Лукашэнка абяцаў: калі стане прэзідэнтам, палякі будуць мець столькі школаў, колькі неабходна. Гісторыя Саюзу палякаў Беларусі


Марына Цішкоўская, Анджаліка Борыс і Ірэна Бярнацкая.
Фота: Barbara Kalczyńska / Facebook

У першыя дні красавіка стала вядома, што арыштаваным сябрам Рады Саюзу палякаў Беларусі, самай буйной грамадскай і нацыянальнай арганізацыі ў краіне, выставілі абвінавачанне: «распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай варожасці» і «рэабілітацыя нацызму». Ім пагражае ад 5 да 12 гадоў зняволення. Анджаліка Борыс, Анджэй Пачобут, Ірэна Бернацкая, Марына Цішкоўская і Ганна Панішава (апошняя не з’яўляецца сябрам СПБ) абвешчаныя палітвязнямі.

Не прызнаны ўладамі Саюз палякаў Беларусі зазнаваў ціск увесь час свайго існавання, а цяпер справа дайшла да крымінальнага пераследу і сур’ёзнага міжнароднага канфлікту. Варта адразу адзначыць: палякі Беларусі – паўнапраўныя грамадзяне нашай краіны, аднак ім адмаўляюць у канстытуцыйным праве вывучаць уласную мову, ведаць, шанаваць сваю гісторыю і нацыянальную культуру.

Вобраз паляка-ворага, які цяпер ствараецца ўладамі Беларусі, – рэч не новая. Яшчэ ў савецкі час у СМІ, гісторыі і літаратуры польскасць паказвалася як нешта варожае. СССР даўно няма, але адгалоскі той ідэалогіі чуваць да гэтай пары. Распавядаем, чаму ў Беларусі існуе два саюзы палякаў, якая роля беларускіх нацыяналістаў у польскім адраджэнні ў 1990-х і адкуль ва ўладаў Беларусі антыпольскія настроі.

БССР: ад асіміляцыі да перабудовы

Палітыка Савецкага Саюзу была скіраваная на тое, каб інтэграваць польскую нацыянальную меншасць у савецкае грамадства. У школах БССР польская мова не выкладалася, у краіне не было ніякіх польскіх арганізацыяў – практычна адбывалася прымусовая асіміляцыя, усё рабілася дзеля таго, каб палякі не ведалі ўласнай нацыянальнай мовы, культуры, гісторыі.

Сітуацыя пачала змяняцца з сярэдзіны 1980-х падчас перабудовы, калі людзі сталі паступова разнявольвацца і свабодна выказваць свае погляды. Жыхары БССР польскай нацыянальнасці атрымалі магчымасць адстойваць права палякамі звацца: са з’яўленнем у 1989 годзе «Закону аб мовах» у Беларусі стала магчымым вучыцца ў школе на польскай мове, у 1990 годзе выйшаў Закон аб грамадскіх арганізацыях у СССР.

Офіс СПБ у Горадні.
Фота: Белсат

У 1988 годзе ў Беларусі ствараецца першае на абшарах СССР Польскае культурнае таварыства імя Адама Міцкевіча. За два гады ў БССР з’явілася некалькі дзесяткаў мясцовых польскіх грамадскіх арганізацыяў, асноўнай мэтай якіх было польскае нацыянальнае адраджэнне ў Беларусі. 16 чэрвеня 1990 года на базе ўсіх раней створаных польскіх арганізацыяў паўстаў Саюз палякаў у Беларусі. Гэтая падзея завяршыла перыяд самаарганізацыі палякаў у Беларусі.

Ад самага пачатку стварэння саюзу яму ўсяляк перашкаджалі. У дзейнасць арганізацыі ўвесь час спрабаваў умешвацца Гарадзенскі абласны камітэт КПБ, які імкнуўся ўзяць працу саюзу пад кантроль свайго ідэалагічнага аддзелу. Праз некалькі месяцаў пасля паўстання СПБ яго праверкай занялася пракуратура БССР. Вынікам стала пастанова, што за дзейнасцю польскага руху неабходны пастаянны кантроль і нагляд з боку савецкіх і праваахоўных органаў.

Пачатак 1990-х: найбольш бурлівы і паспяховы перыяд для СПБ

СПБ ад пачатку працаваў над тым, каб у Беларусі з’явіліся польскія школы і польскамоўная адукацыя. Такая магчымасць паўстала падчас кароткай адлігі, некалькі першых гадоў, калі Беларусь здабыла незалежнасць. У той момант удалося атрымаць палітычнае рашэнне ўладаў Беларусі на будаўніцтва за кошт бюджэту Польшчы дзвюх польскіх школаў: адной у Горадні, другой – у Ваўкавыску. Беларуская дзяржава са свайго боку абавязалася пабудаваць другую польскую школу ў Горадні за свой кошт, аднак пазней, у 1995 годзе, улады сказалі, што грошай на гэта няма.

Польская школа ў Горадні.
Фота: Белсат

СПБ за гэты кароткі час паспеў выбудаваць добрыя стасункі з Вярхоўным Саветам. У 1992 годзе ў Менску кіраўніка СПБ Тадэвуша Гавіна з дэлегацыяй прыняў старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч. У 1993–1994 гады да палякаў у Горадню прыязджалі міністры адукацыі і культуры, міністр інфармацыі ды іншыя чыноўнікі. Саюз палякаў быў арганізацыяй, з якой лічыліся і да меркавання якой прыслухоўваліся.

Аляксандр Мілінкевіч, Сямён Домаш, Генрых Крупенка займалі ў той час у Горадні кіроўныя пасады і спрыялі беларуска-польскай супрацы. Актыўна дапамагаў палякам на пачатку стварэння арганізацыі гарадзенскі пісьменнік і грамадскі дзеяч Аляксей Карпюк.

Калі паўстала праблема з будаўніцтвам польскай школы ў Горадні, польскія актывісты ў 1995 годзе арганізавалі мітынг, падтрымаць іх прыйшла цэлая плошча беларусаў. Палякі са свайго боку падтрымлівалі мітынгі беларусаў.

Фота: Белсат

БНФ тады быў надзвычай уплывовай арганізацыяй, з меркаваннем якой лічыліся. І калі б БНФ падтрымаў улады (да чаго яны заклікалі), развязанне важных для палякаў пытанняў, звязаных з адкрыццём польскамоўных школаў, было б практычна немагчымым. Улады ўвесь час спрабавалі пераканаць беларусаў у тым, што нельга адраджаць польскамоўную адукацыю, калі яшчэ не наладжанае навучанне на беларускай мове. Аднак БНФ падтрымліваў імкненне палякаў да адраджэння, а Зянон Пазняк нават прысутнічаў на адкрыцці польскай школы ў Горадні.

Падчас выбараў у 1994 годзе СПБ паўстаў перад выбарам: галасаваць за Шушкевіча ці Пазняка. У выніку вырашылі, што беларусы адраджаюцца, таму ім неабходны такі лідар, як Зянон Пазняк, палякі ж будуць салідарнымі. Як вядома, Заходняя Беларусь, пераважна каталіцкая, у першым туры прагаласавала за Пазняка.

СПБ і Лукашэнка

Саюз палякаў ніколі не быў прыхільнікам Аляксандра Лукашэнкі. Ён прыязджаў у СПБ падчас сваёй першай перадвыбарчай кампаніі, і пасля сустрэчы з актывам казаў, што палякі не будуць за яго галасаваць. Але разам з тым ён паабяцаў, што калі зробіцца прэзідэнтам, палякі будуць мець столькі школаў, колькі ім неабходна. Гэта не было выканана.

Тадэвуш Гавін і Аляксандр Лукашэнка. 17 красавіка 1994 г.
Фота: Tadeusz Gawin / Facebook

Тое, што ў Горадні адкрылася польская школа ў 1996-м, пасля ў Ваўкавыску ў 1999-м, адбылося толькі пад уплывам грамадскага ціску: палякі ладзілі маніфестацыі ў Горадні, пікеты ў Наваградку, Ваўкавыску. Палітычная заангажаванасць СПБ прыносіла плён, уладам даводзілася лічыцца з саюзам, ісці яму на саступкі. Дзякуючы гэтаму стала магчымым адкрыццё 16 дамоў польскай культуры і рэалізацыя шмат якіх іншых культурна-адукацыйных праектаў.

Консульскі аддзел амбасады Польшчы ў Горадні. Афіцыйная Варшава падтрымлівае незарэгістраваны Саюз палякаў Беларусі.
Фота: Белсат

Раскол Саюзу палякаў

Калі Саюз палякаў быў згуртаваны, ён няспынна выстаўляў уладам патрабаванні. Каб аслабіць арганізацыю, улады зладзілі сапраўдную спецаперацыю.

У 2000 годзе ў кіраванне Саюзу прыйшоў Тадэвуш Кручкоўскі. Ён адразу заявіў, што не будзе супрацоўнічаць з беларускімі палітычнымі партыямі, апазіцыйнымі арганізацыямі. Яго залагоджвальная палітыка прывяла да застою ў арганізацыі, дзеля польскага пытання практычна нічога не рабілася.

«Перыяд з 2000 да 2005 года быў найгоршы ў дзейнасці СПБ. Тадэвуш Кручкоўскі адмовіўся ад шмат якіх жыццёва важных ініцыятываў Саюзу, якія раней былі зацверджаныя на нашых зʼездах. Больш за тое, ён практычна падпарадкаваў арганізацыю ўладам Беларусі», – распавядае «Белсату» Тадэвуш Гавін, заснавальнік і першы кіраўнік СПБ.

Анджэй Пачобут.
Фота: Анджэй Пачобут / Facebook

Ён кажа, што СПБ тады страціў незалежнасць у вырашэнні задачаў, звязаных з польскім адраджэннем у Беларусі. Цяпер улады вырашалі, што добра, а што дрэнна для арганізацыі і польскай нацыянальнай меншасці ў краіне. Арганізацыя перастала быць самакіравальнай. Такому стану запрацівілася група маладых і актыўных дзеячаў СПБ: Анджэліка Борыс, Анджэй Пісальнік, Анджэй Пачобут, Анджэй Кусельчук, Веслаў Кеўляк, Юзэф Пажэцкі, Мечыслаў Яскевіч ды іншыя. На чарговым зʼездзе 12 сакавіка 2005 года дэлегаты абралі на пасаду старшыні СПБ Анджэліку Борыс.

«Гэта была параза не толькі Тадэвуша Кручкоўскага, але і параза ўладаў – як у Менску, так і ў Горадні. Улады не хацелі аддаваць ужо падпарадкаваную арганізацыю ў рукі, як яны лічылі, чужога ім чалавека. Насуперак беларускаму заканадаўству ўлады ўмяшаліся ў справы грамадскай арганізацыі і адмянілі рашэнне зʼезду. Праз некалькі месяцаў правялі ўласны зʼезд (ён прайшоў 27 жніўня ў Ваўкавыску. – Аўт.) і прызначылі старшынёй падначаленага сабе Юзэфа Лучніка», – згадвае Тадэвуш Гавін.

Такім чынам, умяшанне ўладаў стварыла сітуацыю, пры якой дзеяў адзін Саюз палякаў у Беларусі і два яго кіраўніцтвы: адно на чале з Анджэлікай Борыс, другое – з Юзэфам Лучнікам. Польшча прызнала кіраўніцтва Борыс, а ўлады Беларусі – Лучніка.

Партрэты старшыні СПБ Анжалікі Борыс і журналіста, сябра Рады СПБ Анджэя Пачобута на фасадзе прэзідэнцкага палацу ў Варшаве.
Фота: Stanisław Dziemianko / facebook

Пераважная большасць аддзелаў СПБ і яго чальцоў засталіся верныя Анджэліцы Борыс і з ёй працягвалі працаваць далей. Улады ў сваю чаргу адабралі ў Борыс Дамы польскай культуры і друкаваныя органы «Głos znad Niemna» і «Magazyn Polski», якія ўжо праз некалькі месяцаў спынілі існаванне.

У ліпені 2005 года праявілася сапраўдная салідарнасць самых уплывовых на той час палітычных сілаў (БНФ і АГП) з СПБ, калі міліцыя і спецслужбы гвалтоўна выселілі Галоўнае праўленне Саюзу палякаў на чале з Борыс з яго адміністрацыйнага будынку. Вінцук Вячорка, Анатоль Лябедзька і Аляксандр Мілінкевіч выступілі з заявай, у якой выказалі падтрыманне СПБ і Борыс ды асудзілі дзеянні ўладаў.

«Рэжымоўцы сёння – цалкам фармальная структура, якую паказваюць афіцыйным асобам: маўляў, паглядзіце, у нас ёсць польскія арганізацыі. Але фактычна афіцыйны Саюз палякаў нічога не робіць і не стварае. Яны забралі ўсю нашую маёмасць, 16 дамоў польскіх, усё, што мы назапашвалі. Гэтая маёмасць усе гэтыя гады не выкарыстоўваецца паводле прызначэння», – адзначае Тадэвуш Гавін.

З таго часу СПБ на чале з Анджэлікай Борыс больш не магло легальна праводзіць дзейнасць у кірунку актыўнага адраджэння польскамоўнай адукацыі ў Беларусі. Нягледзячы на сталы ціск з боку ўладаў, сёння незалежны СПБ налічвае 120 структураў у Беларусі, больш за 20 тысяч чальцоў. Кожнае аддзяленне арганізацыі ладзіць у сваіх гарадах разнастайныя культурніцкія імпрэзы і конкурсы. Праўладная ж польская арганізацыя не толькі не прасунулася наперад у справе польскага адраджэння, але і страціла тое, што прыўласціла.

СП belsat.eu

Стужка навінаў