Святлана Ціханоўская павіншавала вернікаў з Вялікаднем і нагадала пра палітвязняў

Святлана Ціханоўская апублікавала відэазварот, у якім павіншавала каталіцкіх і пратэстанцкіх вернікаў з Вялікаднем.

Ціханоўская адзначыла, што апошнія месяцы ўвесь беларускі народ праходзіць праз выпрабаванні, а асобныя героі – праз сапраўдныя пакуты.

«Нас быццам бы хочуць упэўніць, што свабоды не будзе і свята не наступіць, што справядлівасці няма, а ёсць толькі сіла. Але нас зноў і зноў натхняюць тыя, каму цяпер цяжэй за ўсё, – асабліва нашыя сябры ў турмах і на судах. Такія людзі, як Мікола Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі альбо Кацярына Андрэева, паказваюць, што праўда не можа быць на баку тых, хто злоўжывае сілай, яны не губляюць надзеі на перамогу», – падкрэсліла яна.

Ціханоўская адзначае, што шмат якія беларускія вернікі гэтак жа цвёрда трымаюцца сваіх прынцыпаў:

«Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч асудзіў гвалт і за гэта доўгі час правёў у выгнанні. Але ён не адмовіўся ад сваіх словаў і пры падтрыманні беларускіх каталікоў вярнуўся на радзіму, дзе працягвае заклікаць да дыялогу, каб развязаць цяперашні крызіс. У евангельскай царквы «Новае жыццё» сілаю забралі будынак, але гэтая супольнасць не згадзілася з несправядлівасцю і ўжо другі месяц працягвае забірацца на малітву на вуліцы».

Святлана Ціханоўская заклікала і астатніх вернікаў, «у тым ліку біскупаў, святароў і пастараў не баяцца зло назваць злом і прамаўляць праўду ўголас».

«Мы працягнем мірна, але настойліва патрабаваць спынення гвалту, вызвалення ўсіх нявінна асуджаных і правядзення новых свабодных выбараў. Мы ведаем, што справядлівасць існуе, і мы ўбачым, як яна вернецца ў нашыя гарады. Вясна ўжо прыйшла, а за ёю прыйдуць і замены ў Беларусі», – кажа яна.

Каталікі рыхтуюцца да святкавання Уваскрасення Хрыстовага

ІІ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны