Святлана Ціханоўская: «Нам яшчэ доўга прыйдзецца вяртаць нашае добрае імя»


«Белсат» паразмаўляў з лідаркаю дэмакратычных сілаў Беларусі.

Святлана Ціханоўская.
Фота: КК / Белсат

Палітычная дзяячка Святлана Ціханоўская працягвае сазвоньвацца з беларусамі – падтрымаць і адказаць на пытанні. Нам таксама ўдалося пагутарыць з камандай і ёю асабіста.

– Людзі часам пытаюць: дзе Ціханоўская наагул, што робіць, чаму так мала?

– Я так шмат пішу відэа, даю інтэрв’ю, што няма часу разбірацца з іншымі справамі.

– Ці трымаеце кантакты з замежнымі палітыкамі, каб даводзіць ім, што беларусы не агрэсары?

– Вядома. Мы камунікуем кожны дзень. Але гэта цяпер вельмі цяжка. Палітыкі разумеюць, што беларусы і Беларусь – гэта не адное і тое ж, а вось звычайныя людзі не разумеюць. Мы атрымалі запыт, каб папрацаваць з польскім урадам і каб высокапастаўленыя людзі Польшчы тлумачылі, што нельга здзекавацца з беларусаў праз іхную нацыянальнасць, бо яны таксама ахвяры гэтага рэжыму. Шыманіце [прэм’ер-міністрака Літвы Інгрыда Шыманіце. – Заўвага рэд.] такі зварот ужо зрабіла, і яе пачулі. Але, на жаль, нам яшчэ доўга прыйдзецца вяртаць нашае добрае імя.

Праца штабу Святланы Ціханоўскай.
Фота: КК / Белсат

– Спадар Кавалеўскі (кіраўнік Кабінету, прадстаўнік у міжнародных справах Офісу Ціханоўскай) пісаў, што ў беларусаў шмат праблемаў з дакументамі. Ці ёсць надзея, што Офіс Ціханоўскай будзе выдаваць свае пашпарты беларусам?

Гэтая тэма вельмі важная, асабліва ў Польшчы, ва Украіне і ў Нямеччыне, дзе найбольш беларусаў жыве. Зрабіць уласныя дакументы на сёння нам вельмі праблематычна, але цяпер, праз тое, што ў Святланы Ціханоўскай новы статус [прадстаўніца беларускага народу. – Заўвага рэд.], што ствараецца новы кабінет [ствараецца незалежны ўрад. – Заўвага рэд.], які мусіць атрымаць міжнароднае прызнанне, мы будзем імкнуцца стварыць такую магчымасць і прастору, якая дазволіць нам узяць на сябе такую функцыю. Гэта не абяцанне, але мы над гэтым працуем, гэта вельмі складаная задача. Мы бачым і гаворым нашым міжнародным партнёрам, што беларуская дзяржава фактычна адмовілася ад сваіх функцыяў і беларускіх грамадзянаў. За беларусамі, якія застаюцца ў краіне ці зʼязджаюць, фактычна няма дзяржавы, якая пра іх клапоціцца, абароніць, дапаможа. Гэта вельмі складаная задача, але гэта тое, да чаго мы імкнемся: каб беларусы маглі атрымаць дапамогу і паслугі ў любым пункце свету. Мы пра гэта памятаем кожны дзень.

МГМ Belsat.eu

Стужка навінаў