Шматгадовы вядоўца «Славянскага базару» ад Украіны адмовіўся ехаць у Віцебск


Вядоўца Цімур Мірашнічэнка.
Фота: life.liga.net

Украінскі каментатар, журналіст і вядоўца Цімур Мірашнічэнка адмовіўся ехаць на фестываль з палітычных матываў. Яго заменіць тэлевядоўца Андрэй Даманскі, паведамляюць «Народныя навіны Віцебску».

Мірашнічэнка быў вядоўцам музычнага форуму ў Віцебску больш за дзесяць гадоў. На ягоную думку, сітуацыя ў Беларусі напружылася настолькі, што песенны фестываль не зможа застацца ўбаку ад палітыкі. Гэта і стала прычынай рашэння не ўдзельнічаць сёлета ў «Славянскім базары».

Цяпер у афішы «Славянскага базару» значыцца Андрэй Даманскі, тэлевядоўца ўкраінскага каналу «Інтэр», дзе ён вядзе кулінарнае шоу і шоу талентаў.

Вядоўца Андрэй Даманскі
Фота: mediananny

З Даманскім звязаны скандал: той у 2018 годзе ў падводцы да святочнага канцэрту да 9 траўня заявіў, што нельга дазволіць называць украінскія вуліцы імёнамі фашысцкіх злачынцаў і насіць іхныя партрэты падчас факельнага шэсця ў Кіеве. Праз гэта прадстаўнікі партыі «Національний корпус» і арганізацыі «Національні дружини» пікетавалі будынак тэлеканалу.

З праграмы «Славянскага базару ў Віцебску» зніклі Аляксандр Іваноў з гуртом «Ронда» і Наташа Каралёва (канцэрт «Залаты гіт»), а таксама Міхаіл Галусцян (гала-канцэрт закрыцця фестывалю). У той жа час украінская спявачка Maruv дагэтуль застаецца ў афішы фестывалю, хоць раней паведамлялася і аб ейнай адмове ад удзелу.

Раней ад удзелу адмовіліся Алег Віннік, Эліна Івашчанка, спявак з Казахстану Дзімаш Кудайберген, зорка з Грузіі Вахтанг Кікабідзэ, расейскія артысты Стас П’еха, Аляксандр Буйноў, Аніта Цой, Зара, Аліна Артц, Сяргей Пенкін, Emin, ізраільскі джазмен Леанід Пташка.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў