Польскі тэлеканал TVP пазбавіцца карэспандэнта ў Маскве


Томаш Ендрыхаў

Журналісту TVP Томашу Ендрыхаву паведамілі ў Міністэрстве замежных спрваў Расеі, што яго акрэдытацыя і працоўная віза не будуць падоўжаныя, паведамляе агенцтва PAP. Перад гэтым польскія ўлады забаранілі ўезд на тэрыторыю краіны расейскаму журналісту.

Ендрыхава выклікалі ў Міністэрства замежных справаў Расеі на мінулым тыдні. Яму паведамілі аб рашэнні не працягваць дзейную акрэдытацыю, якая закончыцца ў верасні гэтага года.

Томаш Ендрыхаў працаваў у Маскве з 2016 года пастаянным карэспандэнтам Польскага тэлебачання.

У сакавіку гэтага года расейскі журналіст, карэспандэнт тэлеканалу «Россия» Яўген Рашатнёў на просьбу кіраўніка Службы ваеннай контрвыведкі Польшчы быў унесены ў спіс непажаданых асобаў на тэрыторыі краіны. Польскія ўлады цвердзяць, што Рашатнёў збіраў інфармацыю, якая выкарыстоўвалася для расейскіх дзеянняў супраць Польшчы, у тым ліку дзеянняў дэзынфармацыйнага характару. Расейцу забаранілі ўезд у Польшчу на пяць гадоў, а ўезд у Шэнгенскую зону – на тры гады.

АА belsat.eu

Стужка навінаў