Папа Рымскі заклікаў не губляць надзею ў «змрочныя месяцы» пандэміі


Папа Францішак падчас вялікоднай імшы.
Фота: vaticannews.va

Папа Рымскі Францішак адслужыў святочную велікодную імшу ў саборы Святога Пятра ў Рыме, на якой прысутнічала малая колькасць вернікаў. Такое адбываецца другі раз з прычыны каронавірусных абмежаванняў, паведамляе радыё «Deutsche Welle».

«У гэтыя змрочныя месяцы пандэміі давайце паслухаем Уваскрослага Пана, які прапануе нам пачаць усё спачатку і ніколі не губляць надзеі», – адзначыў пантыфік.

Набажэнства змаглі наведаць толькі 200 чалавек, астатнія маглі глядзець яго онлайн. Звычайна Папа Рымскі служыць імшу на плошчы перад саборам, дзе збіраюцца да ста тысяч пілігрымаў з усяго свету.

Папа Рымскі звярнуўся да сусветных лідараў з заклікам паспрыяць як мага хутчэйшаму размеркаванню вакцынаў супраць COVID-19, асабліва сярод жыхароў бедных краінаў. Ён назваў абуральным і недапушчальным марнаваць падчас пандэміі дзяржаўныя сродкі на вайсковыя патрэбы і ваенныя канфлікты.

Таксама Францішак праз традыцыйнае пасланне «Urbi et Orbi» («Гораду і свету») дабраславіў вернікаў і згадаў важныя сусветныя праблемы: «Пандэмія яшчэ не скончылася, тады як сацыяльны і эканамічны крызісы застаюцца вельмі сур’ёзнымі, асабліва для бедных».

Ён памаліўся за выздараўленне хворых, выказаў словы падтрымання тым, хто страціў блізкіх, а таксама тым, хто праз крызіс застаўся без працы і заробку. Францішак падзякаваў медыкам за іхную працу ва ўмовах пандэміі і асобна выказаў падтрыманне школьнікам і студэнтам, якія часова пазбаўленыя магчымасці наведваць заняткі ў класах.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў