ўдар па банкаўскай сістэме, і гэта пацягне падзенне даверу да яе.

Калі вядзецца пра тое, што цяпер прыпынім увесь транзіт праз Беларусь і няхай увозяць тавары праз краіны Балтыі, то гэта будзе вельмі моцны стрэл у нагу. Трэба разумець, што экспарт транспартных паслугаў, а гэта ў першую чаргу транзіт – гэта экспарт, які дае выручку большую, чым ІТ. Гэта істотныя паступленні валюты і вялізная частка эканомікі краіны. І калі мы застанемся без гэтага, то ўжо ніякія санкцыі больш будуць не патрэбныя.

Таму можа быць забарона дробнага бізнесу, дробнай вытворчасці. Але гэты крок проста закрые ўсе спадзяванні на прыход хоць якіх-кольвек інвестыцыяў. Або гэта можа быць нешта кшталту «бамбіць Варонеж», але ў беларускім выкананні», – кажа Кацярына Барнукова.

Замежныя інвестары пакідаюць Беларусь

Замежныя інвестыцыі ў Беларусь у мінулым годзе паводле падлікаў Белстату склалі 8,7 млрд долараў ЗША. Пры гэтым у 2019 годзе замежныя інвестары ўклалі 10 млрд долараў ЗША інвестыцыяў у рэальны сектар эканомікі Беларусі, а ў 2018 годзе – 10,8 млрд долараў ЗША.

Пасля жнівеньскіх падзеяў мінулага года замежны капітал і так пакідае нашую краіну. Згодна з афіцыйнай статыстыкай, летась у нашай краіне закрылі свае фірмы 108 замежных кампаніяў, а зарэгістравалі новы бізнес толькі 70 інвестараў.

Даведка

«Я думаю, што інвестыцыі і так у Беларусь практычна не паступаюць. А вось апошняя заява стала апошнім званочкам для інвестараў, якія разглядалі тут магчымасць весці бізнес. Тым больш, інвестары не спяшаюцца, яны разглядаюцца на працягу нават некалькіх гадоў.

Але трэба разумець, што большая частка інвестыцыяў у Беларусі – гэта рэінвестыцыі прадпрыемстваў з замежным капіталам. Таму калі нашыя міністэрствы рапартуюць, што летась у нас выраслі інвестыцыі, то насамрэч яны раслі толькі цягам першага паўгоддзя, да пачатку палітычнага крызісу. А потым пачалі скарачацца, грошы пачалі выводзіць з краіны. А далей будзе яшчэ горш. Раней было меркаванне, што краіна не будзе сама сабе рабіць кепска. А вось цяпер высвятляецца, што могуць быць розныя варыянты», – падкрэслівае Кацярына Барнукова.

Hавiны
Эксперты: Перспектывы Беларусі пры Лукашэнку – рост беднасці, эміграцыі, залежнасці ад Масквы
2021.03.19 17:20
Эканоміка з Чалым
Як тонуць беларускія прадпрыемствы
2021.04.15 20:30
Эканоміка з Чалым
Беларусь – самая бедная краіна Еўропы?
2021.03.25 19:30

СК belsat.eu

Стужка навінаў