Лукашэнка пазбавіў званняў больш за 80 былых вайскоўцаў і сілавікоў


Аляксандр Лукашэнка.
Фота: Metzel Mikhail / TASS / Forum

Аляксандр Лукашэнка 4 мая падпісаў указ № 174, якім больш за 80 былых вайскоўцаў і супрацоўнікаў розных сілавых ведамстваў пазбаўленыя воінскіх і спецыяльных званняў, паведамляе яго прэс-служба.

Пакуль няма інфармацыі, чые прозвішчы пералічаныя ва ўказе.

«У перыяд абвастрэння грамадска-палітычнага становішча ў краіне з мэтай яе дэстабілізацыі асобныя вайскоўцы і супрацоўнікі нагняталі пратэстныя настроі ў грамадстве, арганізоўвалі і ўдзельнічалі ў несанкцыянаваных мерапрыемствах, размяшчалі ў сетцы Інтэрнэт экстрэмісцкія матэрыялы, заклікалі да радыкальных дзеянняў, публікавалі асабістыя дадзеныя дзяржаўных служачых, журналістаў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, выступалі з абвінавачваннямі, абразамі і пагрозамі ў іх адрас.

Дыскрэдытуючы гонар і годнасць вайскоўца і супрацоўніка, праяўлялі знявагу дзяржаўных сімвалаў, выкідалі службовыя пасведчанні, здымалі пагоны, адмаўляліся ад выканання службовых абавязкаў. У дачыненні да шэрагу з іх узбуджаны і расследуюцца крымінальныя справы, у тым ліку за арганізацыю актаў тэрарызму.

Такія дзеянні несумяшчальныя са статусам вайскоўца і супрацоўніка сілавога ведамства », – сказана ў паведамленні.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў