Ад Срэбрэныцы да Новых Алдоў. З якімі гістарычнымі падзеямі параўноўваюць бойню ў Бучы


Belsat.eu распавядае пра самыя гучныя і крывавыя ваенныя злачынствы апошніх дзесяцігоддзяў, з якімі цяпер параўноўваюць дзеянні расейскай арміі ва Украіне ў 2022 годзе.

Забітыя мірныя жыхары пасля сыходу расейскіх войскаў на трасе ў 20 кіламетрах пад Кіевам, Украіна. 2 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Пасля вызвалення ўкраінскімі войскамі Кіеўскай вобласці стала вядома пра шматлікія ваенныя злачынствы на акупаваных тэрыторыях. Расейскія войскі пакінулі пасля сябе выпаленыя паселішчы, сотні мірных жыхароў былі забітыя, ёсць інфармацыя пра згвалтаванні і паўсюднае марадзёрства.

Найбольш жахлівыя звесткі прыходзяць з Бучы, горад проста «засеяны трупамі». Мірных жыхароў забівалі стрэлам у патыліцу, у некаторых былі звязаныя рукі. Амбасадарка Вялікай Брытаніі ў Кіеве Мэлінда Сіманз (Melinda Simmons) заявіла, што маецца дастаткова доказаў, каб можна было казаць пра свядомыя і ўхваленыя расейскай арміяй дзеянні, а не адзінкавыя злачынствы.

Інтэрв’ю
«Стралялі альбо ў патыліцу, альбо ў сэрцы». Аповед сведкі пакаранняў смерцю жыхароў Бучы ў акупацыі
2022.04.04 11:39

Бойню ў Бучы цяпер параўноўваюць з разнёй у баснійскай Срэбрэныцы або злачынствамі расейскіх вайскоўцаў падчас вайны ў Чачэніі. А раней некаторыя медыі праводзілі паралелі паміж аблогай Сараева ў 1992–1996 гадах і аблогай Марыупалю ў 2022-м.

Ваенныя злачынствы падчас вайны ў Харватыі

Вайна паміж харватамі і сербамі ў пачатку 1990-х суправаджалася ўзаемнымі этнічнымі чысткамі і масавымі забойствамі. Мірных харватаў забівалі падчас разні ў Ловасе і Шкабрні, сербскае насельніцтва стала ахвяраю масавых забойстваў у Сысаке і Госпічы.

Але найбольш вядомым прыкладам ваенных злачынстваў стала Вукаварская разня ў лістападзе 1991 году. Горад Вукавар быў узяты сербскімі фармаваннямі пасля трох месяцаў аблогі. Мірныя жыхары хаваліся ад вайны ў мясцовым шпіталі. Пасля таго, як горад быў заняты, сербы не дазволілі ім эвакуявацца: яны сілай пагрузілі пацыентаў і ўцекачоў у аўтобусы, адвезлі ў лес і расстралялі. Не менш за 264 асобы былі забітыя і пахаваныя ў братэрскай магіле. Сярод ахвяраў былі старыя, падлеткі і жанчыны.

У 2007 годзе Міжнародны трыбунал прысудзіў адказных за гэтыя злачынства сербскіх вайскоўцаў да розных тэрмінаў зняволення. У прыватнасці, генерал Міле Мыркшыч быў пакараны 20 гадамі турмы.

Аблога, генацыд і этнічныя чысткі ў Босніі

Баснійская вайна стала самай крывавай з усіх югаслаўскіх канфліктаў – там загінулі не менш за 100 тысяч чалавек. Канфлікт суправаджаўся этнічнымі чысткамі, масавымі забойствамі і згвалтаваннямі, бязладнымі абстрэлам паселішчаў.

З 1992 да 1996 года працягвалася аблога Сараева сербскімі ўзброенымі фармаваннямі. Цягам 3,5 года горад трываў артылерыйскія і мінамётныя абстрэлы, сербскія снайперы мэтанакіравана адстрэльвалі мірных жыхароў. Горад перажыў сапраўдную гуманітарную катастрофу: не хапала ежы, вады і медыкаментаў, былі праблемы з электрычнасцю. Паводле афіцыйных звестак, падчас аблогі загінулі 11,5 тысячы чалавек, больш за 56 тысяч атрымалі раненні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Боснія адзначае 26-ю гадавіну генацыду ў Срэбраніцы, 11 ліпеня 2021 г.
Фота: Armin Durgut / PIXSELL / Forum

Летам 1995 года сербскія падраздзяленні пад кіраўніцтвам генерала Ратка Младыча захапілі Срэбрэныцу – мусульманскі анклаў пасярод кантраляванай сербамі тэрыторыі. Рада ААН абвесціла Срэбрэныцу «зонай бяспекі», туды ўвайшлі галандскія міратворцы. Але калі Младыч распачаў наступ на Срэбрэныцу, то міратворцы (іх было ўсяго 600 чалавек і яны не мелі цяжкога ўзбраення) не супраціўляліся.

Сербы лічылі, што Срэбрэныца выкарыстоўваецца баснійскімі мусульманамі як плацдарм для супраціву, таму Младыч распачаў у анклаве мэтанакіраванае знішчэнне мясцовага насельніцтва. Ад 7 да 8 тысяч мусульманскіх хлопчыкаў і мужчынаў ва ўзросце ад 10 да 65 гадоў былі забітыя. Разня ў Срэбрэныцы прымусіла Захад да актыўных дзеянняў: NATO зладзіла шэраг авіяўдараў, чым вымусіла сербаў пайсці на падпісанне мірнай дамовы.

Разня ў Срэбрэныцы стала самым масавым забойствам цывільнага насельніцтва ў Еўропе з часу Другой сусветнай вайны. Міжнародны трыбунал прызнаў гэтыя дзеянні генацыдам. Але пераследаваць вінаватых у масавых забойствах у Срэбрэныцы пачалі толькі пасля падзення ў 2000 годзе рэжыму Слабодана Мілошэвіча. Ратка Младыч і шэраг іншых камандзіраў найвышэйшага звяна аказаліся на лаве падсудных у Гаазе (Младыч атрымаў пажыццёвы тэрмін зняволення). Прысуды ўдзельнікам злачынства выносілі таксама і сербскія суды.

За ваенныя злачынствы ў Босніі былі адказныя не толькі сербы. Харвацкія ўзброеныя фармаванні ў 1992–1993 гадах зладзілі этнічныя чысткі ў даліне Лашвы – да 2000 тысяч баснійскіх мусульманаў былі забітыя або зніклі без вестак. Адказны за гэтыя злачынствы Дар’ё Кордыч трапіў на лаву падсудных і быў пакараны 25 гадамі зняволення.

«Ваенна-паліцэйская аперацыя» ў Косава

У 1998 годзе атрады косаўскіх албанцаў распачалі ўзброеную барацьбу за незалежнасць Косава ад Югаславіі. У адказ Бялград арганізаваў у рэгіёне вайскова-паліцэйскую аперацыю для «аднаўленню канстытуцыйнага парадку», падчас якой пераследаваліся не толькі ўзброеныя сепаратысты, але і мірных жыхары.

Напрыклад, падчас спецаперацыі югаслаўскіх сілавікоў для ліквідацыі аднаго з лідараў «Армія вызвалення Косава» ў рэгіёне Дрэныца былі забітыя 82 чалавекі, у тым ліку 24 жанчыны і дзіця. Вайскова-паліцэйская аперацыя прывяла да таго, што каля 230 тысяч косаўскіх албанцаў былі вымушаныя стаць уцекачамі.

Найбольшы рэзананс мела разня ў вёсцы Рачак. У студзені 1999 года падчас рэйду югаслаўскіх сілавікоў там расстралялі 45 мірных жыхароў. Забойствы ў Рачаку сталі апошняй кропляй для Захаду: асцерагаючыся, што дзеянні ўладаў Югаславіі скончацца новай Срэбрэныцай, NATO прыняло рашэнне аб бамбаванні Бялграду. У выніку аперацыя Альянсу прымусіла Слабодана Мілошэвіча вывесці войскі з Косава.

Ваенныя злачынства Расеі ў Чачэніі

Падчас першага канфлікту (1994–1996) вялікі рэзананс набыла так званая разня ў Самашках, якую зладзілі падраздзяленні МУС Расеі 7–8 красавіка 1995 года.

7 красавіка расейскія сілавікі ўвайшлі ў паселішча, дзе мелі невялікі бой з групай чачэнскіх байцоў. Абодва бакі панеслі страты, чачэнцы былі вымушаныя адступіць. Пасля таго, як расейцы ўзялі паселішча пад кантроль, у ім была праведзена «зачыстка» з мэтай знайсці зброю і чачэнскіх байцоў, якія маглі хавацца ў мясцовых жыхароў. Падчас «зачысткі» расейскія сілавікі забівалі цывільных і падпальвалі дамы. Агулам у выніку аперацыі МУС загінулі не менш за 103 жыхары Самашкаў. Адказнасці за расправы ніхто не панёс.

Ваенныя злачынствы падчас Другой чачэнскай вайны набылі яшчэ большыя маштабы: тады ў Расеі імкліва набіралі сілу аўтарытарныя тэндэнцыі, і вайскоўцы мелі ўстаноўку дзейнічаць максімальна жорстка, не азіраючыся на магчымы грамадскі рэзананс.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жыхары Новых Алдоў стаяць у чарзе, каб узяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах. 27 студзеня 1997 г.
Фота: Reuters Photographer / Reuters / Forum

Самым гучным ваенным злачынствам той вайны стала «зачыстка» паселішча Новыя Алды 5 лютага 2000 года. Новыя Алды – буйное паселішча на ўскраіне Грознага, якое ў канцы 1999 года ўзялі ў аблогу і штурмавалі расейскія вайскоўцы. Паселішча падчас тых баёў неаднойчы абстрэльвалася, хаця чачэнскіў байцоў там не было. 5 лютага ў Новыя Алды ўвайшлі байцы санкт-пецярбургскага АМАПу. Паводле праваабарончага цэнтру «Мемарыял», амапаўцы забілі як мінімум 56 (паводле іншых звестак – да 82) мірных жыхароў: старых, людзей з інваліднасцю, жанчын, дзяцей. Забівалі цэлымі сем’ямі: у сям’і Эстаміравых загінулі муж з цяжарнай жонкай на 9-м месяцы, іхны сын, якому быў адзін год, ягоныя дзядзька і дзядуля. Многія дамы былі разрабаваныя і спаленыя.

За масавае забойства ніхто адказнасці не панёс, належнага расследавання расейскія ўлады не правялі. У сваю чаргу Еўрапейскі суд правоў чалавека вынес шэраг рашэнняў у справе аб разні ў Новых Алдах, сваякам загінулых былі выплачаны сотні тысяч еўраў кампенсацыі.

Розніца паміж Самашкамі і Новымі Алдамі добра ілюструе эвалюцыю паводзінаў расейскіх вайскоўцаў у Першай і Другой чачэнскіх войнах. У Самашках сапраўды былі ўзброеныя чачэнскія байцы. Масавым забойствам цывільных там папярэднічала ўзброенае сутыкненне, таму злачынства можна было хаця б часткова патлумачыць «станам афекту». А ў Новых Алдах чачэнскіх байцоў не было, а «зачыстку» праводзілі сілавікі, якія перад гэтым не вялі баёў, а перабывалі ў тыле. Праваабаронцы казалі пра тое, што аперацыя ў Новых Алдах фактычна была арганізаванай карнай аперацыі.

Падчас Другой чачэнскай вайны расейскае вайсковае кіраўніцтва на самых высокім узроўні дэкларавала прынцып, паводле якога для іх няма розніцы паміж чачэнскімі байцамі і мірнымі жыхарамі. Камандуючы 58-й расейскай арміяй Уладзімір Шаманаў заяўляў журналістам, што жонак і дзяцей «бандытаў» ён таксама лічыць «бандытамі», а «бандытаў» трэба знішчаць. У кастрычніку 1999 года генерал Шаманаў заблакаваў выхад уцекачоў з зоны баявых дзеянняў, а калі яны разгарнуліся і пачалі вяртацца, то па калоне ўцекачоў нанеслі авіяўдары – тады ля паселішча Шаамі-Юрта загінулі дзясяткі мірных чачэнцаў.

Hавiны
«Гэта пекла, якое трэба задакументаваць». З Кіеўшчыны вывезлі 410 целаў забітых мірных жыхароў
2022.04.03 21:35

РР belsat.eu

Стужка навінаў