«Яны стралялі ў нашых дзяцей». Валанцёр расказаў пра тое, што пабачыў у Бучы


Украінскі валанцёр Андрэй Баброўскі, які некалькі дзён правёў у вызваленай Бучы, падзяліўся з карэспандэнтам «Белсату» эмоцыямі і назіраннямі.

Забітыя мірныя жыхары пасля сыходу расейскіх войскаў на трасе ў 20 кіламетрах пад Кіевам, Украіна. 2 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

«Мне бракуе словаў, каб апісаць пабачанае. Я думаю, усе здымкі з замардаванымі і забітымі людзьмі вы ўжо бачылі. Гэта насамрэч страшна…» – кажа Андрэй Баброўскі.

Расказвае, што прабыў у Бучы два дні, 2-га і 3-га красавіка. Андрэй суправаджаў вайскоўцаў Збройных сілаў Украіны, бо добра ведае мясцовасць – выконваў, па сутнасці, ролю сталкера. Валанцёр размаўляў таксама з мясцовымі жыхарамі, публікуючы відэа іх расповедаў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку». А 4-га красавіка выехаў з Бучы, каб суправаджаць аўтобус з гуманітарным грузам у напрамку Гастомлю.

Андрэй Баброўскі расказаў, што ў самой Бучы зараз увялі каменданцкую гадзіну. Вайскоўцы праводзяць зачыстку, сапёры разміноўваюць тэрыторыю, каб маглі заехаць гуманітарныя канвоі. Таксама збіраюць целы забітых і закатаваных, рыхтуюць іх да пахавання.

«Аднак хтосьці з валанцёраў усё роўна заязджае туды, прывозіць «гуманітарку», забірае адтуль тых, хто хоча выехаць. Але, ведаеце, людзі, якія там заставаліся да сёння і якія ўсё гэта перажылі, кажуць, што ім ужо нічога не страшна.

Патроху-патроху там аднаўляецца калі не нармальны рытм жыцця, дык намёк на яго: спрабуюць аднавіць падачу электраэнергіі, водазабеспячэнне», – расказаў спадар Андрэй.

«Найстрашнейшае, што я бачыў…»

«Вы самі можаце зразумець, у якім зараз стане могуць быць людзі, якія месяц пражылі там без камунікацыяў, без нармальнага харчавання, без доступу да медычнай дапамогі Цяжка гэта ўсё, цяжка. Людзей вельмі шкада. Дзяцей проста неймаверна шкада. І я не ведаю, як пасля ўсяго гэтага можна будзе нармальна суіснаваць з такім… суседам», – дадае.

Кажа, што большасць дзяцей з Бучы былі вывезеныя да акупацыі, але некаторыя заставаліся ў горадзе.

«І найстрашнейшае, што я бачыў – гэта закатаваныя дзеці. Яны стралялі ў нашых дзяцей, і катавалі, і гвалцілі маленькіх дзяўчынак. І за нашых дзяцей, якіх мы там страцілі, мы… я не ведаю, як такое можна забыць», – кажа Андрэй Баброўскі.

Расказвае таксама пра жывёлаў, загінулых у пажарах і ад голаду. Пра тое, што бачыў у дамах, якія пасля свайго перабывання «пакідалі оркі».

Інтэрв’ю
«Стралялі альбо ў патыліцу, альбо ў сэрцы». Аповед сведкі пакаранняў смерцю жыхароў Бучы ў акупацыі
2022.04.04 11:39

«У нейкіх населеных пунктах яны лютавалі, у іншых – проста марадзёрылі. Але тое, што адбывалася ў Ірпяні і Бучы – гэта сапраўдны жах», – кажа наш суразмоўца.

Ён не здзіўлены тым, што расейская прапаганда спрабуе праўду аб бойні ў Бучы перавярнуць у фэйк.

«А сапёрам – працаваць і працаваць»

«Глядзіце, я запрашаю кожнага расейца паехаць разам са мной. Я правязу, правяду, пакажу і пысай тыкну. Калі яны вераць там свайму тэлебачанню, то я гатовы асабіста суправаджаць і паказваць. А потым хай застаюцца ў нас і аднаўляюць тое, што нарабілі калі не сваімі рукамі, дык рукамі сваіх знаёмых, братоў і родных», – прапануе Андрэй Баброўскі.

Кажа, што пад Бучай, Ірпянём, Гастомлем зараз ціха. Калі і гучаць выбухі – гэта значыць працуюць сапёры.

«А сапёрам там – працаваць і працаваць», – сцвярджае Андрэй Баброўскі.

4 красавіка Бучу наведаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Ён заявіў, што Расея чыніць ваенныя злачынствы і генацыд ва Украіне. У «Вікіпедыі» ўжо з’явілася старонка «Бучанская разня». Паводле пададзеных звестак, у Бучы загінула больш за 300 чалавек. Дзеянні расейскай арміі ва Украіне ў 2022 годзе параўноўваюць цяпер з самымі гучнымі і крывавымі ваеннымі злачынствамі апошніх дзесяцігоддзяў.

Аналітыка
Ад Срэбрэныцы да Новых Алдоў. З якімі гістарычнымі падзеямі параўноўваюць бойню ў Бучы
2022.04.04 17:35

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў