Чацверты пакет санкцыяў ЕЗ адкладаецца мінімум да чэрвеня


Чацверты пакет санкцыяў Еўразвязу супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі не будзе гатовы да 10 траўня, калі пройдзе саміт ЕЗ аб замежных справах. Пра гэта паведаміў карэспандэнт радыё «Свабода» ў Бруселі Рыкард Юзьвяк.

Раней паведамлялася, што Беларусь унесеная ў парадак дня пасяджэння Рады міжнародных справаў Еўразвязу. Аднак паводле інфармацыі Юзьвяка, чацвёрты пакет санкцыяў ЕЗ супраць рэжыму Лукашэнкі не будзе гатовы да 10 траўня. Магчыма, разгледзяць яго падчас чэрвеньскай сустрэчы, «калі Беларусь будзе адным з асноўных пунктаў парадку дня».

«Дагэтуль не зразумела, прапануе пакет група краінаў ЕЗ або Еўрапейская служба замежнапалітычнай дзейнасці», – дадае журналіст.

У пачатку красавіка дарадца Святланы Ціханоўскай у міжнародных пытаннях Франак Вячорка паведаміў, што краіны Еўразвязу падалі свае прапановы адносна чацвёртага пакету санкцыяў, і да канца месяца санкцыі могуць быць абвешчаныя. Паводле Вячоркі, гаворка ішла пра 197 прозвішчаў і некалькі дзясяткаў кампаніяў. Аднак у красавіку санкцыі так і не былі зацверджаныя.

У прэс-службе Святланы Ціханоўскай belsat.eu пракаментавалі рашэнне адкласці ўвядзенне 4 пакету санкцый наступным чынам: «Наколькі нам вядома, беларускае пытанне стаіць на парадку дня сустрэчы міністраў замежных спраў Еўразвязу і ў траўні (агульнае абмеркаванне), а ў чэрвені будзе абмяркоўвацца асобным пунктам. Зараз Еўразвяз працуе над тым, каб спіс быў максімальна эфектыўным і шырокім. Чацвёрты пакет санкцый плануецца ўвесці паміж гэтымі двума сустрэчамі: травеньскай па агульных пытаннях і чэрвеньскай – з адмысловым абмеркаваннем Беларусі.

Пры гэтым хочам падкрэсліць, што Офіс Святланы Ціханоўскі займаецца шырокім спектрам пытанняў узаемадзеяння з ЕЗ, санкцыі – гэта толькі адзін пункт парадку дня. Да прыкладу, ідзе падрыхтоўка Ўсёабдымнага плану дапамогі ЕЗ для Беларусі».

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў