Абвесцілі прысуд сябрам ініцыятыўнай групы Ціханоўскай у Гомлі

Суд над сябрамі ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Фота: gp.by

Суддзя Аляксей Хлышчанкоў у Чыгуначным судзе Гомля прысудзіў пакаранне, якое запрошвалі дзяржабвінаваўцы Дзяніс Мікушаў і Астапенка.

Гэтак, Хлышчанкоў пакараў Таццяну Канеўскую 6 гадамі калоніі агульнага рэжыму, Юрыя Уласава – 6,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму, Аляксандра Шабаліна і Дзмітрыя Івашкова – 6 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму. Іх абвінавацілі ў «масавых беспарадках» і планаванні «захопу адміністрацыйных будынкаў» па папярэдняй змове.

Юрый Уласаў таксама мусіць сплаціць маральную кампенсацыю – па 2500 рублёў кожнаму з шасці пацярпелых міліцыянтаў і яшчэ 550 рублёў мыта.

Усе асуджаныя не прызналі сваёй віны. Праваабарончай супольнасцю яны ўсе прызнаныя палітычнымі зняволенымі.

Судовы працэс над сябрамі ініцыятыўнай групы экс-кандыдаткі на прэзідэнцтва Беларусі Святланы Ціханоўскай у Гомлі распачаўся 12 красавіка. Прадстаўнікоў недзяржаўных медыяў на судовыя паседжанні не пускалі.

«Наша мама ў палоне». Пакуль палітзняволеная Таццяна Канеўская за кратамі, ад рэпрэсіяў цярпіць уся сям’я

МГМ, belsat.eu

Hавiны