Вайна ва Украіне. Падсумоўваем падзеі дзявятага дня


«Белсат» падводзіць вынікі дзявятага дня поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі пятніцы, 4 сакавіка, чытайце ў нашым аглядзе.

Горлаўка пасля абстрэлу. Хто дакладна атакаваў населены пункт, які знаходзіцца на кантраляванай праз «ДНР» тэрыторыі, сказаць цяжка: абодва бакі падаюць супрацьлеглую інфармацыю і перакладваюць адказнасць адзін на аднаго. Горлаўка, Украіна. 2 сакавіка 2022 года.
Фота: Stringer / Белсат

Ва Украіне

Больш за 1 200 000 украінцаў пакінулі свае дамы і шукаць прытулку за мяжой у выніку 9 дзён вайны Расеі з Украінай.

Украіна падлічыла страты расейскіх войскаў у выніку вайны: 9166 чалавек, 251 танк, 33 самалёты, 37 верталётаў, 939 адзінак бронетэхнікі. Расея не пацвярджае, але і не абвяргае гэтыя лічбы. Трэці дзень у Расеі не абнаўляюць дадзеныя па забітых расейскіх салдатах.

Расейскія войскі атакавалі Запарожскую АЭС – найбуйнейшую атамную станцыю ў Еўропе.

Каментар
Першы ў гісторыі сілавы захоп АЭС: што будзе далей?
2022.03.04 15:25

Падчас штурму загінулі тры ўкраінскія вайскоўцы, яшчэ двое атрымалі раненні. На тэрыторыі станцыі пачаўся пажар – на адным з дапаможных будынкаў, трэнавальным цэнтры на пляцоўцы станцыі. Цяпер Запарожская АЭС пад кантролем Расеі, але персанал кантралюе працу энергаблокаў.

У Харкаве знішчылі «Град», які ўчора абстрэльваў раён Паўночная Салтаўка.Паводле інфармацыі ўкраінскага боку, агулам з пачатку вайны ў Харкаве знішчана ўжо каля 500 адзінак тэхнікі расейскіх войскаў.

Гарады Херсон і Мелітопаль можна лічыць акупаванымі ці часткова акупаванымі: расейскія войскі ўвайшлі ў гарады, але і мясцовая ўлада і жыхары працягваюць пратэставаць супраць варожай агрэсіі і захопу іх гарадоў. Расейскія войскі адключаюць украінскую мабільную сувязь, з’явіліся паведамленні, што падвозяць аўтобусамі жыхароў Крыму, якіх плануюць задзейнічаць у «прарасейскім мітынгу». У гэтых гарадах пачало вяшчаць расейскае тэлебачанне.

4 сакавіка расейскія войскі спрабавалі ўварвацца ў Мікалаеў, але атака была адбітая. Абласныя ўлады, асцерагаючыся атакі ворага, закрылі акваторыю двух рэк.

Аналітыка
Ад гуманітарнай дапамогі да беларускіх атрадаў: як беларусы могуць дапамагчы (і ўжо дапамагаюць) украінцам на вайне
2022.03.04 13:45

У гэты ж дзень украінскія вайскоўцы збілі два самалёты расейскіх агрэсараў – над Валнавахай і над адэскай Затокай.

У сяле Мархалаўка (Фасціўскі раён Кіеўскай вобласці) былі абстраляныя прыватныя дамы, прынамсі 8 з іх загарэліся. У выніку загінулі 5 чалавек.

У баях за горад Бучу (Кіеўская вобласць) загінуў беларускі добраахвотнік Ілля «Ліцвін». Ён уваходзіў у склад беларускай роты «Азова». Учора падчас бою Ілля атрымаў раненне, яму зрабілі аперацыю, аднак выратаваць не змаглі.

Украінскія валанцёры запусцілі сайт для беларусаў, якія могуць трапіць на вайну. На адной старонцы сайту «Застанься дома» яны выклалі аргументы, чаму беларускім вайскоўцам лепш пайсці пад трыбунал чым пайсці супраць Украіны.

Аналітыка
Што вядома пра страты Украіны і Расеі ў вайне?
2022.03.04 19:38

У Расеі

Каманда Аляксея Навальнага анансавала ўсеагульны мітынг супраць вайны ва Украіне, які прызначаны на 6 сакавіка а 14:00 па ўсёй краіне.

Крэмль адмовіўся ад прамой размовы прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. У Крамлі сцвярджаюць, што РФ таксама не адмаўляецца ад патрабаванняў так званай «дэнацыфікацыі».

У Расеі прынялі закон аб крымінальнай адказнасці за «фэйкі» аб дзеяннях арміі. Ужо вядома, якая будзе адказнасць за парушэнне новага закона: штрафы да 1,5 мільёна рублёў і турэмнае зняволенне да 10 год у залежнасці ад цяжкасці так званага злачынства.

Аналітыка
Беспалётнай зоны над Украінай пакуль не будзе. Што гэта значыць і чаму гэта вельмі важна
2022.03.04 17:33

У свеце

Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што альянс не збіраецца закрываць неба над Украінай. У гэты ж час NATO працягне падтрымку Украіны, але не будуць удзельнічаць у ваенным канфлікце шляхам прадастаўлення наземных войскаў. Мяркуецца, што такія крокі могуць прывесці да далейшай эскалацыі канфлікту.

Кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Мар’яна Гроссі заявіў, што хоча наведаць Чарнобыль, каб дамовіцца пра спыненне далейшых атак на атамныя электрастанцыі.

Каралева Вялікай Брытаніі Лізавета II зрабіла вялікае ахвяраванне ў фонд дапамогі ўкраінскім бежанцам. Канкрэтная сума ахвяравання не ўдакладняецца, але сабраныя сродкі пойдуць на выдзяленне ўкраінскім уцекачам ежы, вады, медыкаментаў, адзення і жылля.

Кампанія Microsoft прыпыняе продаж тавараў і паслуг у Расеі, вырабнік сеткавага забеспячэння Cisco Systems Inc скончыў дзейнасць у РФ і РБ.

Мітынг у падтрымку Украіны адбыўся ў Вашынгтоне перад Белым домам.

Шматтысячны мітынг у падтрымку Украіны адбываецца ў цэнтры Тбілісі.

Фота
«Russians go home!» Беларусы ва ўсім свеце пратэстуюць супраць вайны
2022.03.04 19:29

ВК belsat.eu

Стужка навінаў