«Прарасейская партыя зусім не патрэбная Пуціну ў Беларусі» – палітолаг

Стала вядома, што прарасейскую партыі «Союз» мінюст не зарэгіструе. Палітолаг Аляксандр Марозаў з Прагі расказаў у простым эфіры «Белсат», чаму так адбылося і якой на гэта будзе рэакцыя Крамля.

Аляксандр Марозаў кажа, што так і меркавалася, што афіцыйны Менск будзе перашкаджаць рэгістрацыі гэтай партыі – прарасейская партыя Лукашэнку не патрэбная. Але тое самае, на думку палітолага, тычыцца, як ні дзіўна, і пазіцыі Крамля.

Аляксандр Марозаў. Фота: ductus.cz

«Крэмль, Уладзімір Пуцін, расейскі істэблішмент, як я разумею, збіраецца працаваць з кіруючай партыяй Беларусі, калі яна аформіцца ў новым выглядзе пасля канстытуцыйнай рэформы – з так званай «Единой Беларусью». І ў гэтым сэнсе прарасейская партыя зусім не патрэбная Пуціну, у адрозненні, скажам, ад Украіны, дзе Крэмль рабіў стаўку на тое, каб раскалоць Украіну», – кажа ён.

У Беларусі, на думку палітолага, наўпрост процілеглая сітуацыя. Крэмль збіраецца не расколваць Беларусь, а мацаваць наяўны істэблішмент.

«Безумоўна, мы бачым, што Крэмль і Пуцін падтрымалі Лукашэнку палітычна падчас гэтага працяглага крызісу, выкліканага выбарамі. Але трэба сказаць, што

для Крамля справа не ў самым Лукашэнку, а ў тым, каб Беларусь захоўвалася ў сваім статусе, як зараз, каб яна не рухалася нікуды ў сваім развіцці, а заставалася тым, чым яна з’яўляецца ва ўяўленні Крамля, то бок нейкай, якая хоць і валодае адметным статусам, але расейскай губерняй».

На думку Марозава, Пуцін успрымае Лукашэнку, як ён успрымаў Юрʼя Лужкова, «то бок, як даволі самастойнага, шкоднага палітычнага ветэрана, але ветэрана той жа самай сістэмы».

Марозаў кажа, што беларускі істэблішмент не прадэманстраваў ніякага кола людзей, якія гатовы былі б узяць на сябе адказнасць за далейшае ўзаемадзеянне з Масквой – ні ў грамадзянскіх, ні ў сілавых структурах такіх людзей не выявілася. Таму Крамлю тут не на што абапірацца.

Як няма і сэнсу абапірацца на прарасейскую партыю.

«Зразумела, што яна ў Беларусі маргінальная, значна больш маргінальная, чым ва Украіне падобныя партыі. Бо няма такой тэрыторыі ў Беларусі, якая адчувала б сябе больш рускай, чым уся іншая Беларусь. І спецыфічна руская партыя – гэта не зразумела, што такое ў Беларусі. Яна асуджаная заставацца маргінальнай. Крэмль або мог абаперціся на частку эліты беларускай, або застацца з Лукашэнкам», – кажа Марозаў.

Палітолаг лічыць, што непрызнанне Лукашэнкі на Захадзе, – важнае для Крамля. Але важнае ў іншым сэнсе.

«Лукашэнка і Пуцін утварылі саюзную дзяржаву, але не тую, што планавалася. Гэта альянс двух дыктатараў. Яны абодва пад санкцыямі, і абодва фармулююць прыкладна адну і тую ж вайну з Захадам. У гэтым сэнсе для Пуціна важна, што Лукашэнка апынуўся ў гэтым становішчы. Гэта робіць Лукашэнку слабейшым, меней манеўраным і больш залежным ад Крамля. На няшчасце, тут утварыўся такі новы монстр», – кажа Марозаў.

АВ, belsat.eu

Hавiны